Выбрать главу

Сукнавалаў размазваў слёзы, каўтаючы сліну: ён чакаў міскі. Рэчы батальённага начальства прывёз каптэнармус разам з кухнямі; рэчы ротных афіцэраў ехалі ў абозе. Дакука пажартаваў:

— Нашым мяшкам — асобая пашана.

Ён чытаў вершы ў часе снедання ў полі. Вершы тут i ў той час гучалі як здзек, кпіны. Сукнавалаў скрыгатаў зубамі. Салдаты з абурэннеім пыталіся ў камандзіраў:

— Хто мы — арыштанты ці салдаты? Куды нас гоняць?

Прыгналі батальён у Гарадзею. Там ужо былі іншыя батальёны, службы i штаб палка. Гэта ўзбадзёрыла i афіцэраў i салдат — што сабралі ўсіх разам i што хоць лепшыя хаты занялі казакі i ўсюды шнырыла ваенна-палявая жандармерыя, полк размясціўся як на адпачынку, толькі што без зброі.

Але калі Залонскі даведаўся, што іншыя батальёны, якія гэтак жа не падняліся ў атаку i гэтак жа былі абяззброены i зняты з перадавой, ішлі сюды без казацкага канвою, то абураўся страшэнна. Крычаў, кідаў рэчы, бегаў да штаба палка. Раніцой быў вялы, бязвольны, прыглушаны няшчасцем. А то зрабіўся надзвычай дзейсны. Афіцэр абвясціў, што ротмістр Ягашын перавышаў свае паўнамоцтвы i прынізіў, абразіў ix усіх, гонячы як арыштантаў. Падпаручнік Дакука зусім сур'ёзна папрасіў дазволу выклікаць Ягашына на дуэль. Сукнавалаў завыў: «Што вы робіце, панове? Мала вам адной бяды?»

Мне давялося ўбачыць, як у той жа дзень яны сустрэліся ў завулку — Ягашын i Залонскі. Стаялі тварам у твар, трымаючыся за кабуры, пунцовыя, з налітымі крывёю вачамі. Ротмістр першы папярэдзіў:

— Спакойна, капітан. Не мой эскадрон не пайшоў у атаку.

— Раю вам, ротмістр, саступіць, калі лёс яшчэ раз звядзе нас на вузкай дарожцы.

Разышліся.

Між тым, працягваліся арышты. Арыштавалі нават некаторых афіцэраў. Полк, па сутнасці, расфарміроўвалі. Штодня з раніцы да вечара засядала спецыяльная камісія, на допыт выклікалі кожнага салдата.

Ад таго, якую характарыстыку даваў свайму салдату ротны афіцэр, які прысутнічаў на камісіі, дзе рабіў салдат да арміі, як ваяваў, залежаў яго лёс. Адных адсылалі ў штрафныя роты, другіх — у іншыя часці, мала каго пакідалі ў сваім палку.

Падпаручнік Дакука вярнуўся з такой камісіі, праз якую прапусцілі яго роту, вельмі ўсхваляваны i змрочны. Мяне ў тыя дні больш, чым да каго іншага, цягнула да яго. Можа таму, што ён выказваўся смялей за ўсіх іншых i ахвотна тлумачыў тое, чаго я яшчэ не ведаў ці што не мог зразумець. Залонскі, наадварот, ставіўся да мяне насцярожана, — здавалася, што ён хоча збавіцца ад такога дзеншчыка, але не ведаў, як гэта зрабіць, куды мяне дзець, бо па гадах я ўсё яшчэ не падыходзіў пад прызыў i мяне нельга было адаслаць у страявую часць.

Праз тыдзень у Нясвіжы судзілі арыштаваных. На суд выклікалі батальённага i ротных камандзіраў. Мяне Залонскі не ўзяў; не тое, што раней: нідзе не абыходзіўся без дзеншчыка.

Позна ўвечары чамусьці першы вярнуўся Дакука. I прыйшоў да нас — у хату, дзе жыў камбат. Разам з гаспадыняй я гатаваў вячэру, чакаючы паноў афіцэраў. Выгляд падпаручнік меў страшны, i немагчыма было зразумець — п'яны ён ці хворы. Стаў перад акном i доўга-доўга пільна ўзіраўся ў цемру. Я нясмела спытаў:

— Як там, ваша благароддзе?..

Дакука павярнуўся. Вочы яго пры святле цьмянай лямпы чамусьці зрабіліся белыя, як зацягнутыя бяльмом.

— Ix расстраляюць, Жмянькоў,— здалося — проста адказаў ён.

Я задыхнуўся i таму не адразу спытаў:

— I Галадушку?

— Каго?.. А-а... Не помню, Жмянькоў. Многіх расстраляюць. Ці можа павесяць. Вышэйшая мера...

Ён скалануўся, як ад моцнага холаду. Я не ведаў, што яшчэ спытаць ці сказаць; уяўляў, як будуць вешаць людзей (чамусьці расстрэл не здаваўся такім страшным), i сэрца мае ледзянела ад жудасці. Невядома, колькі мы так стаялі моўчкі. Потым Дакука правёў далонямі па твары, нібы сцёр павуцінне, якое наліпае, калі ідзеш па лесе, i сказаў:

— Але як гэта подла, Жмянькоў! I якія падлюгі тыя, хто прысвоіў сабе права вырашаць лес другіх людзей — жыць ім ці памерці. I твой Залонскі. I Сукнавалаў... I камандзір палка... I генерал... Усе. Каб захаваць свае чыны, свае званні, яны гатовы павесіць, пагнаць на ўбой паў-Расіі. Подла i нізка! Гадка! Як можна жыць з такімі людзьмі, Жмянькоў? Навошта жыць?

Афіцэр сказаў амаль тыя ж словы, якія я чуў раней ад Івана Свірыдавіча, a ў апошні час найбольш — ад Паўла Кузняцова. Можа за словы такія ix асудзілі на смерць?

Дзіўна i нават чамусьці страшна зрабілася, што i Дакука загаварыў так. Больш таго — адукаваны афіцэр пытаўся ў амаль непісьменнага сялянскага хлопца, як жыць далей з подлымі людзьмі, навошта жыць. Што я мог адказаць? Разгублена маўчаў, думаючы пра Івана Свірыдавіча, пра іншых асуджаных з нашага батальёна.