Умываліся, галіліся афіцэры ў агульным пакоі канцылярыі, дзе ўдзень сядзелі пісары.
На досвітку — Залонскі рана ўставаў — я прынёс ваду, таз, ручнік. Адным словам, як заўжды, рыхтаваў усё неабходнае для ранішняга туалету пана падпалкоўніка.
У гэтві момант i ўвайшоў Іван Свірыдавіч, такі, якога я бачыў там, на пазіцыі, за горадам — у скуранцы, з маўзерам. Я нават зіхнуў ад нечаканасці.
— Чаму спалохаўся, Піліпок? Не чакаў?
— Чакаў... дзядзька Іван.
— Чакаў — гэта добра, не забываеш, значыцца, старых сяброў. Малайчына! Бачыш, выканаў я сваё абяцанне — знайшоў цябе. Камандзір тут?
Як бы ў адказ на яго запытанне адчыніліся дзверы i ўвайшоў Залонскі ў наглянцаваных ботах, але ў хатняй куртцы, расшпіленай; бліснуў залаты крыжык на аголеных грудзях у прарэзе беласнежнай сарочкі.
Здзівіўся ён больш, чым я, калі ўгледзеў свайго былога салдата.
— Галадушка? — i пачаў хутка зашпільваць гузікі курткі — як перад генералам.
Іван Свірыдавіч не па-салдацку — не стаў ва фронт — казырнуў i не па-салдацку павітаўся:
— Добрай раніцы, пан падпалкоўнік.
Залонскі зашпіліў гузікі — спытаў:
— Што вам трэба, Галадушка?
— Вээрка назначыў мяне камісарам у полк. Вось мой мандат,— дастаў з кішэні гімнасцёркі паперку.
— Што такое вээрка?
— Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Савета дэпутатаў рабочых i салдат.
Відаць, закранула афіцэрскі гонар, што ён стаіць перад салдатам, i Залонскі сеў за адзін з заплямленых пісарскіх сталоў. Галадушка таксама сеў, за другі стол, напроці. Адзін я стаяў у куце, каля табурэта з тазам i чайнікам, стаіўшы дыханне, зіркаючы то на аднаго, то на другога.
— Як камандзір палка, я падпарадкоўваюся законнаму ўраду... Загадваць мне можа толькі камандуючы акругай,— сказаў Залонскі халодным, афіцыйным голасам.
Іван Свірыдавіч, наадварот, весела ўсміхнуўся, махнуў рукой:
— Э-э, падпалкоўнік, дзіўлюся з вашай адсталасці. Вы ўсё яшчэ верыце, што можаце павесці полк у бой — за што? — без згоды камітэта, салдат?
Залонскі не адказаў — апусціў галаву i разглядаў сваю прыгожую руку, бліскучыя пазногці.
— Усевалад Аляксандравіч! — упершыню Іван Свірыдавіч звярнуўся так, i Залонскі ажно ўздрыгнуў i хутка ўзняў галаву, выпрастаўся,— Вы ж разумны чалавек. I, мне здавалася, на фронце ведалі салдацкую душу. На якое ліха вам рабіць стаўку на дохлага сабаку? Ідзіце з народам — не пашкадуеце. Рэвалюцыі патрэбны адукаваныя вайскоўцы.
Прыгожы, знаёмы мне да кожнай рыскі твар падпалкоўніка скрывіла нядобрая ўсмешка.
— Дзякую за параду. Але народ — разуменне шырокае. Цяпер усе гавораць ад імя народу. Клянуцца яго імем. А я хачу ведаць больш канкрэтна: куды ісці? за кім ісці?
— Мы пакажам, куды ісці.
— Хто — мы?
— Бальшавікі. Ленін.
Зноў такая ж усмешка скрывіла твар Залонскага, але на адзін міг; як бы жадаючы схаваць яе, ён зноў апусціў вочы i, пастукаўшы пальцамі па стале, сказаў, не ўзнімаючы вачэй:
— Вы не падумалі, пан бальшавік, што я маю права арыштаваць вас? На арышт вашага Леніна выдадзен ордэр яшчэ ў ліпені.
Іван Свірыдавіч спахмурнеў i адказаў сурова:
— Калі i вы ўзялі на сябе жандарскія функцыі, паспрабуйце арыштаваць. Мне нават цікава паглядзець, як вы гэта будзеце рабіць без камітэта, без салдат.
Іван Свірыдавіч глянуў на мяне. Тады i Залонскі паглядзеў на мяне, успомніў пра маю прысутнасць i нібы збянтэжыўся ад такога сведкі, сказаў:
— Ты, Жмянькоў, можаш ісці.
Іван Свірыдавіч запярэчыў:
— Няхай паслухае. Хлопцу трэба разабрацца, што да чаго. Ён вольны чалавек i мае сваю галаву.
Залонскі зноў пільна паглядзеў на мяне: моўчкі загадваў выйсці, ведаючы, што я разумею кожны яго pyx, кожны позірк.
Я не выйшаў. Я не выйшаў бы, каб ён нават загадаў па-вайсковаму. У той міг я сапраўды адчуў сябе вольным ад яго ўлады. Мабыць, ён таксама сцяміў гэта, бо стоена ўздыхнуў i адвёў позірк на акно, за якім днела, але пачынаўся надакучлівы асенні дождж, з таполяў злятала апошняе пачарнелае лісце.
Усталявалася няёмкая цішыня. Іван Свірыдавіч цярпліва чакаў з прыхаванай усмешкай.
Залонскі выбіў пальцамі па стале нейкі жалобны матыў — нешта з таго, што іграе вайсковы аркестр на пахаванні.
Іван Свірыдавіч спытаў усё з той жа ўсмешкай:
— Каго вы думаеце паклікаць, каб арыштаваць мяне?
Залонскі страпянуўся i неяк адразу змяніўся — з элегантнага самаўпэўненага афіцэра ў простага чалавека, разгубленага, усхваляванага, засмучанага. I голас у яго змяніўся — стаў мяккі, шчыры, калі ён сказаў:
— На камплімент я вам адказваю кампліментам, Галадушка. Вы таксама мудры чалавек, нямала пажылі... Дык адкажыце мне... Можа Расія нармальна жыць, ваяваць, перамагчы пры такім становішчы? — ён паказаў пальцам на сябе, пасля — на Івана Свірыдавіча.