Выбрать главу

Магчыма, што гісторыя з аўтамабілямі ўзбадзёрыла Залонскага, узняла яго баявы дух. Ён пажадаў сам паехаць за горад — размясціць кулямёты на пазіцыі. Хіба я мог прапусціць такую паездку?

Ехалі з чырвонымі сцягамі. З транспарантамі: «З'яднанымі шарэнгамі сустрэнем ворага народу, здрадніка рэвалюцыі, забойцу Свабоды — Карнілава!»

Калі ехалі па цэнтры сталіцы, паны i пані глядзелі на нас злоснымі вачамі. А на ўскраіне, у заводскім раёне, рабочыя махалі шапкамі, крычалі добрыя пажаданні. Босыя i мурзатыя, такія, якім некалі быў я, хлапчукі беглі за грузавікамі.

Цяпер Ленінград разбудаваўся, зліўся з прыгарадамі, з дачнымі мясцінамі, і, здаецца, гораду няма канца i краю. А тады: апошнія драўляныя дамы за Нарвскай заставай — i адразу поле. Не, не поле — балота, пустэльнае, дзікае.

У канцы жніўня там, ля Фінскага заліву, восень адчуваецца больш прыкметна, чым у нас тут, у Беларусь Але той дзень, помню, быў па-летняму цёплы, сонечны, ціхі. I хоць невысокія бярозкі ззялі на сонцы золатам, не хацелася верыць, што надыходзіць восень. Можа ад настрою залежала? Салдаты ехалі весела. На клінкернай, а пасля на тарцовай шашы моцна трэсла, падкідала. Большасць упершыню ехала на аўтамабілях, таму ўсё здавалася незвычайным; калі падкідала, узбуджана смяяліся. Я таксама спачатку смяяўся, але хутка сціх. Уразіла пустэча — ніводнага чалавека. Уяўлялася, што навокал будзе людна, як у прыфрантавой паласе — тылы, абозы, кухні. Не, нікога няма. Гэта цяпер, пры сучасным транспарце, нідзе не схаваешся ад людзей — ні ў полі, ні на лузе, ні ў лесе. А тады рэдка хто выязджаў за горад. Раней царская світа, князі, графы i ўсе багацеі па той дарозе ездзілі — на свае дачы, у загародныя вілы. A ў рэвалюцыю прытаіліся, не шыкавалі перад галоднымі рабочымі.

Мяне нават епалохала такая бязлюднасць прыгараду. Як жа будзе абараняцца Петраград ад войск Карнілава? Наіўны хлопчык, я ўяўляў любую вайну толькі ў выглядзе лініі фронту з акопамі i траншэямі. Не ведаў яшчэ, што рэвалюцыйная вайна — наступленне i абарона — патрабуе асаблівай тактыкі.

На чыгуначным пераездзе станцыі Тайцы грузавікі затрымаў узброены рабочы. Латыш спытаў, дзе камандзір атрада. Вартавы паказаў на ўзгорак, там віднелася адзінокая жоўтая будыніна. Грузавікі завярнулі з шашы на пыльную палявую дарогу. На ўзгорку каля высокага дашчанага плоту з зямлі ўзняліся рабочыя i прыветліва махалі вінтоўкамі, шапкамі.

Падпалкоўнік Залонскі вылез з кабіны другога грузавіка, на першым ехаў латыш. Я саскочыў з кузава і... далібог жа, аслупянеў. Ад дома ішоў да нас... Іван Свірыдавіч. Але, той самы Іван Свірыдавіч Галадушка, віцебскі рабочы, салдат, пасля — ротны пісар, асуджаны трыбуналам амаль год назад да смяротнай кары. У першы міг я не паверыў вачам сваім: ці не прывід гэта ад нязвыклай язды? Але глянуў на Залонскага i ўбачыў, як той пабялеў. Значыцца, сапраўды да нас ідзе Іван Свірыдавіч, жывы, здаровы, у скуранцы, на папрузе — маўзер у драўлянай кабуры. Ледзь прыкметна ўсміхаецца. Радасць мяне апанавала такая, быццам я сустрэў бацьку роднага. Хацелася закрычаць. Але першы кінуўся да Івана Свірыдавіча латыш.

— Таварыш Галадушка! Прымай кулямётную каманду, якую табе абяцалі. З такімі арламі ты можаш пакласці тут усіх карнілаўцаў.

Яны ціснулі адзін аднаму рукі. Салдаты здымалі з грузавікоў «максімы», весела гаманілі з рабочымі, а мы з Залонскім стаялі як на парадзе. Чакалі. Латыш, нарэшце, успомніў пра Залонскага. Пазнаёміў:

— Камандзір палка... Свірскі. Не, Свірскі — гэта той, з камітэта, што спалохаўся Карнілава. Падпалкоўнік — чалавек больш рашучы. Прабачце, забыўся ваша прозвішча... Грамадзянін падпалкоўнік сам пажадаў размясціць кулямёты.

Іван Свірыдавіч з той жа ўсмешкай паднёс руку да зашмальцаванай кепкі:

— Камандзір атрада Чырвонай Гвардыі Галадушка.

Залонскі таксама казырнуў, але нічога не сказаў — пэўна, заняло дух, ніяк ад нечаканасці апамятацца не мог.

Тады Іван Свірыдавіч растлумачыў латышу:

— Мы з падпалкоўнікам... тады капітанам... разам ваявалі.

— О, старыя знаёмыя! Зусім добра! — і, абыякавы да таго, як сустрэнуцца старыя знаёмыя, кінуўся назад, каб паспяшыць з выгрузкай. Здалёк ужо крыкнуў: — Падпалкоўнік! Я пакідаю вам адзін аўтамабіль. Але прашу не затрымліваць! Нам трэба яшчэ вывезці на пазіцыі некалькі атрадаў!

Іван Свірыдавіч сказаў:

— Мяне радуе, грамадзянін Залонскі, што вы тут, з намі, а не там, — ён махнуў рукой на поўдзень, уздоўж чыгункі, адкуль чакалі карнілаўцаў.

Нарэшце Залонскі здолеў загаварыць.