Выбрать главу

Каб капітан не быў такі добры да мяне, да салдат, папрок яго так моцна не сцёбнуў бы па сэрцы. Была шчырасць у маім адказе, які не сам прыдумаў — вычытаў у кніжцы, але, безумоўна, была i хітрасць — хутчэй скончыць непрыемную размову:

— Ваша благародзія... Севалад Ляксандравіч, жыцця не пашкадую за вас!

Усміхнуўся капітан.

— Не жыццё патрабую. Наадварот, сцерагу тваё жыццё. Маленысай дапамогі прашу.

Умеў панок павязку з душы садраць, каб была душа адкрытая, што рана, чуць дакраніся — баліць.

Пасля той размовы я пачаў баяцца слухаць, пра што гавораць салдаты, бо з дня на дзень чакаў, калі Залонскі спытае, што я чуў. А я мог расказаць пра подзвіг, якога не было, але маніць пра іншае не навучыўся, маўчаць навучыўся, a хлусіць — не, i ведаў, што мяне легка можна злавіць, заблытаць. Дык, здавалася мне, лепей менш чуць i менш ведаць, тады лягчэй будзе: калі нічога не чуў, то нічога i не скажаш i ніхто ніякай хітрасцю не распытае ў цябе пра тое, чаго не ведаеш.

На маё шчасце, Залонскі ні пра што не пытаўся — цярпліва чакаў, калі я зраблюся даносчыкам.

Полк, між тым, зноў вярнулі на перадавую. Немцы, напэўна, помсцілі за «брусілаўскі прарыў». Эверт i Рагоза шалелі ад няўдач на сваім фронце. Хоць газеты паведамлялі пра зацішша на Заходнім фронце, я пераконваўся, што газетам верыць нельга: касілі ў нас людзей, як чарот. Штодня артналёты. Штодня атакі i контратакі, сэнсу якіх ніхто не разумеў — ні афіцэры, ні салдаты. Людзей не хапала — пашырыліся мае абавязкі. Сувязным паміж штабам i ротамі я быў увесь час. Але пасыльным у штаб палка раней рэдка хадзіў. A ў тое гарачае лета Залонскі пасылаў часта. Гэта не па абед на кухню хадзіць i не міскі мыць, а баявое заданне, i я любіў яго. Часам прыходзілася паўзці пад кулямі, перабягаць пад снарадамі. У палку ведалі мяне, страчалі прыветліва, ад'ютанты штаба чамусьці называл! «галубком».

— Ляці, галубок. Прывет твайму капітану.

— Слухаюся, ваша бродзь! — хоць дзіцячая мянушка гэтая — «галубок» — i не падабалася мне, зневажала.

Аднойчы, кал i я, атрымаўшы пакет, рушыў у штаб палка, дагнау мяне ў траншэі Іван Свірыдавіч i папрасіў знайсці ў зброевай майстэрні яфрэйтара Лізунова Савела Гаўрылавіча i перадаць яму падарунак — кісет з махоркай.

Кісет добры, новы, скураны; тады ўсе маладыя афіцэры i салдаты, хто мог, рабілі такія, каб махорка, запалкі ці крэсіва не адсырвалі ў акопах. Але я адразу здагадаўся, што кісет незвычайны, не проста так, ды i не казаў Іван Свірыдавіч раней, што ў яго ў палку ёсць сябра. Калі ён займеў такога? Новае заданне i ўзрадавала i спалохала. Паклаў кісет за пазуху i адчуваў, што ажно сэрца мацней загрукала. Вельмі карцела заглянуць — што ў кісеце? Развязаў скураны шнурок i... расчараваўся. У кісеце — жменя самасаду i складзеная ў кніжачкі — як для цыгаркі — франтавая газета «Наш вестник».

Зброевая майстэрня размяшчалася ў адрыне на краі сяла; знайсці яе было лёгка, бо ў сценах прарэзалі вокны, i рамы гэтых акон мелі дзіўны выгляд — як крыжы. Людзей у майстэрні было нямнога, i яны мала чым нагадвалі салдат: без шапак, без папруг, у скураных зашмальцаваных фартухах. Напроці акон — бліжэй да святла — станкі, якія адразу зацікавілі мяне, бо хоць за час, што прабыў на фронце, я i пабачыў нямала рознай тэхнікі, але такія станкі бачыў толькі ў кніжках. На таку раскідана розная зброя: вінтоўкі навалены — нашы, нямецкія, кулямёты станковыя i ручныя, i нават задрала дула скалечаная марціра.

Савелі Гаўрылавіч адразу адгукнуўся на маё запытанне. Немалады ўжо чалавек, хоць для хлопца, якому пятнаццаць, саракагадовыя людзі здаюцца дзядамі. Нечым ён быў падобны да Івана Свірыдавіча. Відаць, тым, што абодва нейкай асаблівай паставай, рухамі прыкметна адрозніваліся ад тых, што прыйшлі ў армію ад сахі i бараны.

Лізуноў вельмі ўзрадаваўся падарунку ад сябра, быццам многа дзён не курыў. Проста ззяў чалавек, гукаў на ўсю майстэрню.

— Ай ды Іван, ай ды малайчына! Такога самасаду раздабыў! Хлопцы, налятай! Ну i задымім! Усе мухі падохнуць! — запрасіў ён іншых майстроў i тут жа пачаў скручваць цыгарку, хваліў мяне,— А ты, брат, як ангел, пасланец ад бога. Ты адкуль такі ўзяўся? I крыжык маеш ужо? Ну, герой! Ажно зайздрасць бярэ. Мы тут спін не разгінаем над гэтым ламаччам, i ніхто нам меднага медаліка не хоча даць. Хаця б аднаго на ўсіх,— весела падміргваў яфрэйтар сваім сябрам, тым, хто падышоў, каб закурыць самасаду. Убачыўшы, што мяне цікавяць станкі, Лізуноў пачаў расказваць, дзе які станок — такарны, свярлільны... Спытаў, ці хачу я навучыцца працаваць на такіх машынах. Безумоўна, я адказаў, што хачу. Лізуноў весела, як бы радуючыся сваей перамозе, закрычаў: