Ноч стаяла халодная, хмарная, але без дажджу. Гэта была ноч на дваццаць чацвёртае кастрычніка.
Раніцой я даведаўся, што атрад казакоў, які прыехаў, каб арыштаваць камісара i камітэт, абяззброілі без адзінага стрэлу. Полк спаў — i нічога не ведаў. Не спалі бальшавікі. Яны былі на варце спакою, не даючы разгуляцца контррэвалюцыі, i стрымліваючы залішне гарачых сваіх ад заўчасных выступленняў. Ажыццяўляўся ленінскі план узброенага паўстання — ні на дзень раней, ні на гадзіну пазней.
Не ведаю, неяк не прыйшлося спытаць пасля, ці ведаў у тую трывожную ноч Іван Свірыдавіч дзень i гадзіну выступлення. Але раніцой ён праводзіў мітынг так, нібы не было ніякай падрыхтоўкі да нечага асаблівага. Звычайны мітынг, якія тады збіраліся ледзь не штодня. Іван Свірыдавіч расказаў пра начную спробу Керанскага арыштаваць рэвалюцыйныя салдацкія i фабрычна-заводскія камітэты, аб правале чарговай авантуры кадэцка-эсэраўскай.
Але ўсё-такі мне, можа таму, што я ўсюды шмыгаў, па ўсіх казармах, удалося прыкмеціць, што кулямётчыкі паводзяць сябе як перад наступленнем. Не, кулямёты яны не правяралі i стужкі не набівалі. Але я ўбачыў: чалавекі тры з раніцы, без лазні, надзелі чыстую бялізну. Менавіта кулямётчыкі. Больш ніхто. Значыцца, лічылі, што будуць весці бой. Але дзе? З кім?
Залонскі, пэўна, не спаў усю ноч і, здаецца, добра выпіў, хоць звычайна, калі афіцэры збіраліся на начную п'янку i ігру ў карты, паднімалі мяне — прыслужваць. У тую ноч ніхто не патурбаваў. Залонскі, з бледным тварам, чырвонымі вачамі, сядзеў за сталом i пісаў, калі я далажыў, што гарачая вада для галення гатова. Галіцца ён не стаў. Снедання не патрабаваў. Апрануўшы шынель, абышоў двор, службы, казармы. I ўсюды знаходзіў непарадак i раздражнёна, злосна лаяў за гэты непарадак салдат, унтэр-афіцэраў i нават афіцэраў. Нават пры цары ён ніколі так не лаяў салдат. Камандзір як бы хацеў аднавіць сваю ўладу над палком. Мяне ён таксама распёк за нейкую драбязу. I я падумаў: «Во гад, буржуй пракляты, дулю ж я буду прыслужваць табе». Але, зрабіўшы такую інспекцыю, Залонскі, мабыць, пераканаўся, што ўзяць полк пад сваю ўладу немагчыма. На Ліпатава, які з'явіўся тады, калі камандзір аброс цэлай світай афіцэраў, Залонскі таксама накрычаў за бруд у адным з памяшканняў.
— Вы, панове камітэтчыкі, толькі i ведаеце, што мітынгуеце, а салдат хутка пачне касіць сыпняк. Ці рэвалюцыянера такая рэч, як вош, мала цікавіць? Крычым аб высокіх матэрыях, а прыбраць у сарціры не ўмеем. Палітыкі! Уладу хочуць узяць. Расіяй кіраваць.. А анучы па паўгода нямытыя. Хамы!
Ён здзекаваўся, абражаў салдат, чаго раней не рабіў. Ён як бы знарок хацеў наклікаць на сябе гнеў салдацкі. I шмат хто шыпеў услед яму, пагражаў: пачакай, маўляў, дабяромся i да цябе. A Ліпатаў — во мудры селянін! — падтакваў, бо наконт чысціні камандзір меў рацыю: распусціўся полк пры анархісце Свірскім.
Магчыма, гэты спакой старшыні палкавога камітэта даканаў Залонскага. У нейкі момант ён як бы знясілеў i, яшчэ больш бледны, змарнелы, вярнуўся ў канцылярыю. Доўга сядзеў адзін. Пасля паклікаў мяне, сказаў, каб я перадаў фурману — няхай запрагае. Загадаў мне рашуча i настойліва:
— Паедзеш ca мной! — нібы разгадаў мае жаданне збавіцца нарэшце ад яго, вырвацца на волю.
Але я ўспомніў наказ Івана Свірыдавіча быць пры камандзіры, сачыць. Куды ён паедзе? З кім хоча сустрэцца?
Пакуль Залонскі збіраўся, я такі выбраў хвіліну, пашукаў Івана Свірыдавіча, каб яшчэ раз спытаць у яго: што рабіць? Не знайшоў. Сустрэў Ліпатава. Спытаў у яго. ён падазрона агледзеў мяне i адказаў:
— Не лезь, хлопец, у чужую кашу. Еш сваю, пакуль даюць.
Не зразумелі мы адзін аднаго.
Была яшчэ адна прычына, якая прымусіла ехаць: спадзяванне, што Залонскі паедзе дадому, а я колькі дзён ужо не бачыў Катрусі, засумаваў.
Залонскі сапраўды паехаў дадому. Дзіўна, што апоўдні дваццаць чацвёртага, праязджаючы па горадзе, я не ўбачыў ніякіх прыкмет пачатку ўзброенага паўстання, нават думка ў няме не з'явілася, што за ноч i наступны дзень могуць адбыцца такія падзеі.
Трохі хіба адчувалася трывога. Больш было на вуліцах міліцыі, розных веставых, i з'явіліся казацкія раз'езды. Коні высякалі падковамі на бруку іскры. Дагэтуль казакоў на вуліцах я не бачыў.
На Мікалаеўскім мосце нам прыйшлося пастаяць: наперадзе ішоў атрад матросаў; мабыць, ахова моста мела загад такія атрады не прапускаць, бо была лаянка, крыкі. Матросы сарвалі з плеч карабіны. Здавалася, вось-вось адкрыюць агонь. Прахожыя цывільныя пужліва кінуліся хто куды — далей ад бяды. Наш фурман — стары салдат, таксама хацеў назад павярнуць, але Залонскі спыніў яго. Ён уважліва назіраў за тым, што робіцца на мосце. Мне здалося, што падпалкоўніку хочацца, каб там пачаўся бой, палілася кроў. Але загучала каманда. Матросы ўскінулі карабіны на плечы i, збіўшы нагу, гулка пракрочылі па мосце. Мы рушылі за імі. Каля парапету стаялі юнкеры, узводы два. На пляцоўках лесвіц, што спускаліся да ракі, з-за мяшкоў з пяском насцярожана выглядалі дулы кулямётаў.