— Купец Дзямідаў! Хадзі сюды! Паслухай, што кажа юны селянін! В ось табе яшчэ адзін прыклад! Не так ужо моцна яна трымае, зямля, асабліва тых, у каго яе мала. Машына, брат, прыцягвае з не меншай сілай. Так адбылося ў Англіі, Амерыцы. Так будзе ў нас, на святой Русі.
— На святой Руси петухи поют. Скоро будет день на святой Руси,— прачытаў вершы самы малады з салдат-майстроў i весела засмяяўся. Вершы такія я чуў упершыню, яны спадабаліся мне. (Вярнуўшыся ў батальён, я прадэкламаваў ix прапаршчыку Дакуку i спытаў: «А як далей?» Здавалася, прапаршчык павінен ведаць. Ен няўважліва паціснуў плячамі — не ведаў).
Праводзячы мяне, на двары Лізуноў перадаў мне для Івана Свірыдавіча таксама кісет, але не скураны — палатняны з адмысловай вышыўкай.
— Трэба парадаваць дружбачка добрым тутыньком, а то самасад яму агорк,— i спытаў у мяне: — Курыш? Не? Малайчына! Не ўжывай гэтага зелля. Карысці ад яго ніякай, а шкоды многа. Але хто прывык, таму, брат, сумна жыць без цыгаркі. Радасці мала ў рабочага чалавека. Цыгарачку пасмокчаш — лягчэй на душы робіцца,— і, нахіліўшыся бліжэй, амаль шэптам папярэдзіў: — З газеткі, якая ў кісеце, нікому закурваць не давай, — i выразна падміргнуў,— Дынаміт у ёй. Выбухне. Калі ты сябра Івана Свірыдавіча, то хлопец з галавой i разумеет, што да чаго. Заходзь. Мы табе трафейны рэвальвер адрамантуем, не будзеш цягаць гэты карабін. Не па тваім плячы ён.
Моцна паціснуў руку на развітанне i зноў падміргнуў: маўляў, трымайся!
A ў мяне затрапятала сэрца: во тое тайнае, незвычайнае i небяспечнае, пра што я падумаў, калі атрымаў кісет ад Івана Свірыдавіча. Гонарам напоўніўся, што такія людзі даверылі мне тайну сваю. Згараў ад жадання хутчэй заглянуць у кісет: якая яна, тайна? Няўжо адна газетка? Але што ж гэта за газетка, якую так сакрэтна трэба перадаваць?
Hi Іван Свірыдавіч, ні гэты салдат у фартуху не папярэдзілі, каб я не заглядваў у кісеты. Я меў права глянуць. Але апаноўваў страх. Здавалася — пакуль я не ведаю, што нясу, то як бы не маю да гэтага дачынення i нішто мне не пагражае. А як даведаюся — пераступлю нейкую мяжу, камусьці здраджу... Каму? Богу, цару, капітану Залонскаму? Мне нікому не хацелася здраджваць. Усім хацелася памагчы. Капітан — добры. Іван Свірыдавіч таксама добры. Але Залонскі пан. Іван Свірыдавіч рабочы i вучыць салдат не любіць паноў, не верыць ім. Каму ж я павінен больш верна служыць?
Нёс я лёгкі кісет за пазухай, што бомбу. За сялом доўга шукаў такое месца, дзе б ніхто нават здалёк не ўбачыў, што я дастаў з-пад гімнасцёркі, што разглядаю. Спачатку ў густыя прырэчныя кусты залез. Не, ненадзейна. Можа за другім кустом ляжыць хто. Мала хіба ходзіць людзей паміж штабам i перадавой? Ды i сяляне працуюць у полі, жнівень — познія яравыя жнуць. Збочыў з дарогі ў чыстае поле, на пожню, лёг у разору, дастаў кісет i доўга баяўся развязаць, быццам i сапраўды ў ім дынаміт.
Газета была складзена ў такую ж кніжачку, як i тая, што ляжала ў Галадушкавым кісеце. Разгортваў я гэтую кніжачку з такой асцярожнасцю, нібы баяўся, што газета можа рассыпацца ў попел. I ледзь не закрычаў ад паўторнага расчаравання i крыўды, калі прачытаў назву «Інвалід». Газета гэтая, як «Наш вестник», прысылалася ў батальён, я чуў, як Іван Свірыдавіч аднойчы, чытаючы гэтую газету салдатам, высмейваў хлуслівага «Інваліда». Дык няўжо ён i Лізуноў вырашылі пасмяяцца з мяне, пазабаўляцца? Ды раптам з «Інваліда» выпалі ў разору два жаўтаватыя лісткі. I ў вочы адразу кінуліся нязвыклыя словы загалоўка: «Таварышы салдаты!»
Вось яно тое, незвычайнае!
З душэўным трапятаннем шаптаў я, як малітву, простыя, праўдзівыя i страшныя сваей смеласцю словы лістоўкі: «Два гады льюцца патокі крыві i гінуць мільёны рабочых i сялян. Краіна без хлеба, без паліва, без вопраткі i абутку — вось да чаго давяло гаспадаранне самадзяржаўных уладароў. Смерць у акопах, смерць у царскіх казематах — вось што чакае нас. Дзе ж выйсце з гэтага тупіка? Выйсце ў барацьбе за звяржэнне царскага самаўладства. Толькі рэвалюцыйнае выступленне пралетарыяту i рэвалюцыйнай арміі здолее пакласці канец гэтай крывавай непатрэбнай вайне, якая нясе разарэнне i няволю працоўным масам — сялянам i рабочым. Станавіцеся ў рады рэвалюцыйнай арміі пад чырвоным сцягам Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі! Адзін за ўсіх, усе за аднаго! Няхай жыве рэвалюцыйнае яднанне салдат i рабочых!»
Так я пачаў выконваць ролю сувязнога салдацкай рэвалюцыйнай арганізацыі. Але, безумоўна, пра работу самой арганізацыі меў прымітыўнае ўяўленне; мала што я ведаў пра ўплыў на салдат такіх людзей, як Галадушка, Кузняцоў, Лізуноў. Наколькі моцны гэты ўплыў, які плён далі лістоўкі, што я прыносіў ад аружэйнікаў,— гэта я добра зразумеў месяцы праз два ці тры, позна ўвосень.