Выбрать главу

— Паб'ём немца — i вайне канец. А немец ужо не той. Вытхнуўся. Сын мой з першага дня на фронце i бачыў ix, немцаў, у пачатку i цяпер. А у нашых слаўных арлоў баявы дух мацнее. Во, гляньце на гэтага хлопца! Яму пятнаццаць гадоў, а ён сам, добраахвотна прыйшоў у нашу армію,— i пан звярнуўся да мяне, упершыню па-руску: — А ну, рядовой Жменьков, расскажи честному народу, как вы бьете вильгельмовских вояк.

Не чакаў я, што так павернецца, i захлынуўся ад хвалявання i страху. Што расказаць? Як? Стаяў перад касцамі на санцапёку, глядзеў у ix змарнелыя, худыя барадатыя i безбародыя твары і... лыпаў вачамі, як ягнятка бясслоўнае. Ды раптам словы прарвалі перашкоду, як вада грэблю, i хлынуў паток... Я адразу пачаў з таго подзвігу, якому не верыў сам, не верылі салдаты i нават афіцэры, хоць пра яго пісалі ў газеце. Капітан Залонскі i я, вяртаючыся ca штаба, наскочылі на нямецкі раз'езд, нас двое, ix... не дзевяць ужо, дванаццаць...

Хлопцам я расказваў легенду ад юнацкага жадання паказаць сябе: во які я герой! А тут пачаў верзці гэтую лухту на злосць пану, пратэстуючы: раскажу, маўляў, самае неверагоднае, няхай падумаюць, што я хлус, але зразумеюць, што i ўсё іншае, што расказваюць ім пра вайну, таксама хлусня.

Пасылка, як кажуць логікі, была хоць i несвядомая, але правільная: хочаш выкрыць нешта — давядзі да абсурднага перабольшання. Але каб дамагчыся гэтага, трэба мець большы вопыт, дасціпнасць, спакой. (Вось цяпер бы я расказаў пра той «подзвіг» так, што мяне зразумелі б правільна i старыя i малыя.) А тады я занадта хваляваўся, чырванеў, пыкаў-мыкаў, i маё хваляванне надало неверагоднай гісторыі праўдзівасць. Дзяды паверылі, слухалі сур'ёзна, уважліва.

Пан Залонскі спачатку вельмі здзівіўся — у яго, як кажуць, вочы на лоб палезлі; ён адзін зразумеў, што ўсё хлусня, i спалохаўся, што я магу выставіць ягонага сына ў недарэчным, смешным становішчы. А пасля пан паспакайнеў i пачаў памагаць мне: дзе я казаў не паруску, a збіваўся на родную мову, ён тлумачыў па-ўкраінску i што-нішто нават дадаваў, пашыраў — маўляў, яму добра вядома пра гэты сынаў подзвіг.

Вось так, міжволі, я выступіў агітатарам за вайну да пераможнага канца i ўславіў свайго дабрадзея-капітана.

Брыдка i сорамна зрабілася, калі я пераканаўся, што старыя сяляне, кожны з якіх мог бы дзедам маім быць, паверылі мне. Пан пахваліў пры ix:

— Малайчына, Піліп! Не дарэмна табе Георгія далі.

А мне хацелася крыкнуць: «Не верце! Усё я нахлусіў! Усё — ад пачатку да канца!»

Але пан быў хітры, ён спытаў, ці ўмею я касіць. Касіць я ўмеў. Пан узяў косы ад двух самых старэйшых дзядоў, i мы з ім сталі ў рад, прайшлі два доўгія пакосы. Хоць каса была нязвыклая — ручка інакш насаджана, чым у нас, я не адстаў ад старых касцоў, больш таго — «падразаў» пану пяты. Ён зноў пахваліў мяне, пахвалу падтрымалі касцы; яна была заслужаная, а таму прыемная. Аднак ўсё роўна цэлы дзень я саромеўся глянуць у вочы касцам.

Вярнуўшыся з сенажаці, мы пачалі зборы да ад*езду на фронт; мяне загружалі рознымі даручэннямі, i ўсё больш у вячэрні час, таму я ніяк не мог выбрацца ў вёску, каб сустрэцца з хлопцамі. А я цвёрда вырашыў на развітанне сказаць ім усю праўду.

Раней, чым я сам здолеў пайсці да новых сяброў, у маёнтак заглянуў Грыцук i сказаў, што Багдан Арцёмавіч хоча пабачыць мяне. Узрадаваўся я, што патрэбны такому чалавеку!

Як змоўшчыкі, выйшлі мы праз панскі сад у поле i па разорах, робячы немалы круг, хаваючыся ў высокай ужо зялёнай пшаніцы, рушылі да сялянскіх агародаў. Там жа, у полі, я прызнаўся Грыцуку:

— Як мы з капітанам немцаў пасеклі шаблямі ды ў палон узялі — то гэта ўсё няпраўда, схлусІў я.

— А ты думаў — мы такі дурны, шчо відразу i павірылы? Hi.

Крыўдна зрабілася: выходзіць, хлопцы слухаць слухалі, але не верылі, а пасля смяяліся i ўвогуле, відаць, больш не верылі. А шмат што з таго, што я расказваў,— святая праўда. Сказаў пра гэта свайму новаму сябру. Грыцук заспакоіў:

— Чаму не повірылы? Повірылы. Дэ праўда — то вона відна здалэк.

Напачатку размова са старым вясковым самавукам расчаравала. Ён распытаў пра салдат-украінцаў у нашым батальёне, колькі ix, адкуль яны, старыя ці маладыя, хто пісьменны. A хіба я цікавіўся гэтым? Калі хто трохі цікавіў мяне больш— дык гэта горцы з эскадрона Ягашына, ix дзіўныя буркі, зусім незразумелая мова.

А хахлы, як называлі ў батальёне ўкраінцаў, нічым не розніліся ад усіх іншых салдат. Хіба што трохі інакш размаўлялі. Але я даўно зрабіў адкрыцце: салдаты ўсе гавораць па-свойму — як хто дома гаварыў, так i на фронце. У паноў афіцэраў адна мова — як у кніжках, а смяшней за ўсё гавораць унтэр-афіцэры i фельдфебелі — i не па-панску, i не па-сялянску; з ix i афіцэры смяюцца i салдаты.