Мы ўскочылі з траншэі ў пярэдні акоп, шырокі, абжыты, з драўлянай сцяной, з нішамі i кулямётнымі гнёздамі.
Салдаты нерухома ляжалі грудзьмі на бярвеннях, трымаючы вінтоўкі на брустверы. Але ніхто не страляў. Здалося, што ўсе паснулі. Далібог, я так i падумаў, што немцы пусцілі «сонны газ», бо гаворка сярод салдат пра такі газ была. Але чаму ж не заснулі афіцэры? I не засынаю я?
Залонскі выхапіў рэвальвер, стрэліў угору, закрычаў:
— Салдаты! Воіны праваслаўныя! У атаку на ворага лютага — за мной! — i палез на бруствер. Але, вылезшы на горб, не ўзняўся на поўны рост, бо аглянуўся i ўбачыў, што ніхто з «праваслаўных воінаў» не паварушыўся, ніхто не глядзеў нават у яго бок, глядзелі адзін на аднаго. Я ўбачыў, што некаторыя ўпотай усміхаюцца. Капітан скочыў назад у акоп, пабег уздоўж яго, спалоханым, плаксівым голасам молячы:
— Браткі! Што ж гэта такое? Каму вы служыце?
Каму паверылі? Здраднікам? Ворагам? Гэта ж бунт. Бунт! Ды за гэта пад ваенна-палявы суд! Усіх! Усіх! Панове афіцэры! Падняць людзей у атаку! У атаку!
Зноў надрыўна закрычалі ўзводныя, унтэр-афіцэры. Салдаты не паварушыліся. З бакоў, у другіх ротах, таксама не чуваць было звыклага магутнага «ўра». Адзінокія стрэлы. Адзінокія крыкі.
Мне зрабілася шкада Залонскага, ён жа добры, ён ніколі не ўдарыў ніводнага салдата. Каб я ведаў, як памагчы яму, то, напэўна, кінуўся б на дапамогу. Але адначасова захапляла такая салдацкая еднасць, згуртаванасць, такая агульная змова. Я здагадаўся, чыя гэта работа, i людзі тыя — Іван Свірыдавіч, Лізуноў — адразу выраслі ў маіх вачах незвычайна. Гэта ж выходзіць, што яны маюць над салдатамі большую сілу, чым усе афіцэры. Я адчуў гонар, што хоць трошкі памагаў ім — сувязным быў i пра наступленне за тыдзень сказаў, даў ім час, каб падгаварыць салдат.
Так супярэчліва перапляталіся мае пачуцці — i за капітана i за салдат.
A Залонскі за гэтыя хвіліны йератварыўся ў зусім іншага чалавека. Ён не прасіў больш. Ён лаяўся самымі брыдкімі словамі, якіх ад яго ніколі не чуў я.
— Быдла! Смярдзючая чэрнь! Вошы акопныя! Перастраляю, сукіных сыноў! Вас кулямёты прымусяць пайсці ў атаку! У атаку! — i ўдарыў дулам рэвальвера салдата па галаве. Той заенчыў:
— Завошта? Браткі!
Тады штук пяць вінтовак, быццам самі па сабе, спаўзлі з бруствера, i дулы ix павярнуліся на камандзіра батальёна i на мяне, бо я стаяў за ім. Мне нават здалося, што грымнуў залп. I я, шчыра прызнаюся, страшэнна спалохаўся. Адчуўшы, што яшчэ жывы, як мыш, нырнуў у бакавую траншэю: на ліха мне гэтак паміраць ад сваіх салдат, якім я памагаў! Але ж яны пра гэта не ведаюць; застрэляць афіцэра, а заадно i дзеншчыка яго.
Не, залпу не было. Гэта, ачухаўшыся ад артналёту, адазваліся немцы — ударылі ix кулямёты, паласуючы зляжалы дзёран бруствера. Міма мяне прайшоў Залонскі, хістаючыся, спалатнелы, трымаючы ў апушчанай руцэ рэвальвер дулам у зямлю. Я падумаў, што камандзір ранены, i рушыў за ім, каб памагчы. З каманднага пункта як вецер здзьмухнуў i афіцэраў i салдат сувязі.
У бліндажы штабісты сустрэлі нас нацэленымі на адчыненыя дзверы рэвальверамі. Сівы падпалкоўнік крычаў у тэлефонную трубку:
— У батальёне бунт! Бунт! Пасылайце казакаў!
I раптам адхапіў трубку, быццам яна апякла вуха; ніжняя сківіца яго адвісла, як у нябожчыка, вочы зрабіліся шкляныя. Ляскаючы зубамі, заікаючыся, прамовіў:
— М-ме-мя-не п-п-па-а-сла-лі ведаеце куды? Ш-што ж гэта такое, па-панове?
Адбывалася страшнае, незразумелае для афіцэраў i незвычайнае, цікавае — для мяне. Дарэчы, я лепш, чым усе яны, разумеў, што адбылося.
Фельдфебель першай роты, якога салдаты не любілі, ускочыў у бліндаж з крыкам:
— Яны ўзнімуць нас на штыкі!
Афіцэры збіліся ў кутку бліндажа, за сталом, як спалоханыя навальніцай цяляты. Я не паверыў, што салдаты могуць пакалоць афіцэраў, i мяне смяшыў ix страх: столькі слоў кожны з ix сказаў салдатам пра смеласць i гераізм, a самі дрыжаць, як зайцы пад мокрым кустом.
Пасля я даведаўся: камандзір першай роты паручнік Сукнавалаў хацеў застрэліцца там жа, у акопе. Унтэр адабраў у яго рэвальвер. Ён прыйшоў у бліндаж, абвёў усіх позіркам ашалелых вачэй і, упаўшы на стол, за якім неаднойчы весела гуляў у карты, заплакаў, як дзіця — наўзрыд, калаціўся, біўся галавой. Залонскі сказаў яму:
— Супакойцеся, паручнік. Сорамна.
— Дайце мне рэвальвер. Я застрэлюся. Я не хачу больш жыць. Гэта ганьба! Ганьба! Усім нам.
— Але, гэта ганьба,— пацвердзіў сівы падпалкоўнік ca штаба дывізіі i раптам немаведама з якой прычыны накінуўся на мяне: — А ты чаго круцішся каля паноў афіцэраў? Шпіёніш? Пайшоў прэч, гніда!
Я выскачыў з бліндажа страшэнна пакрыўджаны i пайшоў у акопы — да салдат.