— Вы дрэнна думаеце пра мяне, Галадушка. Я ніколі не ішоў супроць народу...
— На судзе вы моцна спалохаліся.
Вельмі непрыемны для падпалкоўніка быў гэты напамінак — па твары ўбачыў я, бо даўно ўжо навучыўся пазнаваць настрой яго па твары, вачах, нават па руках — як пальцы перабіралі партупею ці прыгладжвалі валасы. Ажно пасінеў яго твар ад напамінку таго i рука нервова начала папраўляць рамень партупеі.
— Я адказваў за батальён. Мяне маглі судзіць...
— Аднак не судзілі. Судзілі нас. Але не будзем старое ўспамінаць. З таго часу шмат вады сплыло. Дзякую, што прыйшлі на дапамогу. Ваша ўменне i вопыт будуць дарэчы.
Узрадаваны гэтымі словамі i, безумоўна, магчымасцю хутчэй скончыць размову, размясціць кулямёты i развітацца з Галадушкам, Залонскі тут жа рушыў да салдат.
Тады Іван Свірыдавіч падышоў да мяне, абняў, як сына, вочы яго свяціліся шчырай радасцю.
— Здароў, Піліпок. Я рады, што ты жывы, здаровы! Падрос. Малайчына. Баяўся я, што яны i цябе пад трыбунал падвядуць. Начамі не спаў — думаў i перажываў, што нічым памагчы не магу. Хаця б папярэдзіць цябе... Ды не было як...
— А як жа вы... Вас жа расстралялі...
Іван Свірыдавіч сумна ўсміхнуўся.
— Злітаваўся цар-бацюхна... з ыекаторых салдат: замяніў расстрэл пажыццёвай катаргай. Хацеў загнаць нас у магілы больш пакутлівай смерцю. Ды народ ратаваў. Цару далі па шапцы, жандараў у турму. Цяпер душыцелю свабоды i кату Карнілаву галаву здымем. А там i да Керанскага чарга дойдзе. Рэвалюцыя, Піліп, не скончылася. Уладу павінны ўзяць рабочыя, салдаты, сяляне, Так вучыць Ленін...
Ён нагадаў пра Аеніна — i я спытаў:
— Вы страчалі Леніна?
— Не, брат Піліп. Пакуль я дабіраўся з катаргі, буржуі i эсэры хацелі арыштаваць правадыра рэвалюцыі. I Ленін быў вымушаны выехаць з Шцера. Куды — ведае толькі той, каму трэба ведаць. Чуў такія словы — канспірацыя, падполле? Аднак раскажы ты. Што за полк? Адкуль вы прыбылі ў Піцер? З фронту?
— Часу на размову не было. Мы хутка ішлі па полі, па пожні зжатага ячменю, па бульбе з яшчэ зялёным каліўем, па лугавіне. Пазіцыі атрада паабапал чыгункі i шашы цягнуліся кіламетры на чатыры. Залонскі ішоў наперадзе, прыкідваў, дзе паставіць кулямёты. Але Іван Свірыдавіч, слухаючы мой расказ, сачыў за камандзірам палка i часам ветліва падказваў:
— Грамадзянін падпалкоўнік! Я думаю, што лепшая пазіцыя была б вунь пад тымі дубамі. Адгэтуль бярэзнік загароджвае шашу. Казакі могуць ісці па шашы. Чыгуначныя саставы мы спынім без кулямётаў. У нас ёсць іншая сіла.
Залонскі моўчкі згаджаўся. Толькі адзін раз рашуча запярэчыў — калі Іван Свірыдавіч прапанаваў размясціць кулямётны разлік на гарышчы пустой дачы. Нават узлаваўся чамусьці:
— Гэта абсурд! Ёсць правілы вайсковай тактыкі!
Іван Свірыдавіч здзівіўся, чаму падпалкоўніку так не спадабалася пазіцыя на дачы, але спрачацца не стаў.
Калі я расказваў пра старшыню палкавога камітэта, расказваў яшчэ з захапленнем — такі прамоўца, што да слёз даводзіць, калі гаворыць! — Іван Свірыдавіч зацікаўлена спытаў:
— Хто ён?
— Свірскі? Як хто? Старшыня...
— Ад якой партыі, не ведает?
— Эсэр.
Іван Свірыдавіч засмяяўся.
— Усё зразумела. Але скажу табе, браце Піліп, можа полк ваш i рэвалюцыйны na настроі салдат, але ў рэвалюцыйнасці вашага палкавога камітэта я моцна сумняваюся.
Каб хто іншы, старонні гэта сказаў, напэўна, я кінуўся б у бой за свой камітэт, за Свірскага. А з Іванам Свірыдавічам не толькі не стаў спрачацца, a чамусьці пачаў расказваць, як латыш вырываў кулямётную каманду, хоць добра разумеў, што гэта пацвердзіць Галадушкаву думку, Але, магчыма, мне захацелася неяк узняць у яго вачах камандзіра: ён жа першы згадзіўся накіраваць кулямётчыкаў! Я быў у той час юным лібералам; наслухаўшыся прамоў, начытаўшыся газет пра роўнасць усіх людзей, хацеў усім ім, людзям, рабіць добрае. Няхай Залонскі спалохаўся на судзе — перад трыбуналам любы мог спалохацца! — але ж чалавек ён добры. Відаць, Іван Свірыдавіч усё так i зразумеў, бо адказаў:
— Пасля таго, Піліп, што ты расказаў, Свірскі твой ясны, як божы дзень. А вось ён,— кіўнуў на Залонскага,— быў загадкавы i пакуль што астаецца загадкай. Для мяне ў прыватнасці.
Камандзір палка спяшаўся вярнуцца ў горад. А мне так хацелася пагутарыць з Іванам Свірыдавічам! Даўно я не гутарыў ні з кім так сур'ёзна, па-даросламу, i ў той жа час шчыра, вельмі даверліва, як некалі з дзядзькам Ціханам. Сардэчна гутарыў з Катрусяй, але ж пра палітыку з ёй не пагаворыш, яна ў палітыцы тады цямней ночы была. Гэта цяпер мая Кацярына Васілеўна — самы дасведчаны міжнароднік, ад газет i тэлевізара не адарвеш.