Выбрать главу

За год службы дзеншчыком у камандзіра батальёна я зрабіўся адукаваным ваенным. Па розных нябачных для іншых прыкметах здагадваўся, што рыхтуецца новае наступленне, відаць, раней, чым пра гэта даведваліся камандзіры рот i ўзводаў. Ba ўсялякім разе, пісар роты Іван Свірыдавіч Галадушка нічога не ведаў яшчэ, калі пачуў гэтую навіну ад мяне. Здзівіўся, заклапаціўся, пачаў абурацца:

— Зноў мора крыві салдацкай выльецца. Дзеля чаго? Армія не можа наступаць. Армія абяскроўлена, рэзерваў няма. Але што цару i генералам да крыві рабочых i сялян! Чым больш яе льецца, тым больш золата плыве ў ix кішэні.

Між іншым, гэта, бадай, адзіны выпадак, калі Іван Свірыдавіч сказаў пры мне так вось адкрыта, як пісалася ў лістоўках.

Нарэшце падрыхтоўка да наступлення зрабілася яўнай, толькі дзень i час трымаўся ў сакрэце. Усё нібыта ішло звычайна — як у красавіку, як у чэрвені. Адно хіба моцна ўсхвалявала салдат: раздалі процівагазы. Наш батальён ні разу не трапляў пад газавую атаку, але былі ў нас салдаты ca шпіталяў, якія пакаштавалі гэтай нямецкай атруты. Газаў баяліся больш, чым куль, снарадаў. Але мне здавалася, што людзей страшыла не столькі тое, што немцы пусцяць газы, колькі недасканаласць процівагазаў. Большасць салдат не маглі прабыць тры — пяць мінут у смярдзючай гумавай масцы з цяжкай бляшанкай, якая вісела пад барадой, цягнула галаву ўніз, біла па грудзях, калі чалавек бег, i моцна замінала страляць. Сярод салдат хадзілі чуткі, што гэта здраднікі-немцы, якія сядзяць пад аховай царыцы-немкі i захапілі ўсе інтэнданцкія пасады, знарок зрабілі такія процівагазы, каб салдаты не здолелі ні страляць, ні бегчы. Казалі, што першыя процівагазы, прыдуманыя франтавікамі,— нос i рот закрываўся змочанай у спецыяльным растворы ватай — былі больш надзейныя. Сам капітан Залонскі, калі трэніраваліся афіцэры, здолеў пратрымацца ў процівагазе мінут пяць, не больш. Яго ванітавала, твар пасінеў. Прапаршчык Дакука ўвогуле адмовіўся нацягваць маску, сказаў, што лепей ён задыхнецца ад газаў, чым ад процівагаза. «Ці не ўсё адно ад чаго паміраць», — змрочна заключыў ён. Даўжэй за ўсіх пратрымаўся я — паўгадзіны; смурод гумы, яд якога шмат каго ванітавала, мне нават спадабаўся. «Подзвіг» мой быў адзначаны па батальёне ў загадзе, капітан ставіў мяне, няпоўналетняга, у прыклад іншым.

Батальён узнялі па трывозе на досвітку, хоць ніхто ў тую ноч не спаў, бо ўсе ведалі, што наступленне назначана на заўтра. Уначы слухалі, як сапёры рэзалі калючы дрот свае загароды; загарода гэтая дорага каштавала, калі яе ставілі: немцы палілі на кожны начны шолах.

Як толькі роты занялі свае пазіцыі на першай лініі акопаў, адкуль мусілі кінуцца ў атаку, пачала біць наша артылерыя — апрацоўвала нямецкую перадавую. Многа снарадаў ірвалася на нейтральнай паласе. На камандным пункце, дзе стаялІ Залонскі, паручнік Лебедзеў — наш новы начальнік штаба, афіцэры з палка, з дывізіі i дзе круціўся я, гатовы выканаць любое даручэнне, выказвалі боязь, каб артылерысты не накрылі свае пазіцыі. Але ўсё абышлося добра. Было холадна, ветрана. Вецер дзьмуў з усходу на захад, ад нас на немцаў, i гэтая акалічнасць адзначалася афіцэрамі як спрыяльная ва ўсіх адносінах — i бегчы лягчэй, i газы немцы не здолеюць выкарыстаць. Сівы падпалкоўнік са штаба дывІзіі зняў шапку i памаліўся: «Памажы нам, божа!»

Афіцэры лічылі, што яны ўсё прадугледзелі. Немцаў, напэўна, захапілі знянацку, бо артылерыя ix адказала не адразу. A калі пачала страляць, то ўдарыла не па нашай перадавой, а па тылах, па артылерыйскіх пазіцыях. Калі выбухі нашых снарадаў таксама перамясціліся некуды за сасняк, што чарнеў на ўзгорку за нямецкай перадавой, тады адразу пачуўся голас камандзіра другой роты, самай блізкай ад КП:

— Арлы! За веру, цара i айчыну! У атаку! На ворага! Ура-а-а!

Загучалі каманды ў далёкіх ротах.

На бруствер вылезлі афіцэры — камандзіры ўзводаў. На фоне шэрага світальнага неба дзіўна махалі маленькімі рэвальверамі:

— За мной! У атаку! Ура-а-а!

Аднак прайшла хвіліна, другая — i больш ніводная галава не вытыркнулася над акопам. Нідзе. Hi блізка, ні далека. Нямецкія кулі ціўкалі рэдка, такі агонь не мог прыціснуць людзей да зямлі.

— Што такое?

— Што здарылася, капітан Залонскі? — закрычалі штабнікі.

Ашаломлены такой неспадзяванасцю, Залонскі кінуўся з каманднага пункта ў акопы. Я шмыгнуў за ім. Насустрач нам бег гэткі ж разгублены камандзір другой роты паручнік Малінін.

— Радавыя не падымаюцца ў атаку, пан капітан.

— Як не падымаюцца? Чаму?