Папрасіў камандзіра дазволіць астацца з кулямётчыкамі. Адмовіў. Нават, здалося мне, са злосцю. Злосць яго балюча ўразіла/У душы маёй узняўся пратэст. Захацелася ўзбунтавацца, як некалі ў Смаленску. Я вольны чалавек. Чаго мне баяцца? Ды яшчэ тут, пры Іване Свірыдавічы, пры рабочых! Не паеду — i ўсё! Няхай сам чысціць боты. Лакеяў больш няма!
Але, мусіць, Іван Свірыдавіч i тут адгадаў мае пачуцці, мой намер, ці па твары, у вачах прачытаў, бо лагодна сказаў:
— Смеласць тваю, Піліп, мы ведаем. Але нам ты мала паможаш. A камандзіру больш патрэбны. Шчасліва вам,— i весела падміргнуў мне.— Не бойся, цяпер я знайду цябе. Параднюся з вашымі кулямётчыкамі — i буду частым госцем у палку.
Ехаў я назад з крыўдай на Залонскага. Але ўвогуле на душы было хораша. Быццам прасвятленне нейкае найшло. За апошнія месяцы ў галаву маю набілі многа ўсялякага смецця. Нядоўгая размова з Іванам Свірыдавічам як бы пачысціла той сметнік i да ладу шмат што прывяла. Як гаспадарлівы каптэнармус — раскладзе ўсё ў капцёрцы па парадку, i адразу відаць, што лішняе, а чаго не хапае. Так i я. Качаючыся i падскокваючы ў кузаве, адзін, як качан, раскладваў я ўсё па парадку i пачынаў бачыць, адчуваць, чаго мне не хапае, а чаго i занадта многа ў галаве. Добра помню, што цвёрда вырашыў: «Калі i пасля асуджэння на смерць Іван Свірыдавіч так верыць Леніну, ідзе за ім, то i я пайду за Леніным i ніякай хлусні пра бальшавікоў больш не паверу».
А той жа Свірскі ў сваіх прамовах ліў на бальшавікоў бруд. Але я разумеў, што, каб здзейсніць гэты свой намер, трэба змяніць жыццё. А як? Уцячы з палка, ад Залонскага? Падацца на завод? То навошта Іван Свірыдавіч сказаў, што я патрэбны камандзіру? Можа мае нейкі свой разлік? Буду чакаць сустрэчы з ім. Я верыў у такую сустрэчу, вельмі хуткую, i ад гэтага адчуў сябе спакойна, упэўнена, павесялеў.
A Залонскі ў той дзень быў задумлівы, бадай сумны, якім я не бачыў яго даўно ўжо, хіба ў Смаленску апаноўвала яго такая хандра. У мяне спытаў, калі я падаваў яму вячэру:
— Жмянькоў, што цябе цягне да гэтага чалавека?
— Да якога, Усевалад Аляксандравіч?
— Да бальшавіка гэтага... Галадушкі.
Я сумеўся: што адказаць?
— Ён добры. I разумны. Ён як бацька.
— А я не здолеў замяніць табе бацьку?
— Вы добры, пан падпалкоўнік.
Вельмі дзіўна — праніклівым позіркам, ніколі, бадай, так не глядзеў — прасвідраваў ён мяне наскрозь, расчаравана працягнуў:
— М-да, Жмянькоў,— і, апусціўшы вочы ў талерку, дадаў: — Відаць, ix Ленін мае рацыю.
Я не зразумеў, у чым Ленін мае рацыю. Але тое, што ён сказаў «ix Ленін», яшчэ больш размежавала нас, i я не адважваўся распьггваць, што падпалкоўнік мае на ўвазе,— пабаяўся, што ён скажа што-небудзь брыдкае i сапсуе мой добры настрой. У наступныя дні я прыкмеціў яшчэ адну новую рысу ў паводзінах Залонскага: раптоўна змяніліся яго адносіны да Свірскага. Нічога не асталося ад ранейшай павагі. Нават размаўляць пачаў ca старшынёй камітэта несур'ёзна, насмешліва, як з малым; са мной, i то так ніколі не гаварыў. На пасяджэнне камітэта адмовіўся пайсці. Калі член камітэта, які нрыходзіў запрашаць, выйшаў з пакоя, зняважліва кінуў услед:
— Балбатуны бясплодныя. Павучыліся б у балыдавікоў, як трэба дзейнічаць.
