Ён сур'ёзна пахваліў мяне за такую вестку i тут жа сказаў Ліпатаву паслаць узвод на ахову складу боезапасаў з загадам: без подпісу старшыні камітэта i каміcapa В PK ніводнага патрона не выдаваць. Удвух з Ліпатавым яны тут жа пайшлі да Залонскага. Пра што яны гутарылі — я, на жаль, не чуў. Рота выступіла, але не ў поўным складзе, не больш палавіны, i з пустымі патранташамі, без адзінага кулямёта.
A ўначы — новая падзея.
Пасцяліў я падпалкоўніку ў кабінеце на канапе, пажадаў яму добрай ночы i пайшоў у сваю каморку, каб хутчэй нырнуць у пасцель, бо натаміўся за дзень, i назаўтра — ведаў — рана ўставаць. Па суседству з намі жылі добраахвотнікі-тэлефаністы, з гімназістаў; двое з ix непрызыўнога ўзросту былі, як i я, гадоў па шаснаццаць-семнаццаць мелі. З дзеншчыком яны асаблівага сяброўства не заводзілі, але i не цураліся: не той час, усе лічылі сябе дэмакратамі, акрамя таго, ад дзеншчыка можна даведацца пра пікантныя падрабязнасці жыцця афіцэраў, a гімназісты ў сне бачылі сябе афіцэрамі; да таго ж, напэўна, існуе закон еднасці равеснікаў — людзі цягнуцца да тых, хто роўны ім па гадах. Але палітычных сімпатый маіх тэлефаністы не ведалі; навучаны з маленства, я панам ніколі не казаў праўду нават у самых шчырых гутарках. Таму адзін з ix зацягнуў мяне да сябе ў каморку i па сакрэту паведаміў:
— А я прыняў шыфровачку. Загад Керанскага. Арыштаваць у гэтую ноч камісараў Саветаў i бальшавіцкія камітэты. Так што бальшавікам сёння будзе варфаламееўская ноч. Даўно пара! — выказваў сваю радасць тэлефаніст.
Што такое «варфаламееўская ноч», я не ведаў, але ўсё іншае зразумеў: хочуць арыштаваць Івана Свірыдавіча! Сэрца мае застукала трывогу. Хутчэй папярэдзіць! Не помню ўжо, якую прычыну выдумаўшы, я кінуўся з каморкі тэлефаністаў у казарму. Салдаты спалі. Я не ведаў, дзе начуе Іван Свірыдавіч, але ведаў — дзе Ліпатаў. Яго месца на нарах пуставала. Многа месцаў пуставала. А тыя з кулямётчыкаў, што асталіся ў казарме, не спалі, як бы да чагосьці прыслухоўваліся, чагосьці чакалі. Але ніхто з ix не адказаў на маё запытанне, дзе Ліпатаў, дзе іншыя члены камітэта. Я лётаў па ўсёхт казарме. Іншыя роты бестурботна спалі. Не спалі ў другой роце тыя, што не пайшлі на ахову моста. Яны таксама насцярожана чакалі нечага. Не знайшоўшы нікога, каму можна было перадаць пачутую ад тэлефаніста тайну, я кінуўся ў штаб. I яшчэ больш спалохаўся, калі ўбачыў, што амаль усе афіцэры сабраліся ў кабінеце камандзіра палка, апранутыя, з рэвальверамі, з шаблямі. Дзе знайсці Івана Свірыдавіча? Як памагчы яму?
Бездапаможны, разгублены, кідаўся я з кутка ў куток, каб знайсці хоць аднаго чалавека, якому можна даверыцца i спытаць парады. Не ведаю, як я зноў апынуўся ў штабе. Да афіцэраў мяне не клікалі, i я, безумоўна, не адважваўся ўваходзіць, рабіў выгляд перад ад'ютантамі, што знаходжуся тут па загаду падпалкоўніка. I раптам дзверы ў пісарскую шырока адчыніліся i ўвайшоў... Іван Свірыдавіч, з ім — тры салдаты.
Я кінуўся да яго.
— Іван Свірыдавіч!..
Ён адхіліў мяне.
— Пачакай, Піліп.
I гэтак жа шырока адчыніў дзверы ў кабінет.
Для паноў афіцэраў гэта было, відаць, такой неспадзяванкай, што некаторыя з ix падхапіліся, быццам не рабочы ўвайшоў, а генерал. Іван Свірыдавіч, не пераступаючы парог, сказаў:
— Панове афіцэры! Загад, які сабраў вас у такі позні час, добра вядомы i нам, камітэту. Міліцыя ці казакі, якія едуць ужо, будуць абяззброены i арыштаваны. Магчыма, дзеля гэтага давядзецца ўжыць зброю. Папярэджваю, панове. Адзін стрэл адсюль, ад вас,— i кулямёты, якія пастаўлены ў двары, адкрыюць агонь па гэтых вокнах...
Асобныя афіцэры абурана закрычалі, пратэстуючы:
— Гэта бунт!
— Што робіцца ў палку?
— Хто тут камандуе?
— Арыштаваць яго!
— Панове! У палку будзе рэвалюцыйны парадак, калі вы не справацыруеце салдат на выступленне. Арыштаваць мяне не так проста. Ідзіце, панове, спаць. Паўтараю: усё будзе ціха.
Залонскі супакоіў афіцэраў, якія абураліся.
— Дзякую вам, пан падпалкоўнік. Спадзяюся на вашу мудрасць,— Іван Свірыдавіч казырнуў i пайшоў назад.
Я вылецеў следам за ім, прашаптаў у калідоры:
— Я шукаў вас, дзядзька Іван. Яны маюць загад, каб арыштаваць вас. Тэлефаніст сказаў.
— Ведаю, Піліп. Дзякую. Прасачы за афіцэрамі. Я ў двары, каля галоўнай брамы. Калі што — ляці туды.
Я, хоць i атрымаў загад, усё-такі выйшаў разам з Галадушкам у двор. Во дзе мне трэба было шукаць камісара i камітэтчыкаў! Паабапал галоўных варот ляжал! ў засадзе салдаты. За калонамі казарменнай царквы стаялі кулямёты. На вартавой вежы таксама стаяў кулямёт, прыкрываючы паўночныя, запасныя, уваходы ў двор. Каля канюшні на абозных фурманках, у сене, ляжалі салдаты. Усё гэта я ўбачыў, бо Іван Свірыдавіч паслаў мяне з запіскай да Ліпатава, які ахоўваў з узводам боесклад.