Выбрать главу

A ў палку вялася вялікая работа. Іван Свірыдавіч не з'яўляўся, але выйшла так, што ён жыў сярод салдат. Дарэчы, не адзін я прамаргаў змены, якія адбываліся ў настроі салдат. Залонскі таксама. Ён не кожны дзень з'яўляўся ў палку — невядома, дзе адсутнічаў, як i некаторыя іншыя афіцэры, апраўдваючы гэта тым, што, маўляў, усё адно ўсімі справамі кіруе палкавы камітэт. Але ўлада Свірскага была падкошана нябачнай прысутнасцю Івана Свірыдавіча. Даволі было кулямётчыкам чатыры дні пабыць пад яго камандаваннем — i настрой ix змяніўся. Пасля тлумачыў мне Іван Свірыдавіч, што полк наш быў моцным арэхам эсэраўска-меншавіцкім: у такія запасныя часці, асабліва на унтэр-афіцэрскія насады, у пісары, на склады, капцёркі набівалася нямала розных дробных буржуйчыкаў, якія баяліся фронту i хацелі перасядзець вайну ў тыле.

Аднойчы, калі я позна ўвечары вярнуўся ад Катрусі, казарменная плошча гудзела тысячамі галасоў. Не зважаючы на дождж, ішоў мітынг, вельмі бурны. Ішоў, па сутнасці, у цемры, бо некалькі цьмяных газавых ліхтароў перад уваходам у казарму не асвятлялі нават трыбуну, з якой выступалі прамоўцы. Твараў не відаць было, але па гомане адчувалася, што салдаты моцна ўзрушаныя.

У мяне быў ключ ад запасных дзвярэй, праз якія я адразу трапляў у каморку, дзе жыў з каптэнармусам,— каб не ісці праз усю казарму, не грукаць ботамі ў даўжэзным калідоры. I тут я адразу сцяміў, што праз казарму я хутчэй траплю да трыбуны i хутчэй, чым распьггваючы салдат, якія апынуліся з краю, даведаюся, чаму полк узняўся ў такі позні час i мітынгуе пад дажджом.

У пустым калідоры казармы я сутыкнуўся са Свірскім i здзівіўся, што старшыня палкавога камітэта не на мітынгу. Выгляд у яго быў разгублены i спалоханы, шынель не зашпілены, шапка набакір. А ён жа часта гаварыў пра дысцыпліну. Кінуўся да мяне, як бы ратуючыся.

— Жмянькоў! Добра ведаеш дарогу да кватэры камандзіра?

Дзіва што! За паўтара месяца вывучыў кожную вуліцу, кожны дом, нават выбоіны на тратуарах!

— Паедзеш з ад'ютантам, пакажаш дарогу. Прывязіце пана падпалкоўніка. У палку бунт.

— Які бунт?

— Маршавая рота адмовілася ехаць на фронт.

Выпадак у той час нярэдкі, пра такія бунты пісалі газеты, расказвалі бальшавіцкія прамоўцы. Але ўсё-такі здарэнне незвычайнае. Я ведаў, што такое вайсковая дысцыпліна, ведаў, што перад штабам акругі, перад урадам за полк адказвае камандзір. Таму згадзіўся суправаджаць ад'ютанта.

Паехалі на парцы добрых коней у брычцы на мяккіх рысорах. На глухіх вуліцах са сляпымі дамамі — рэдка дзе свяцілася акно ці працэджвалася святло ў шчыліны аканіц — гулка стукалі капыты коней па бруку, барабаніў дождж па скураной будцы брычкі. У цэнтры — на набярэжнай, на Неўскім, на Ліцейным — яшчэ шумела жыццё. Гулялі пад парасонамі афіцэры i паненкі. Свяціліся вокны рэстаранаў, гучала музыка. Пра гэтыя рэстараны многа гаварылі ў палку. У Піцеры галадалі рабочыя, салдаты атрымлівалі паўфунта хлеба, a ў рэстаранах гэтых, казалі, хіба толькі птушынага малака не падавалі. За вечар буржуй ці багаты афіцэр прагульваў там больш, чым рабочы зарабляў за месяц.

Ад'ютант панура ўздыхаў, гледзячы на гэтыя спакусы. Калі я спытаў, ці наведваецца пан прапаршчык у такія рэстараны, ён злосна вылаяўся i загадаў мне памаўчаць. Мяне здзівіў такі яго настрой, звычайна на службе прапаршчык гэты быў мяккі i гаваркі чалавек.