Выбрать главу

— Не, не можа! — адразу адказаў Галадушка.— Бо Расія не хоча ваяваць. Расія рабочых, салдат хоча міру, зямлі, хлеба. А што ёй далі Керанскі, кадэты, генералы ды розныя згоднікі?

— Мір трэба заваяваць. Гэта адзінае выйсце з вайны. У любым іншым выпадку мы прадамо Расію немцам, здрадзім саюзнікам. А няма большай ганьбы, чым здрада сябрам.

— Пан падпалкоўнік! Расію хацелі i хочуць прадаць — гэта праўда. Толькі гераізм рэвалюцыйных матросаў у бітве ля Маайдзундскіх астравоў ратаваў Петраград, які кадэты i генералы хацелі здаць немцам, каб задушыць рэвалюцыю.

— Гэта выдумкі.

— Не прыкідвайцеся, падпалкоўнік. Вы добра ведаеце, што гэта праўда. I я хацеў бы спытаць у вас: чаму ў час аперацыі пад Маандзундам бяздзейнічаў англійскі флот? Дзе ж славутая вернасць саюзніцкім абавязкам? А вы кажаце пра здраду. А нажывацца на крыві народу — гэта не здрада? Не, пан Залонскі, я, салдат, не хачу паміраць ні за інтарэсы рускага, ні за інтарэсы англій-' скага капіталу. Я магу памерці толькі за сваю радзіму, за свой народ, за рэвалюцыю!

Іван Свірыдавіч сказаў гэта рашуча, горача i ўзняўся імкліва з месца, узрушаны, пачырванелы, паправіў папругу з маўзерам.

Залонскі таксама падняўся, але вяла, як бы нехаця, твар яго набыў змарнелы, стомлены выгляд, быццам ён не спаў усю ноч. Сказаў, здалося мне, трохі насмешліва:

— Я паважаю вашу мужнасць i адданасць ідэі. Што яшчэ пан камісар патрабуе ад мяне?

— Нямнога. Вы не дасце ніводнай каманды ніводнаму падраздзяленню палка без згоды камітэта i маёй.

— Я паўтараю: толькі загады камандуючага акругай...

— Пан падпалкоўнік, я не маю намеру агітаваць вас. Але мушу папярэдзіць ад імя Савета, яго Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта: любое выступленне супроць рабочых, рэвалюцыйных салдат i матросаў можа дрэнна скончыцца для вас.

— Мяне не палохалі нямецкія атакі, яфрэйтар Галадушка.

— Я не палохаю. Народ добры. I не жадае крыві. Але ў класавай бітве літасці быць не можа.

— Гэта формула вашага Леніна?

— Гэта формула рэвалюцыі.

— Што ж, выдатная формула,— зноў крыва ўсміхнуўся Залонскі, смыкнуўшы плячамі — у пакоі было халаднавата — i захінаючы атласным каўнерыкам курткі шыю.

Галадушка ў гэты момант казырнуў на развітанне, але нешта спыніла яго, ён пільна паглядзеў на афіцэра i па-простаму, бадай па-сяброўску, сказаў:

— Усевалад Аляксандравіч, вы на раздарожжы, вы сапраўды не ведаеце, куды ісці, з кім... Я вам дам параду. Захварэйце на колькі дзён. Восень, холад. Насмарк, горла. Пасядзіце каля каміна. Падумайце. У вас, здаецца, сям'я ў Піцеры? Абяцаю, што ў палку будзе поўны рэвалюцыйны парадак.

— Я астануся на сваім пасту! — не толькі холадна, але, бадай, злосна адказаў Залонскі. — I ў вашых парадах не маю патрэбы.

Іван Свірыдавіч казырнуў зноў.

— Калі ласка. Прашу прабачыць, што патурбаваў. Але майце на ўвазе: камандаваць палком мы будзем разам.

Яшчэ ў жніўні, калі мы зноў сустрэліся, я паверыў: з'явіцца ў палку Іван Свірыдавіч — i зменіцца маё жыццё. Не буду я больш дзеншчыком, лакеем. Абрыдла. Іван Свірыдавіч дасць мне больш пачэсную працу. Таму здалося, што гарачая вада, якую я прынёс у тую раніцу з кухні,— апошняя мая паслуга Залонскаму.

Я выскачыў следам за Іванам Свірыдавічам, дагнаў яго ў калідоры, пайшоў побач з цвёрдай упэўненасцю, што з гэтага пачнецца маё новае жыццё.

Іван Свірыдавіч спытаў:

— Што, брат Піліп? Як думаеш: да каго павернецца гэты пан народнік?

— Да паноў.

Камісар засмяяўся.

— Здаецца, маеш, хлопча, нядрэннае класавае чуццё. Як астатнія афіцэры?

— Лаюць Керанскага i бальшавікоў,— я ўспомніў, хто Іван Свірыдавіч, i прыкусіў язык.

— Хочуць ваяваць? На фронт ірвуцца?

— Не, на фронт ніхто не рвецца. Нават прапаршчык!.

— Вось бачыш, Піліп! А пра перамогу крычаць. Няхай льецца кроў рабочых i сялян? Так? Мала яшчэ праліта крыві? Сукіны сыны яны ўсе разам ca сваім

Керанскім. Дэмагогі. Што ж, прапаршчыкаў паетараемся нейтралізаваць. Вядзі да старшыні камітэта.

Неўзабаве сабраўся палкавы камітэт. Я ўпершышо прысутнічаў на яго пасяджэнні. Дагэтуль ніхто мяне не запрашаў.

Першы гаварыў Іван Свірыдавіч. Ён сказаў, што Часовы ўрад — урад капіталістаў i памешчыкаў, не толькі не выканаў патрабаванне паўстаўшага народу — скончыць вайну, устанавіць рабочы кантроль над вытворчасцю, даць зямлю сялянам,— але ўсё больш i больш пераходзіць у наступленне на заваёвы народу, заключав тайныя пагадненні з саюзнікамі i — больш таго — намерваецца здаць Петраград немцам, рыхтуе разгром Саветаў, фабрычна-заводскіх i салдацкіх камітэтаў. Ён сказаў, што Саветы павінны ўзяць уладу, што толькі Савецкі ўрад — урад рабочых, сялян, салдат — можа выканаць волю народу. Заклікаў камітэт, калі спатрэбіцца, узняць полк на абарону Саветаў ад контррэвалюцыйнай змовы Керанскага.