Выбрать главу

На трэці дзень контратакавалі немцы i пагналі нас назад, на старыя ўмацаваныя пазіцыі, а пасля — далей. Тады зноў кінулі ў наступленне нас, каб адбіць свае абжытыя акопы. Праз тыдзень такіх баёў з батальёна мала што асталося. Увесь полк адвялі ў тыл на папаўненне. Сярод навабранцаў — бязвусых яшчэ чувашоў i мардвінаў, некаторыя з якіх выглядалі больш дзецьмі, чым я, асабліва тыя, хто дрэнна гаварыў па-руску, i барадатых суровых тамбоўцаў, запасу трэцяй катэгорыі,— апынулася некалькі маскоўскіх рабочых. Яны адразу вылучаліся сваім выглядам, паводзінамі. Пасля я даведаўся, што на фронт ix паслалі на пакаранне за тое, што дрэнна паводзілі сябе на заводзе. «Дрэнна паводзілі» для мяне тады значыла — не хацелі працаваць. А я не любіў гультаёў, таму паставіўся да гэтых людзей падазрона.

Залонскі, прачытаўшы сакрэтны пакет, вылаяўся i сказаў незразумелыя словы:

— Не хапала яшчэ мне выконваць жандарскія абавязкі!

Іван Свірыдавіч пасля вясновай кантузіі атрымаў назначэнне пісарам роты.

Камандзір батальёна i начальнік штаба займалі лепшую ў вёсцы хату: гаспадыня i яе дочкі самі гатавалі, падавалі, мылі посуд, i ў мяне аставалася больш, чым калі, вольнага часу.

Пісары — батальённы, студэнт-добраахвотнік, i першай роты — Іван Свірыдавіч — са сваімі жалезнымі скрынкамі прымасціліся на тым жа падворку ў прасторным свірне» Натуральна, што я круціўся каля ix, начаваў з імі; у свірне — прахалода, зернем i травамі пахла. Таму помню, што Іван Свірыдавіч, пазнаёміўшыся са спісам папаўнення, радасна пацёр рукі.

— Залатыя людзі пачалі прыбываць.

— Хто гэта залаты ў вас? — спытаў студэнт.

— Ды гэтыя — барадачы-тамбоўцы, — адказаў Іван Свірыдавіч.

— Знайшоў золата — дзядоў сівых! Ім лапці на печы плесці, а не ў атаку хадзіць.

А я чамусьці адразу здагадаўся, што Іван Свірыдавіч мае на ўвазе не дзядоў, а — маскоўскіх, заводскіх. Карцела спытаць, чаму яны «залатыя». Але я ўжо ведаў, што ў Галадушкі свой погляд на людзей i на з'явы; калі ён не сказаў праўды батальённаму пісару, то, значыцца, гэта такая тайна, якую не кожнаму можна даверыць. I людзі тыя, відаць, не такія кепскія, як я падумаў пра ix, калі пачуў нездаволенасць афіцэраў: «Усю крамолу да нас».

Адзін з гэтых «крамольнікаў», Павел Кузняцоў, у першы ж дзень стаў вядомы ўсяму батальёну: музыка, песеннік, жартаўнік. Гэткі весялун бестурботны. Усім спадабаўся. Хоць некаторыя старыя салдаты, слухаючы яго прыпеўкі, змрочна бурчалі: «Пабачымо, як ты ў баі запяеш».

Там жа, на адпачынку, капітан Залонскі аднойчы спытаў:

— Жмянькоў, ты любіш мяне?

Збянтэжыўся я.

— Так точна, ваша благародзія.

— Калі мы ўдвух, можаш казаць мне — Усевалад Аляксандравіч.

— Так точна, Севалад Ляксандравіч.

— Ты ведаеш, што камандаваць батальёнам нялёгка?

— Так точна, ваша... Севалад Ляксандравіч!

— Але, брат, нялёгка, асабліва калі баі i асабовы склад мяняецца. Прыходзяць новыя людзі... Я павінен ведаць, што за яны, чым яны жывуць, пра што думаюць. Добры камандзір той, хто ведае сваіх людзей. Тады ён заўжды можа быць справядлівы. Але ў мяне не сто вушэй i не сто вачэй. Ты павінен памагчы мне. Ты часцей бываеш з салдатамі. Расказвай, калі ласка, мне, пра што яны гавораць паміж сабой.

Я тут жа прыгадаў размовы, якія вёў з салдатамі Іван Свірыдавіч. Ніхто мяне не папярэджваў, каб я трымаў язык за зубамі, але я сам дапяў, што такія салдацкія размовы не для панскага вуха. Хіба можна было сказаць панам пра тое, што гаварылі ўкраінскія хлопцы i Багдан Арцёмавіч?

Разам з тым хацелася астацца шчырым i праўдзівым перад камандзірам, які ніколі нават асабліва голасу не павысіў на мяне. Як жа сумясціць гэта — салдацкую салідарнасць i адданасць афіцэру?

Сумеўся я.

Капітан спытаў:

— Дамовіліся, Піліп?

Я не здолеў адказаць бадзёрым: «Так точна!»

I ён «раскусіў» маю збянтэжанасць.

— Эх, Жмянькоў, Жмянькоў, таіцца пачынаеш ад мяне. Хітраваць. Нядобра, брат, нядобра. Хто на цябе ўплывае? Тыя дурні, якія лічаць, што афіцэр — вораг салдату. Ты можаш сказаць, што я вораг табе?

— Ніяк не, ваша благародзія!

— Ну вось... Я дамагаюся аднаго, каб так, як ты, думалі усе. Як камандзір, я хачу быць бацькам для салдат. Як Сувораў. Помніш кніжку? Бо хто пра ix паклапоціцца, накорміць, абароніць ад такіх гарачых галоў, як ротмістр Ягашын? — далікатна нагадаў ён зімовую гісторыю.