На мяне кідалі вока, часам адважваліся зачапіць дзяўчаткі, якія рабілі на кухні, у садзе, на гародзе. Там была сапраўдная прыгажосць, Але я, слуп дубовы, быў абыякавы да гэтых проста адзетых красунь — у ix былі цыпкі на босых нагах, мазолістыя рукі i аблупленыя ад сонца рабаціністыя носікі. Мяне цягнула да паноў. Во якая гэта зараза для незагартаванай юнацкай душы — апынуцца ў панскіх умовах! Жыцця не бачыў навокал. I пра тое жыццё, якое раней бачыў,— да фронту, I ў салдацкіх зямлянках, i ў Гомелі на вакзале, пачаў забываць.
Ды, на шчасце, нядоўга трымаўся ў галаве ружовы туман, сама пані развеяла яго. Сустрэла неяк у садзе. Ласкава павіталася. Назвала гэтак жа, як дома мяне звалі,— Піліпок. I працягнула залатую пяцёрку.
— Гэта табе, на гасцінец. Купіш нешта.
Не скажу, што быў я абыякавы да грошай. Не. Бядняк, я ведаў ім цану, ведаў, колькі зараблялі бацька i дзядзька, колькі атрымлівалі салдаты, як зберагалі гэтыя капейкі дадому.
Разгублены, ачумелы ад нечаканасці i ад шчасця, што пані так блізка i што так размаўляе, я не ведаў, што рабіць. Але тут жа падумаў, што ніколі не растрачу гэтую пяцёрку, буду заўсёды насіць пры сабе як дарагі падарунак; таму ўзяў яе, непаслухмяным языком прашаптаўшы падзяку.
Яна неяк інакш, чым звычайна, неяк нервова i непрыгожа засмяялася i спытала:
— Скажы, Піліпок, многа ў вас там сясцёр міласэрных? Усевалад Аляксандравіч ходзіць да ix? Дружыць з якой?
Што агнём апаліла мяне. Афіцэры часам запрашалі да сябе міласэрных сясцёр, пілі i цалаваліся з імі. I капітан зрэдку ездзіў у мястэчка; я падоўгу на холадзе вартаваў коней каля аднаго дома. У дом той мяне ніколі не запрашалі, але я здагадваўся, што там паны афіцэры весяляцца.
Але я адразу сцяміў, якую здраду пані захацела купіць за залатоўку, I зрабілася да болю, да слёз брыдка i крыўдна: як яна пра мяне думае!
— Не! Не! Не! — амаль закрычаў я.
Яна, безумоўна, зразумела гэтае рашучае не — што муж яе нікога не мае, святым жыве, святым ваюе за цара i веру, і, задаволена засмяяўшыся, паківала мне пальчыкам:
— О, я ведаю: вы, мужчыны, салідарныя. А ты верны раб свайго пана.
Падыходзіла да мяне казачная прынцэса, адыходзіла звычайная баба — хітрая, помслівая, злосная, i, пэўна, сама здрадлівая, калі так хацела пераканацца ў мужавай здрадзе.
Абразіла яна мяне моцна. Двойчы. Што купіць хацела i што рабом назвала. Пяцёрка пякла далоню. Хацелася шпурнуць яе ўслед пані: на, падавіся сваёй пяцёркай! Але стрымала сялянская разважлівасць: лепш аддам грошы бежанцу ці інваліду, калі назад будзем ехаць. Няхай хто парадуецца. I — помню — прашаптаў, як клятву:
— А рабом вашым я не буду! Не! Ніколі!
З таго дня пачаў я бачыць у тым раі іншае жыццё. Больш не хацелася ўжо ні ў панскія пакоі, ні гуляць па садзе, чакаючы, калі выйдзе маладая пані, падорыць усмешку. Пачаў я блукаць у наваколлі. У вёску пайшоў — да сялян, да «парубкаў», a «парубкі» тыя — мае равеснікі, бо ўсе старэйшыя на вайне. Пазнаёміўся я з імі дзіўна. Калі першы раз прыйшоў, убачыла мяне нейкая цётка i загаласіла на ўсё сяло: «А дзітка моя рідна!». Не сцяміўшы што да чаго, я разгубіўся i паспяшаўся хутчэй прайсці міма. За вішнёвымі садамі на поплаве дагнаў мяне хлопец.
— Не хадзі тут, — кажа.
Я нават натапырыўся.
— Чаму мне нельга хадзіць тут?
— Майго брата на вайне забілі. Маці як убачыць салдата — цэлы дзень галосіць.
А на другі дзень гэты ж хлапчына — Грыцук — прыйшоў у маёнтак i запрасіў да сябе: маці захацела мяне пабачыць.
Частавала малаком, тварагом, ціха плакала i разоў колькі прымусіла расказваць, чаму я, такі малы, апынуўся ў войску. Слухала i — адчуваў я — не зусім верыла. Не сцяміў я адразу, чаму жанчына дзіўна паводзіла сябе. Грыцук растлумачыў пасля: падумалася маці, што пачалі ўжо браць на вайну такіх, як я, i вельмі спалохалася, што i малодшага сына забяруць. Зразумеў я страх яе, вярнуўся назад у хату i доўга пераконваў няшчасную маці, што такіх, як я i Грыцук, не бяруць, што я выпадкова апынуўся на фронце. Але з расказу, напэўна, вынікала, што ўсё-такі затрымалі мяне паны афіцэры, не пусцілі дадому, i таму перакананне мае не супакойвала, а яшчэ больш наганяла на жанчыну страху. Не верыла яна панам: