— Пардон, мадам! Але ты — сляпец, Залонскі. Ты — дурань! Гнілы ліберал!
— Прэч! Пайшоў прэч! — бесцырымонна выгнала госця звычайна далікатная, гасцінная пані.
Выбягаючы з пакоя, Ягашын пагражаў:
— Вы пашкадуеце яшчэ! Вы пашкадуеце! Вам пакажуць рэвалюцыю!..— i брудна вылаяўся.
Залонскіх вельмі ўсхвалявала яго наведванне. Да позняй ночы супакоіцца не маглі. Пані нават нас з Катрусяй пакрыўдзіла — зрабіла вымову, што мы без ix дазволу пускаем у кватэру розных прайдзісветаў.
А дзён праз колькі полк тэрмінова перакінулі ў Петраград — па загаду Керанскага, які спалохаўся змовы Карнілава.
Няцяжка ўявіць, што значыла для такога хлопца, як я, пасля маленысага ціхага гарадка трапіць у сталіцу, ды яшчэ ў такі час, калі там усё кіпела i шумела, калі рабочыя, рэвалюцыйныя матросы, салдаты ўзнімаліся на абарону Петраграда ад карнілаўшчыны. Тут ужо нават Катруся не магла б утрымаць мяне пры сабе. Ды, між ініііым, i не было яе. Яны з пані пакуль што асталіся ў Таржку. А для мяне ўсё было новае, незвычайнае. Горад, людзі... Нават мітынгі ў палку зрабіліся інакшыя.
Полк размясцілі ў казармах на Васілеўскім востраве, недалёка ад завода «Дзюмо». Выклікалі полк — i быццам забыліся на яго. Ніякіх каманд не паступала. I ніхто — ні штаб, ні салдацкі камітэт — не ведалі, калі, дзе, які полк можа выступіць супроць казакоў, якіх Карнілаў i Красноў вялі на Петраград.
Ад майго пільнага вока нічога нельга было схаваць, не схавалася i тое, што Залонскі, афіцэры, Свірскі i некаторыя іншыя члены камітэта туляліся разгубленыя, узрушаныя i зусім не выказвалі радасці ад таго, што полк апынуўся ў сталіцы i павінен ісці ў бой за рэвалюцыю. Адзін я падскокваў ад радасці, як малады жарабок, i пасняваў усюды заглянуць, усё падслухаць.
Яшчэ на вакзале полк сустрэлі тры прадстаўнікі ЦВК Саветаў — двое цывільныя, адзін ваенны — прапаршчык. Відаць, ні Свірскі, ні Залонскі не разабраліся адразу, ад якой партыі тыя людзі. Ix задаволіла, што прадстаўнікі мелі мандаты Савета. Там, на вакзале, правялі мітынг. ІІалымянасць ix прамоў, яснасць, пераконанасць, неяк адразу зацьмілі туманную красамоўнасць эсэра Свірскага. Большасць салдат падтрымалі прадстаўнікоў. А я, яшчэ не ведаючы дакладна, хто тыя людзі, падумаў, што яны — як Іван Свірыдавіч, смерці не баяцца, нічога не баяцца, што яны, напэўна, з партыі Леніна. Гэта такі праўда былі бальшавікі з ваеннай арганізацыі. Адзін з ix — малады чалавек, падобны на студэнта, з бародкай, з нярускім прозвішчам, таму я не запомніў яго, з'явіўся ў полк на трэці дзень, з ім — чалавек пятнаццаць узброеных рабочых i матросаў. Сабралі палкавы камітэт. Я схітраваў — ніхто мне не загадваў — i сам стаў за вартавога каля акон будынка, дзе праходзіла пасяджэнне.
Прадстаўнікі патрабавалі ад камандавання i камітэта выдзеліць кулямётную каманду, якая павінна падтрымаць атрады Чырвонай Гвардыі, іпто занялі абарону на подступах да Петраграда. Залонскі адказаў, што не мае загаду вышэйшага камандавання.
— Чыйго загаду вы, пан падпалкоўнік, чакаеце? Карнілава? Крымава? — гарачыўся цывільны.— Ёсць загад народа!
— Таварышы, таварышы! — стараўся прымірыць Свірскі,— Падпалкоўнік Залонскі верны рэвалюцыі афіцэр. Але нельга ж так — з наскоку. Мы не маем нават патронаў. Нашы склады асталіся ў Таржку.
— Патронамі забяспечым мы, ваенная арганізацыя рабочага класа. Контррэвалюцыя не чакае. Трэба даражыць кожнай хвілінай!
— Дайце нам параіцца'з ЦВК Саветаў,— папрасіў Свірскі.— З урадам.
— Вы можаце раіцца з кім хочаце i колькі хочаце. Але калі праз гадзіну кулямётчыкі не выступяць, мы склічам палкавы мітынг i абвесцім аб вашай пазіцыі ў барацьбе з контррэвалюцыяй. Паглядзім, што скажуць салдаты. Ці такі камітэт патрэбны ў гэты час рэвалюцыйнаму палку?
— Вы нас не палохайце i не стаўце ультыматум,— крычаў Свірскі.— Полк павернецца да вас спіной.
— Склікайце мітынг — i там паглядзім, да каго якім месцам павернуцца салдаты.
Але, напэўна, камандзір палка лепш чым камітэт ведаў настрой салдат, бо раптам ветліва папрасіў не траціць час на спрэчкі, на мітынгі, а па-вайсковаму абмеркаваць дэталі: колькі кулямётаў, колькі салдат патрабуецца; што можа выставіць полк; калі i куды выязджаць, на якім транспарце.
Кулямётчыкаў вывозілі на пазіцыі на аўтамабілях. З'яўленне праз якія дзве гадзіны грузавікоў па тэлефонным выкліку маладога латыша вельмі ўзняло яго аўтарытэт. Відаць, ні разумны Залонскі, ні хітры i ўвішны Свірскі не маглі зразумець, адкуль такая сіла i ўлада ў рабочага камандзіра. Яны ведалі адно: сам Керанскі не здолеў бы прыслаць аўтамабілі. Бо колькі ix у той час было... А тут пазваніў нейкі просты, нікому не вядомы бальшавік — i падалі самы хуткі транспарт. Хто яго прыслаў? Адкуль?