Выбрать главу

Жандарскі падпалкоўнік загадаў адвесці баязліўца ўбок, наручнікі яму не надзелі. Тады я зразумеў, якім чынам могуць вырываць паказанні ў арыштаваных, i мне не хацелася больш апынуцца сярод ix.

Афіцэр назваў прозвішча малодшага унтэр-афіцэра Галадушкі — ніхто не адгукнуўся. Івана Свірыдавіча не было ў страі.

Узняўся вэрхал. Спакойны падпалкоўнік ажно падскочыў i загрымеў на ўсё наваколле. Лаяўся страшэнна.

— Уцёк?.. Куды? Калі? Во хто галоўны! Дзе вашы вочы былі, лапухі акопныя? Злавіць! 3-пад зямлі дастаць! Агледзець усе траншэі, бліндажы! Прачасаць кусты! Пазваніць у штаб, каб правяралі на дарогах! У вёсках! Бачыце, ідыёты, як робяць сацыялісты-завадатары? Вас, шэрае быдла, падвёў пад абух, а сам, напэўна, з немцамі шнапс п'е.

У маім сэрцы ў тую хвіліну таксама варухнулася нешта нядобрае. Я першы здагадаўся, што «забастоўка» — непрыкметная работа Івана Свірыдавіча i яго сяброў, што ў батальёне, ён, бадай, галоўны. I што ж выходзіць? Заварыў кашу, а сам у кусты? Няхай расплачваюцца іншыя?

Жандары кінуліся назад у акопы. Ротмістр Ягашын паслаў казакоў прачасаць сасняк, у якім стаялі батальённыя тылы. Падпалкоўнік больш нікога не арыштоўваў. Чакаў. Хадзіў перад строем. Спытаў:

— Ён галоўны падбухторшчык?

Строй маўчаў. Афіцэр павярнуўся да арыштаванага, які прасіў літасці.

— Ён цябе падбухторваў? Пісар Галадушка?

— Не, ваша благароддзе. Ён не з нашай роты.

— А хто?

— Не помню. Усе гаварылі.

— Не помніш? Чым табе адбіла памяць? У мяне ты ўсё ўспомніш! — I да строю: — А вы будзеце каяцца, што паверылі кайзераўскаму шпіёну. Ды позна будзе.

Івана Свірыдавіча прывялі з акопаў пад дуламі рэвальвераў i карабінаў. ВялІ жандары i казакі. Як вялікага злачынцу. Афіцэр убачыў — адразу ўзбадзерыўся, павесялеў, падкруціў вусы.

— Вось ён, галубок. Не ўдалося пераляцець да немцаў.

Пайшоў насустрач, як бы жадаючы радасна павітаць. Сустрэліся якраз каля левага флангу строю, проці мяне. Падпалкоўнік грымнуў:

— Дзе быў, морда?

Іван Свірыдавіч адказаў спакойна, з усмешкай:

— У каго з нас яна большая, пан жандар? Тоўсты афіцэраў карак наліўся крывёю. Голас сарваўся да віску:

— Маўчаць!

Іван Свірыдавіч зноў усміхнуўся.

— Вам жа будзе больш турбот, к ал i я зусім змоўкну.

— Ах, вунь ты якая цаца! — адразу змяніў голас падпалкоўнік. — Дзе хаваўся?

— Так што, ваша благароддзе, вёў агітацыю сярод казакоў,— далажыў жандар.

— Агітаваў казакоў? — здзівіўся падпалкоўнік. Здзіўленне яго прагучала з такой шчырасцю, што строй варухнуўся, салдаты выцягнулі шыі, каб убачыць Івана Свірыдавіча. Ротмістр Ягашын уздыбіў перад ім каня, замахнуўся бізуном, але... не ўдарыў.

— Ты паспеў пагаварыць з казакамі? — дапытваўся падпалкоўнік, як бы не верачы яшчэ.

— Трэба ж было ім расказаць праўду.

— Якую праўду? — закрычаў Ягашын.

— Якой вы ніколі не скажаце, ротмістр.

— Я для цябе — ваша благародзіе, хам!

— Якое ў вас благародзіе! — пагардліва махнуў рукой Іван Свірыдавіч i, абмінуўшы афіцэраў, павольна пайшоў уздоўж строю да арыштаваных сяброў сваіх.

Назаўсёды асталіся ў памяці маёй словы Івана Свірыдавіча. I як ён сказаў ix — смела, з гонарам. I як пайшоў. Як павялі ix, адзінаццаць, пад канвоем, a ўвесь батальён глядзеў услед i ўздыхнуў, што ў адны грудзі, калі постаці схаваліся за ўзгоркам. Я ўздыхнуў з болем i жалем. Да болю прымешвалася кропелька крыўды, што, стоячы так блізка, Іван Свірыдавіч нават не глянуў на мяне.

Мы яшчэ доўга стаялі — пакуль узводныя не перапісалі ўсіх людзей i не далі спісы ротмістру Ягашыну. Пасля батальён гналі ўсю ноч. Па палявых гразкіх дарогах, пад дажджом. Ягашын гнаў. Ён лётаў то ў галаву, то ў хвост калоны, бізуном падганяў адстаючых, як жывёлу. Я таксама пакаштаваў яго бізуна. Ці то ён біў без разбору, ці ўгледзеў у цемры маю маленькую постаць i адпомсціў за буркі.

Коней далі толькі Залонскаму i начальніку штаба. Ротныя i ўзводныя афіцэры ішлі разам з салдатамі.

На світанні Ягашын недалічыў чатырох чалавек. Можа ўпалі ад знямогі ў разору ці, вельмі магло быць,— уцяклі, дэзерціравалі. У дадатак выявілася, што мы збіліся з дарогі i прыйшлі не туды. Ашалелы ад злосці ротмістр хацеў гнаць далей, але знясіленыя салдаты абурана загулі i патрабавалі адпачынку i снедання; вячэры не было, i людзі ішлі галодныя. Ягашын мусіў паслаць раз'езд, каб знайшлі абоз i палявыя кухні, якія ішлі за намі, але адсталі.

На прывале я прыслужваў капітану. Залонскі быў змрочны, ні разу не глянуў на мяне; ручнік, мыла, міску з супам, лыжку браў так, быццам падаваў ix не чалавек, а дух бесцялесны.