Выбрать главу

— Вы — малады чалавек, капітан, але пяты год вы, безумоўна, помніце. Пра гэта мы не павінны забываць. Але я зайздрошчу вашаму аптымізму. Дай божа, каб у нас больш было такіх франтавікоў. А то часам i афіцэры раскісаюць. Вып'ем за ваш аптымізм, Усевалад Аляксандравіч!

Зноў-такі я добра запомніў словы, але, безумоўна, не ўсё зразумеў. Адно здзівіла. Прозвішча ЛЕНІН я чуў разоў колькі з вуснаў Івана Свірыдавіча. Але гаварыў ён пра Леніна як пра свайго настаўніка, які шмат чаму навучыў яго, рабочага, памог разабрацца ў складаным жыцці. Відаць, я не ўсё чуў ці салдат не ўсё пры мне казаў, але зразумеў я менавіта так, што Ленін — яго, Галадушкаў, асабіста знаёмы вучоны чалавек, разумны i добры, які без карысці для сябе перадаваў свае веды простаму рабочаму, як, да прыкладу, дзядзька Ціхан вучыў мяне гаспадарыць ці як вучыць капітан Залонскі армейскай службе ды іншай мудрасці. I раптам ад палкоўніка даведваюся, што Ленін не проста знаёмы Івана Свірыдавіча, што ён галоўны, як бы галоўнакамандуючы нейкай невядомай мне арміі бальшавікоў i што палкоўнік баіцца i гэтай арміі i самога Леніна, хоць i жыве той недзе далёка ў чужой краіне. (Пра Швейцарыю я ад афіцэраў чуў неаднойчы, ведаў, што яна не ваюе i называецца нейтральнай, што яна багатая i прыгожая.)

Нечаканае адкрыццё гэта яшчэ больш пераблытала думкі ў маёй галаве, у якой i без таго была каша. Перайначылася ўсё мае ўяўленне пра Івана Свірыдавіча. Быў проста добры, гаваркі, пісьменны салдат, які шмат ведаў i цікава ўмеў расказачь, за гэта яго любілі іншыя салдаты, i я цягнуўся да яго — свой чалавек, бо які б добры ні быў Залонскі, але ён пан, з ім ніколі мне не быць роўным. A такім, як Галадушка,— рабочым — я таксама магу стаць, абы захацеў ды не ленаваўся. А тут раптам, пасля таго, што пачуў я ад палкоўніка, Іван Свірыдавіч ператварыўся ў маім уяўленні ў нейкую загадкавую таямнічую асобу, Калі ён ведае Леніна i вучыўся ў яго, як казаў (а на хлуса ён не падобны), то, напэўна, i сам ён бальшавік.

Мяне разрывала ад цікаўнасці даведацца, што гэта за людзі — бальшавікі. Але ў каго спытаеш у вагоне? Па тым, як гаварылі паны афіцэры, я добра ўцяміў: у ix пра гэта не запытаеш, тым больш, што пачуў я ix размову за дзвярамі — нібы падслухоўваючы. Значыцца, прыйдзецца чакаць, пакуль вернемся ў батальён, бо спытаць можна толькі ў Івана Свірыдавіча,— адзін ён растлумачыць папраўдзе. Але i ён як бы аддаліўся ад мяне ў сваю таямнічасць: спалохала думка, што калі Ленін, настаўнік яго, хоча паражэння Расіі ў вайне, то Іван Свірыдавіч таксама хоча гэтага i робіць нешта такое, каб немцы перамаглі наш батальён, полк, армію. Але Іван Свірыдавіч i здрада — ніяк не сумяшчаліся. Хіба кінуўся б такі салдат першы ў атаку, як кінуўся Галадушка, калі немцы атакавалі нашы пазіцыі? Узводны Дакука лічыць Галадушку лепшым салдатам i хадайнічаў колькі разоў, каб прысвоіць яму унтэрафіцэрскае званне, даць аддзяленне. Здзіўляўся ўзводны, здзіўляліся я i салдаты, што прадстаўленне яго не ідзе далей штаба палка. Няўжо Залонскі, такі разумны, адукаваны, не хоча мець разумнага унтэр-афіцэра? Ці можа ў штабе ведаюць пра Івана Свірыдавіча нешта такое, чаго не ведае Дакука, не ведаю я?

Адным словам, Гомельскі вакзал i афіцэрская размова прымусілі мяне моцна задумацца над тым, што пачуў, убачыў, што робіцца навокал. Дзесяткі пытанняў, што варожыя салдаты, наступал! на мяне з усіх бакоў. I адказаў на ix не было. Я стаяў перад гэтым страшным войскам абяззброены, адзінокі, няўмелы.

Прыехалі раніцой. Паспешліва выходзячы з вагона, бо цягнік на той станцыі спыніўся мінут на пяць, не больш, капітан узлавана прабурчаў: «Свіння». Я здагадаўся, што ён вылаяў палкоўніка, які не прачнуўся, каб развітацца.

На маленысім пероне пад акацыямі капітана страчалі жонка i бацька. Пані Антаніну Сяргееўну я адразу пазнаў, бо штодня глядзеў на яе картачку, якая стаяла на століку ў бліндажы. I там я любаваўся яе прыгажосцю. Але жывая яна была яшчэ прыгажэйшая. Маленькая, з адмысловым стажком светлых валасоў, у бялюткім, як снег, плацці, у блакітнай, як неба, касынцы на шыі, з букецікам ярка-чырвоных кветаК у руцэ, пані здалася мне казачнай прынцэсай. Вельмі падабалася, што яна першая кінулася да мужа, абняла I заплакала гэтак, як плакал! нашы вясковыя бабы. Як бы разгублены, капітан прасіў: «Супакойся, Тоня, я прашу цябе. Бачыш,— я жывы, здаровы. Супакойся». А стары пан з абвіслымі вусамі стаяў збоку i паблажліва ўсміхаўся, чакаючы свае чаргі, каб абняць сына. Дачакаўся, абняў — пацалаваў у дзве шчакі, у лоб, паляпаў па плячах. Сказаў:

— Дужа рады, сынку.

Нарэшце пані ўбачыла мяне.

— Сева! А гэта твой добры ангел, пра якога ты пісаў? — i дадала нешта па-французску. Падышла да мяне, мяккай духмянай ручкай правяла па шчацэ, нібы праверыла, ці не расце ў мяне часам барада. Сказала: — Прелесть.