Выбрать главу

— Пагубляць паны дзіток малых.

Грыцук працаваў у гаспадарцы гэтак жа, як год назад рабіў я, толькі што каня ў ix не было: аралі, вазілі на валах. Я з радасцю ўзяўся памагаць свайму равесніку i праз гэта пасябраваў з іншымі «парубкамі». Збіраліся ўвечары за сялом каля лазовага плятня, які адгароджваў выган для жывёлы ад пасеваў. Сядзелі на пыльнай траве, дзе пахла рамонкамі, крапівой, гноем, малаком, i падоўгу гаварылі пра вайну. Безумоўна, я быў у цэнтры ўвагі. Мяне слухалі, i я, грэшны, пачаў нават злоўжываць — мяшаць праўду з маной. Расказваў пра тое, што чуў ад афіцэраў, ад салдат, так, нібы сам быў удзельнікам гэтых падзей. Але, каб надаць праўдзівасць сваім учынкам, я мусіў выдумляць як мага большы гераізм, каб прыпісаць яго капітану Залонскаму.

Помню, учынак аднаго падпалкоўніка i яго ад'ютанта, пра які афіцэры чыталі ў газеце i, відаць, не вельмі верылі — пасміхваліся, я прысвоіў Залонскаму i сабе. Нібыта ехалі мы ўдваіх са штаба дывізіі i наскочылі на нямецкую кавалерыйскую разведку. Нас двое, ix дзевяць, але мы не разгубіліся. Капітан выхапіў шаблю i тут жа засек нямецкага афіцэра, я праткнуў пікай улана, астатнія, як зайцы, кінуліся ўцякаць, але мы дагналі i яшчэ траіх прыкончылі, астатніх узялі ў палон. A ў мяне ніколі не было ні пікі, ні шаблі. Я ўмеў страляць толькі з вінтоўкі i нагана — навучыў Залонскі.

Знайшоўся-такі адзін разумны хлопец, які спытаў, паслухаўшы маю хлусню:

— Чаму ж табе другога Георгія не далі? За такі ўчынак! Вунь дзядзька Підсуха аднаго германца злавіў, i то яму далі i водпуск i Георгія.

Я пачырванеў у цемры, злоўлены за язык, але хлопец сам падказаў мне, як маніць далей:

— А нам завошта па цэлым месяцы водпуску далі? I ўзнагароды будуць! Не ўсё адразу.

Паверылі.

Той жа парубак, здаецца, Паўло яго імя, неяк сказаў:

— Дзіўна ты гаворыш, маскаль. Не так, як другія маскалі.

Я ўспомніў словы прапаршчыка Дакукі i сказаў, што я не маскаль, я — беларус. Хлопцы з таго ўкраінскага сяла ў шаснаццатым годзе нічога не чулі пра беларусаў.

Упарты Паўло запярэчыў — маўляў, няма такога народу; ён тры гады хадзіў у школу, пра многія народы чуў i чытаў, а пра беларусаў ні ў адной кніжцы не напісана.

А мне ўпершыню вельмі ж спадабалася далека ад родных мясцін быць прадстаўніком не сяла свайго, не воласці, а цэлага народу. I я з такой жа ўпартасцю, як Паўло, даводзіў, што ёсць такі народ. Доўга спрачаліся. Безумоўна, ні ён, ні я не мелі ніякіх доказаў, я нават не здагадаўся прывесці ў доказ мову сваю, не падобную ні на ўкраінскую, ні на рускую. Відаць, іншых таксама зацікавіла наша спрэчка, бо нехта прапанаваў пайсці да Багдана Арцёмавіча, каб высветліць — ёсць такі народ ці няма.

Я падумаў, што Багдан Арцёмавіч — настаўнік. Ажно не: звычайны селянін, як усе іншыя, стары, з казацкімі вусамі, у палатнянай кашулі. Мазанка яго меншая за іншыя, але лепш пабелена.

— Дужэ вчоны дзід,—растлумачылі мне хлопцы. I, казалі, да вучонасці такой сам дайшоў, бо грошай на вучэнне ні бацькі яго, ні сам ён ніколі не мелі. Бядняк з беднякоў. Такі вучоны, што сам стары Залонскі баіцца яго, сам прыязджае часам адведаць, i яны моцна спрачаюцца. Нават прыстаў баіцца Багдана Арцёмавіча, бо ніхто не ведае так законы, як ён. Нездарма ў маладосці яго колькі разоў садзілі ў турму. Цяпер таксама часам пагражагоць турмой, расказвалі хлопцы, але баяцца — стары ўжо Багдан Арцёмавіч, i людзі яго любяць, шануюць, могуць узбунтавацца, не дадуцьукрыўду такога чалавека.

То можаце ўявіць мой нацыянальны гонар, калі такі паважаны дзідусь пацвердзіў:

— Е, хлопцы, такі народ. Найблішчы сусід наш i крыўны брат. З відного кораня мы — рускі, украінці, білорусы — як бы від маты рідноі. Ходыв я по зэмлі вашой. Дужэ ж бідны твой народ, хлопчэ, біднішы, ніж мы, украінці. Зэмлі пусты, а дэ ўрадлівы — паны захапілы.

Горка мне зрабілася за беднасць майго народу i адначасова радасна, што ведаюць адукаваныя людзі пра яго. Дакука панам афіцэрам даводзіў, што я — беларус, i гэты дзед ведае, дзе i як мы жывём.

Багдан Арцёмавіч зацікавіўся мною, доўга распытваў, адкуль я, хто бацькі i як трапіў да войска. Пра маладога Залонскага сказаў:

— Калі гімназістам быў, то часта заглядаў у гэтую хаціну. Любіў паслухаць старога, Багдана. Афіцэрам стаў — заганарыўся ці баіцца...