Выбрать главу

Я ашалеў ад нечаканасці, ад разгубленасці i грымнуў:

— Рады старацца, ваша благароддзе!

Пані Антаніна весела засмяялася. А стары пан пахваліў:

— Малайчына! Герой! Дзякую за службу, хлопча! — I працягнуў мне руку. Руку мне паны паціскалі толькі аднойчы — калі крыж уручалі. А каб вось так, проста пры сустрэчы — то гэтага не было ніколі, i я зусім разгубіўся i ў той жа час расчуліўся і ўзрадаваўся. А тут яшчэ капітан сказаў:

— Трэба табе, Піліп, вучыцца цалаваць дамам руК1. Выходзіш, брат, у свет.

— Ця навука не така складана,— адказаў яго бацька з усмешкай.

Мой капітан i яго жонка размаўлялі па-руску ці па-французску. А стары пан — па-ўкраінску; пасля я пачуў, што з сынам ён гаворыць па-польску i па-руску, а з усімі іншымі — толькі па-ўкраінску.

Трохі паводдаль на пероне стаялі станцыйныя служачыя. Калі павіталіся сваякі, начальнік станцыі сказаў кароткую прамову, павіншаваў «доблестного защитника царя и отечества» з вяртаннем у родны кут, пажадаў шчасліва адпачыць i запэўніў, што яны, чыгуначнікі, робяць «усё, каб воіны праваслаўныя не адчувалі патрэбы ні ў хлебе надзённым, ні ў снарадах баявых на галовы супастатаў нашых, германскіх варвараў».

Я падумаў, што з хлебам яшчэ як-ніяк абыходзіліся, хоць зімой паёк падрэзалі, а вось снарадаў не хапае, інтэндантаў клянуць не толькі салдаты, але i афіцэры.

Гімназістка паднесла капітану кветкі.

За станцыйным плотам стаялі цікаўныя — дзеці, сяляне. Там жа панскія коні: стаеннік пад сядлом, другі — запрэжаны ў двухколку, i конь-працаўнік у аглоблях звычайнай арбы, на якой снапы возяць.

Капітан павітаўся з фурманам — нізкарослым дзядком у доўгай кашулі, у саламяным капелюшы; абняў старога, паляпаў па плячы, сказаў, што дужа рады бачыць дзядулю Антона бадзёрым i што, маўляў, той ніколькі не пастарэў.

— Спасыбі, паночку. А чаго ж я маю старыцца ў такого гарного пана, як бацько ваш? — адказаў стары з пашанай, сур'ёзна, але мне чамусьці пачуўся ў яго словах смутак.

Стары пан спрытна ўскочыў у сядло, весела сказаў: «Даганяйце!» — i паімчаў па пыльнай дарозе ўздоўж чыгункі. Маладыя палюбаваліся ўслед яму.

— Які герой папа!

— О, ён нястомны! Аддаў у салдаты ўпраўляючага заводам, злавіў, што той краў,— i цяпер сам, адзін, займаецца i маёнткам i заводам. Ад цямна да цямна працуе.

Капітан i жонка селі ў двухколку, на мяккае сядзенне, засланае квяцістым дыванком. Пані ўздзела плашчык, нацягнула пальчаткі i ўпэўнена ўзяла ў рукі лейцы. У такой ваяўнічай паставе, кіруючы цудоўным канём, яна выглядала, здалося мне, яшчэ больш казачнай. Я прымасціўся на возе наміж чамаданамі, i мы з дзедам няспешліва выехалі з мястэчка.

Ранак быў сонечны. Звінелі жаўранкі. Квітнела ўсё навокал. Збажына па калена вырасла, а там у нас, за Мінскам, яшчэ толькі сеялі: з акна вагона бачыў я жанчын i такіх хлопцаў, як я, што ішлі за сохамі, баронамі. З цягніка здавалася — худыя коні i людзі хістаюцца ад ветру. Тут, на Украіне, усё было лепшае — коні, пасевы. Так, прынамсі, здалося спачатку. Дзед маўчаў, быццам i не было мяне на возе. Здзіўляла мяне такое ўпартае маўчанне, але не вельмі трывожыла: забыўшыся на свае начныя пакутлівыя разважанні, на фронт i на ўсё на свеце, я думаў пра пані — зачаравала яна мае сэрца; думаў з юнацкай узнёсласцю, з незнаемым да таго хваляваннем. Вельмі хацелася дзеля яе зрабіць нешта незвычайнае, гераічнае — уратаваць, напрыклад, ад смерці капітана ці самую яе. Аднак скрып арбы, спевы птушак, аднастайнасць стэпу закалыхалі, i я заснуў. I... сніў пані, праўда, не вельмі прыгожа. Прачнуўся ад сораму.

Мабыць, пакуль я спаў, падслепаваты дзед, сам ca спіны падобны на падлетка, разгледзеў, што вязе не нізкарослага салдата, а хлапчука. Убачыў, што я расплюшчыў вочы, зацікаўлена спытаў:

— А ты відкіля, сынку? Кількі ж років тобі?

Я расказаў пра сябе, як трапіў на фронт. Дзед слухаў, ківаў галавою, уздыхаў:

— А божэ! Шчо наробыла ця проклята війна.

Першы тыдзень жыў я ў стэпавым маёнтку як у раі.

Начаваў у садзе, у летнім флігелі, які прызначаўся — так мне растлумачылі — для гасцей, паноў. А я адзін жыў там. Гэта мяне, дурня, цешыла, напаўняла гонарам: во Піліпок Жменька як жыве — як пан, няхай бы пабачылі вяскоўцы! Кармілі, праўда, на кухні, але вельмі смачна — з панскага стала, казала кухарка. I нічога не прымушалі рабіць. Але гэта мне не падабалася: не быў я ніколі лежабокам, не ўмеў нічога не рабіць, a галоўнае — хацелася прыслужваць свайму дабрадзею лепш, чым на перадавой,— з удзячнасці i... каб часцей бачыць пані. А то я рэдка бачыў яе. Ды i пана свайго. Яны позна ўставалі, калі сяляне ўжо абедалі, i пасля доўгага снедання, на якое прыязджаў з цукровага завода стары пан, скакалі на конях у стэп. Пасля дзён на колькі паехалі ў Харкаў. Без мяне. I гэтая ix аддаленасць усё больш распальвала мае ўяўленне, i пані ўсё больш зачароўвала мяне. Увечары я ўпотай, як злодзей, з кустоў, слухаў, як іграе яна на раялі, прагнуў хоць праз гардзіны на вокнах убачыць яе постаць. А пасля слухаў спевы салаўёў i да раніцы не мог заснуць. Так ва мне, пятнаццацігадовым, абуджаўся мужчына. Цяпер пра гэта смешна ўспамінаць: я пакутаваў ад рэўнасці да Залонскага, што ён адзін заўладаў такой пекнатой. I адначасова раўнаваў да яе — што забрала яна майго капітана; каб не яна, усё было б прасцей, я заўсёды быў бы ў панскіх пакоях, бо па-ранейшаму, як на фронце, прыслужваў бы афіцэру.