У Залонскага былі госці, i ён выйшаў да нас у пярэдні пакой. Калі адчыніліся дзверы ў гасціную, мяне моцна ўразіў голас аднаго з гасцей — здалося, гаварыў ротмістр Ягашын. Залонскі выслухаў даклад ад'ютанта аб тым, што робіцца ў палку, на дзіва спакойна. На просьбу старшыні камітэта неадкладна прыехаць у полк адказаў зняважліва:
— Перадайце, прапаршчык, гэтаму ідыёту, які хваліўся веданнем салдацкай душы i сваім уплывам на салдат, няхай сам сёрбае кашу, якую заварыў. Гэта яго ідэя — з ротай.
— Старшыня камітэта лічыць, што трэба папрасіць казакоў...
Залонскі зарагатаў нядобра, зларадна.
— Лагічны шлях такога рэвалюцыянера, як Свірскі,— сказаў ён,— Але мяне асабіста не спакушаюць лаўры Карнілава. Сашка Керанскі — лідэр партыі, да якой належыць Свірскі, няхай яны дамаўляюцца паміж сабой. Прашу прабачыць, панове, у мяне госці.
Безумоўна, для насмешкі Залонскі i мяне залічыў да паноў. Але не гэта кранула мяне. Здавалася, за два гады я добра ўведаў свайго камандзіра i разумеў нават самыя нечаканыя яго ўчынкі. З таго вечара я перастаў разумець яго. Хто ён? За што стаіць? Мабыць, i ад'ютант нічога не разумеў, бо па дарозе назад спачатку маўчаў у глыбокай задуме, пасля мацюкнуўся i даверліва сказаў:
— Храновыя нашы справы, Жмянькоў.
Хацелася спытаць: «Чые справы?» — але я спытаў:
— Чаму?
— Каб я ведаў чаму, то ведаў бы, у які бок падацца. А цяпер ведаю адно: неабходна знайсці начную карчму i напіцца.
Прыйшлося мне ехаць у полк аднаму. На Васілеўскім баку, адразу за Мікалаеўскім мостам, мяне запыніў патруль — два матросы, два рабочыя. Зазірнулі ў брычку, спыталі, куды я ездзіў. Не мог я тлумачыць, чаму езджу пасярод ночы. Сказаў паўпраўду: завозіў на кватэру камандзіра палка. Адзін з матросаў пацікавіўся, як мой камандзір настроены. Я адказаў, што ён — за рэвалюцыю. Рабочы засмяяўся.
— За якую?
На гэта я не меў што адказаць, хоць адразу здагадаўся, што перада мной — бальшавікі. Але менавіта праз гэта я не мог сказаць, бо сапраўды не ведаў, за якую рэвалюцыю Залонскі. Матрос паклікаў рабочага:
— Пайшлі, Васіль. Хлопца гэтага будзем прасвятляць пасля. Бывай, бравы салдат. Але запомні, брат, — рэвалюцыі бываюць розныя.
На свой узрост i пісьменнасць я мог лічыцца, бадай, адукаваным палітыкам — разбіраўся ў партыях, у ix лозунгах. Але вось гэтага не мог уцяміць.,. Па Неўскім ездзілі каменданцкія патрулі. Урадавыя. А тут — іншы патруль. Хто ж трымае ўладу, калі справа дайшла да патрулявання вуліц i юнкерамі i рабочымі?
У палку мне сказалі, што Свірскі ўжо не старшыня камітэта, перавыбралі. Старшынёй абралі кулямётчыка Фадзея Ліпатава, ціхага i непрыкметнага салдата, які дагэтуль ніколі не выступаў на мітынгах i якога я нават не ведаў, так хіба помніў з твару.
На Другі дзень я сустрэў у казарме таго латыша, які патрабаваў кулямётную каманду на абарону Піцера ад Карнілава. Гэта ён праводзіў мітынг у мінулы вечар, узняў на ногі полк. Я не запомніў яго дзіўнага прозвішча, але сустрэчы з ім узрадаваўся, хоць ён, напэўна, не помніў мяне i ставіўся не надта ўважліва i зычліва, можа нават лічыў афіцэрскім шпіёнчыкам. Але калі я спытаў у яго, дзе Іван Свірыдавіч Галадушка, вочы ў латыша падабрэлі, але хітра прыжмурыліся.
— А ён хто табе — бацька, дзядзька, сват, брат?
— Дзядзька,— сур'ёзна адказаў я.
Латыш паверыў.
— Праўда, гаворка ў вас адна. Па-руску вы гаворыце не лепш за мяне. Дзядзька твой выконвае заданне партыі.
— Ён абяцаў нрыйсці ў полк, знайсці мяне.
— Абяцаў — прыйдзе. Абяцаў — знойдзе.
I здарылася дзіва: праз дзень ці два Іван Свірыдавіч з'явіўся.
Па ўсім, што рабілася ў гораде, у палку, адчуваў я, што наперадзе — новыя рэвалюцыйныя падзеі, ведаў, што рыхтуюць ix бальшавікі: яны сталі партыяй, за якой пайшлі салдаты, рабочыя. Але якія гэта падзеі — уяўляў туманна, бо не мог бачыць усяго таго, што рабіла партыя ў сталіцы — арганізацыі Чырвонай Гвардыі, узбраення рабочых, кантролю над арсеналамі, блакіравання ваенных вучылішчаў i часцей, якія захоўвалі вернасць Керанскаму. Урад, штаб акругі калі i не ведалі цалкам ленінскага плану ўзброенага паўстання, то, безумоўна, здагадваліся, на што скіравана работа ў Смольным. I яны рабілі захады, каб задушыць рэвалюцыю. Нягледзячы на перавыбары камітэта, полк, наш, відаць, яшчэ не быў выкраслены з ліку часцей, якія маглі б падтрымаць урад. Пэўна, таму — па загаду штаба акругі — Залонскі начаваў у тыя дні пры палку. I ўсе афіцэры былі ў баявой гатоўнасці — пры сваіх батальёнах, ротах, узводах. У маленькім пакойчыку спалі начальнік штаба i ад'ютант. Залонскі спаў у сваім кабінеце.