Пачуў я гэтыя словы — i зусім збіўся з панталыку. За каго ж цяпер Залонскі? Чаму страціў веру ў эсэраў, да якіх так доўга хіліўся? Сам жа Керанскі эсэр.
Тым часам напружанасць спала. Карнілаўцы не вытрымалі рэвалюцыйнай згуртаванасці рабочых i салдат. Кулямётчыкі вярнуліся ў казарму. Жыццё ў палку прыходзіла да ладу, безумоўна, у знешніх праявах, бо іншага, што рабілася тады, я не мог бачыць.
Цяпер мы ведаем, як развіваліся падзеі. Часта з вышыні гэтага ведання, асэнсаванасці людзі расказваюць пра свой удзел у гістарычных падзеях. Можа i я трохі збіваюся на такі шлях. Але гэта даравальна, бо мне, хоць яшчэ i не вельмі свядомаму, пашчаслівіла апынуцца блізка ад эпіцэнтра таго выбуху, які скалануў увесь свет.
Я чакаў Івана Свірыдавіча. Ад кулямётчыкаў ведаў, што бою не было, i ўсе жывыя i здаровыя зняліся з пазіцыі. Пра рабочага камандзіра Галадушку кулямётчыкі, з якімі я гаварыў, адзываліся хораша, некаторыя — з захапленнем. I таксама казалі, што ён абавязкова наведаецца ў полк, бо абяцаў ім. Але праходзілі дні, a Іван Свірыдавіч не ішоў. I я перажываў. У такім узросце не вельмі яшчэ задумваешся над прычынамі, думаеш спрошчана: маўляў, паабяцаў — выконвай. Праўда, неўзабаве гэтыя перажыванні адступілі, я прыгадваў Івана Свірыдавіча, але не чакаў яго з такой нецярплівасцю, узрушанасцю. З'явіліся новыя клопаты. Пераехалі ў Петраград пані Залонская i Катруся. Ііасяліліся ў цёткі пані Антаніны, у прыгожым асабняку амаль у цэнтры Піцера — побач з Міхайлаўскім манежам. Мяне там не пасялілі. У доме хапала прыслугі. Я астаўся ў казарме. Магчыма, Залонскі хацеў паступова збавіцца ад дзеншчыка, бо пасля сустрэчы з Іванам Свірыдавічам адносіны камандзіра да мяне прыкметна змяніліся. Не, ён не злаваўся — выхаваны афіцэр! Ды i час не той, не пры царызме. Ён проста неяк аддаліўся i мент звяртаў увагі на мяне. Дзеншчыком я даўно не лічыўся; яшчэ ўлетку, у Таржку, Залонскі прызначыў мяне памочнікам штабнога каптэнармуса. Але гэта проста так, для формы. У сапраўднасці я аставаўся дзеншчыком, бо самому мне падабалася быць бліжэй да Катрусі, ды i яму, камандзіру, без маіх паслуг жылося б цяжэй,— ён любіў парада к, чысціню, камфорт. Але калі прыехала пані, Залонскі радзей пачаў карыстацца маімі паслугамі — толькі на службе, у палку. Аднак не забараняў мне наведвацца на кватэру. Я зрабіўся вольным казаком — гуляў, дзе хацеў. Паездка туды на трамваі, зварот назад, у казарму, часта пехатой, пад асеннім дажджом (ні разу, якая ні была б пагода, не запрасілі мяне пераначаваць),— забіралі нямала часу i адрывалі ад салдат, ад жыцця ў палку. Таму шмат чаго, што рабілася ў тыя асеннія дні ў палку, я прамаргаў, гледзячы на Катрусіны бровы i слухаючы кпіны лакеяў у людской дома пані Галай.