Але доўга яшчэ нішто не прадракала бяды. Знікла напружанасць. Пайшоў дробны асенні дождж. Нават немцы супакоіліся. Сам па сабе абвясціўся адбой баявой трывогі. Аднавіўся ранейшы парадак дзяжурства i каравулаў, Тыя, хто меў права адпачываць, схаваліся ад дажджу ў зямлянках. У адной такой зямлянцы, куды я выпадкова заглянуў, бестурботна гулялі ў карты. Падпаручнік Дакука, які піў звычайна менш за іншых афіцэраў, паспеў дзесьці добра набрацца i, на здзіўленне мне, прачытаў усё яшчэ спалоханаму Сукнавалаву вершы, якія я пачуў ад майстра ў зброевай майстэрні i якіх ён, Дакука, нібыта не ведаў.
— На святой Руси петухи поют. Скоро будет день на святой Руси.
Сукнавалаў завішчаў, быццам яго рэзалі. Крычаў, што Дакука сацыяліст, вораг цара i айчыны, што Расія гіне ад такіх, як ён. Дакука на гэта адказаў на дзіва для п'янага стрымана:
— Паручнік, я хацеў бы ўбачыць вашу патрыятычную фізіяномію пасля таго, як вы пагадуеце два гады вошай у акопах.
Сукнавалаў аціраўся ў тыле i на фронт трапіў зусім нядаўна, месяцы два назад.
Цэлы дзень спатрэбіўся ашаломленаму камандаванню, каб падрыхтавацца да пакарання палкоў, якія не пайшлі ў наступленне.
Адвячоркам пазіцыі нашага батальёна з тылу занялі спешаныя казакі. Яны з'явіліся нечакана, як з неба ўпалі; першым чынам захапілі кулямёты, абяззброілі тых, хто дзяжурыў у акопах, стаяў у каравуле, пасля — іншых усіх, акрамя афіцэраў, Вінтоўкі так i асталіся ляжаць пад дажджом на брустверах, стаяць у пірамідах у бліндажах, нішах акопаў, Казакі былі маўклівыя, спрытныя i злосныя: калі адзін унтэр-афіцэр не захацеў аддаць трафейны рэвальвер, яго спаласавалі бізунамі. Салдатам не дазволілі ўзяць ранцы, мяшкі, кацялкі. Усё асталося. Можа за якую паўгадзіну батальён па вузкіх i слізкіх ходах, траншэях быў выведзены ў лагчыну, якая не прастрэльвалася немцамі. Пастроіліся паротна, акружаныя казакамі. Камандаваў казакамі ротмістр Ягашын. Ён скакаў перад строем на вараным данцы, уздымаў яго на дыбы перад тварамі салдат, ляскаў бізуном i брыдка лаяўся:
— Даваяваліся, сукіны сыны! Хрыстапрадаўцы! Кайзеру прадацца хацелі за гарохавую пахлёбку? Здраднікі! Шыбеніцы вам мала!
Ротмістр як бы радаваўся, што такое здарылася з батальёнам Залонскага. Я адчуваў, што ён помсціць капітану. Ды ён i не таіў гэтага, бо крычаў i такое: «Даліберальнічаліся, такую вашу маць?» Гэта ўжо ніяк не магло адносіцца да салдат; пераважная большасць ix бачылі ротмістра ўпершыню, бо з таго часу, калі яго эскадрон быў пры нашым батальёне, некаторыя ўзводы можа па тры разы абнаўляліся. Бог сцярог, як любіў жартаваць Дакука, толькі двух чалавек — Залонскага i яго, падпаручніка. Im i крычаў Ягашын, бо ўспомніў i «вальнадумныя песенькі» i «дзячкову філасофію».
Кожнае ротмістрава слова сцябала капітана. Я бачыў, як Залонскі ўздрыгваў i сутуліўся. Мне шкада было камандзіра гэтак жа, як тады, калі ён крычаў у акопе, гразіў, а салдаты нават не паварочвалі галовы.
Адзін з тых афіцэраў, што непрыкметна з'явіліся ў батальёне яшчэ ўдзень, пачаў выклікаць салдат па прозвішчы. Першага назваў Паўла Кузняцова. Той адгукнуўся.
— Тры крокі ўперад! Шагам арш! — закамандаваў Ягашын.
Былы рабочы выйшаў зусім не па-вайсковаму — зрабіў не тры крокі, a некалькі кароткіх, без каманды павярнуўся, усміхнуўся строю. Тут жа падскочыў ваенны жандар i надзеў яму наручнікі. Салдаты загудзелі. Павел усміхнуўся: было відаць, што нічога іншага ён не чакаў i што арыштоўвалі яго не ўпершышо.
На салдацкае абурэнне ротмістр адказаў камандай, i казакі выхапілі шаблі, гатовыя кінуцца на бяззбройных i секчы чалавечыя галовы.
Між тым, афіцэр-жандар, не выказваючы, не ў прыклад Ягашыну, ніякіх пачуццяў, ніякіх гнеўных слоў, на выгляд абыякавы да ўсяго, назваў іншыя прозвішчы. Ляскалі замкі ланцугоў.
Хто наступны?
Левафланговы, маленькі, я стаіўся, замёр, а сэрца калацілася, як у злоўленага птушаняці. Чакаў, што наступны будзе:
— Жмянькоў!
Баяўся арышту i адначасова хацеў, каб паклікалі i мяне. Няхай убачыць батальён, што я не дзяншчык, не лакей у капітана, што я... во які я!..
Так біліся, змагаліся два пачуцці ў маім трапяткім сэрцы — страх i рашучая адвага. Я нават падумаў: ці не выйсці самому i сказаць: «Я з імі!» Здзівіць i сваіх салдат, і Залонскага, i казакоў, i жандараў.
Адзін з тых, каго арыштавалі, закрычаў:
— Завошта, ваша благароддзе? Што я зрабіў? Я ж не гітатар! Я нікога не падгаворваў. A ў атаку адзін не пабяжыш! Як людзі, так i я.