Але выступіў член камітэта, унтэр-афіцэр з першага батальёна, i сказаў: яму вядома, што не ўрад, а бальшавікі рыхтуюць мяцеж i што калі яны яго ўзнімуць, то рота, якую ён прадстаўляе, выступіць за ўрад. Маўляў, яны (хто яны — я так i не зразумеў) не жадаюць, каб рускія стралялі ў рускіх. «Хопіць таго, што нас забіваюць немцы! — крычаў унтэр.— Любое выступленне цяпер супроць урада прывядзе да кровапраліцця, да паражэння на фронце, да анархіі ў краіне». Вось тут i загарэлася такая бойка, што шмоцце ляцела. У падтрымку унтэра тут жа выступіў Свірскі — ён аставаўся членам камітэта. Гаварыў эсэр доўга, горача, стукаў кулаком у грудзі, крычаў пра банапартызм бальшавікоў.
— Нам будзе ганьба, калі мы дазволім, каб палкавым камітэтам камандаваў бальшавіцкі камісар. Во! Во хто топча дэмакратыю, нашу салдацкую свабоду! Бальшавікі хочуць дыктаваць усім партыям.
Іван Свірыдавіч не адказаў. Сядзеў, слухаў i пасміхаўся. Свірскаму адказаў новы старшыня камітэта Фадзей Ліпатаў. Добра я запомніў яго. Ён праваяваў усю вайну, быў тройчы паранены, лічыўся лепшым кулямётчыкам, але салдацкага, як казалі тады, бравага выгляду не набыў. Звычайны селянін — згорблены ад працы, барадаты, заўсёды неахайна падпяразаны. Маўклівы. Але калі ўжо пачынаў гаварыць, то далікатных слоў не падбіраў. Свірскаму ён сказаў:
— Ты спачатку, гад, скажы, чаму хацеў палавіну камітэта на фронт паслаць? Хто складаў спіс маршавай роты?
— Майго подпісу не было. Не! — завішчаў Свірскі.
— Не было. Але без цябе, паразіта, не абышлося.
— Гэта абраза! Гэта чорт ведае што такое! Я не дазволю.
— А хто ў цябе пытае дазволу? — гудзеў Ліпатаў.
— Таварышы, да чаго мы дажылі? За што мы пралівалі кроў? Каб нас, рэвалюцыянераў, называлі паразітамі? Божа мой! — Свірскі схапіўся за галаву — здавалася, што ён вось-вось заплача. Яго сябры ўзнялі вэрхал — пратэставалі.
— А чаму вы баіцеся так фронту? На фронце — нашы таварышы! — крычаў нехта з ix.
— Мы таму i называемся запасным палком, каб змяняць, папаўняць франтавыя часці!
— Я баюся фронту? — спытаў Ліпатаў i засмяяўся.— Сучыя вы дзеці. Ox, i хітруганы ж, гады! Але i мы не дурні. Не думайце!
Скончылася тым, што абураныя прыхільнікі Свірскага пакінулі пасяджэнне.
Тады Іван Свірыдавіч сказаў:
— Што ж — так, бадай, лепш. Але мітынгаваць доўга няма чаго. Трэба брацца за працу. Задача першая: вырваць баявыя роты з-пад уплыву эсэраў.
Іван Свірыдавіч хадзіў па казарме, гутарыў з салдатамі. Я часам выконваў яго даручэнні, у вольны час стараўся быць побач. Салдаты глядзелі на мяне здзіўлена. Відаць, думалі па-рознаму — хто не разумеў, хто ўхваляў, а хто можа i так падумаў: во, маўляў, пралаза. Быў дзеншчыком у камандзіра, а цяпер круціцца каля камісара Саветаў. Адзін салдат — Іван Свірыдавіч пасля расказваў — нават папярэдзіў яго: ці не шпіён я афіцэрскі? Іван Свірыдавіч між іншым, спытаў, ці абыдзецца падпалкоўнік без мяне.
— Няхай абыходзіцца. Я не раб яму.
— Правільна! Усялякае лакейства народ адменіць назаўсёды. Але пакуль што, брат Піліп, нам было б карысна ведаць, чым займаецца камандзір, дзе бывае, з кім сустракаецца. Паслужы яму яшчэ трохі. Нядоўга ўжо.
Другі раз адсылаў ён мяне назад — у дзеншчыкі. Калі першы раз, на пазіцыі, я прыняў гэта натуральна, то гэты раз з'явілася крыўда i страх — падумалася, што не верыць мне Іван Свірыдавіч, збавіцца хоча. Але i ён зразумеў, што я падумаў, бо ўзяў за плечы, сказаў даверліва:
— Гэта баявое заданне, Піліп. Шпіёніць мы не будзем, але вока спускаць з афіцэраў нельга.
Залонскі ўзрадаваўся, што я вярнуўся i, па-ранейшаму пакорлівы i ціхі, прыслужваў у часе абеду. I даручэнні яго выконваў, другі раз за адзін дзень здзіўляючы салдат. Маючы такое даручэнне, я, вядома ж, стараўся варушыць мазгамі i больш пільна, чым звычайна, прыглядаўся не толькі да Залонскага, але i да іншых афіцэраў i да таго, што рабілася ў штабе. I не дарэмна. Зазірнуў, між іншым, цераз плячо знаёмага пісара ў яго паперы i ўбачыў, што ён перапісвае загад аб пасылцы другой роты першага батальёна — той самай, пра якую гаварыў унтэр-афіцэр — на абарону моста. Ведаючы настрой гэтай роты, я адразу сцяміў, што да чаго, i куляй паляцеў шукаць Івана Свірыдавіча.