За мостам матроскі атрад раздзяліўся на два, i абодва яны спусціліся на набярэжную.
Праязджаючы міма юнкераў, Залонскі зняважліва сказаў:
— Смаркачы.
Я жахнуўся: няўжо яму хацелася, каб гэтыя хлопчыкі, амаль мае равеснікі, пачалі страляць у матросаў? Ды тыя ж змялі б ix з моста ў адзін міг, як вецер сухое лісце. Не разумеў я свайго камандзіра. За апошні час ён вельмі змяніўся. Быў добры, чулы, вясёлы, a зрабіўся змрочны, нелюдзімы i, бадай, злосны. На каго? Раней часта гаварыў са мной пра палітыку, тлумачыў, што да чаго. Апошнія месяцы два, пасля карнілаўскага мяцяжу, ён бадай нічога не ўбіваў у маю галаву. Магчыма, сам не ведаў, за што агітаваць мяне — за якую партыю, за якую палітыку.
На Неўскім, як заўсёды, было людна. Народ цёк па тратуарах ракой. Чыталі адозвы, якімі былі густа абклеены рэкламныя тумбы i сцены. Стаялі салдаты, студэнты. Махалі рукамі — спрачаліся.
У доме нас сустрэлі так, быццам не бачылі год ці два i быццам мы вярнуліся не з піцерскай казармы, што за Нявой, а з фронту. I пані Антаніна, i яе старая цётка Эмілія Валяр'янаўна. Нават лакей i пакаёўскі таксама радаваліся. Але, бадай, самая радасная была Катруся. Ажно свяцілася ўся. Дагэтуль праз сваю сарамлівасць яна рэдка калі размаўляла са мной пры людзях. А тут рантам знікла яе сарамлівасць, нібы не хлопец чужы прыехаў, а брат родны. Яна паіла мяне чаем на кухні i бясконца гаварыла па-свойму, па-простаму, ніколькі не стараючыся, як іншыя, пераймаць гарадскіх, i ў яе вуснах мова ўкраінская здавалася найчароўнейшай у свеце. Яе ўсе слухалі з цікавасцю, нават паны. Гэтая ўвага людзей часта бянтэжыла Катрусю. Яе любілі. Да мяне таксама ў доме тым ставіліся добра. Асабліва кухарка. У яе сын загінуў на фронце. З гора яна ўпотай выпівала. Вып'е, частуе мяне панскімі прысмакамі, а сама сядзе наўпроці, глядзіць, як я ем, i слязьмі заліваецца. Для мяне такі пачастунак — не радасць, а пакута. Чамусьці кожны раз самому хацелася заплакаць наўзрыд. Катруся бачыла гэта, разумела i старалася, калі я еў, размовамі i рознымі даручэннямі i просьбамі заняць кухарку.
Нам гэтак узрадаваліся ў доме таму, што хадзіла чутка, нібыта ўсе войскі гарнізона выводзяцца з горада. Верылі тады самым неверагодным плёткам. Такая чутка, безумоўна, спалохала жанчын, ды i ўсіх абывацеляў: без войска невядома што будзе тварыцца — разня, пагромы. На войска мелі надзею як на ахову парадку, улады, законаў. Мала хто ведаў, што войскі сапраўды хацелі вывесці, але не Савет, a Керанскі.
Буржуазную публіку спалохала адозва Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, у якой народ папярэджваўся, што контррэвалюцыя падняла сваю злачынную галаву i ў горадзе магчымы правакацыі i пагромы. Калі пра ўсё гэта загаварылі ў гасцінай, Залонскі крыва ўсміхнуўся i сказаў паням нешта па-французску, ад чаго тыя яшчэ больш спалохаліся. Старая прастагнала:
— О, божа! Ратуй нас, грэшных.
Для мяне той дзень быў памятны. Катруся была такая добрая, такая ласкавая, што нават дазволіла ў калідорчыку абняць сябе i пацалаваць у шчочку. Першае каханне! Першы пацалунак! Хто з вас помніць яшчэ гэтыя незвычайныя найшчаслівейшыя падзеі ў жыцці, таму няцяжка ўявіць, што адчуваў шаснаццацігадовы салдат, на якое неба ён узнёсся. Сапраўды, на пэўны час я забыўся пра ўсё на свеце, акрамя каханай. У мяне гарэла галава, пылалі вусны i шчокі. Як п'яны ад самага цудадзейнага віна, блукаў я па кватэры, дзе толькі можна было, з адной думкай, з адным жаданнем: яшчэ разочак на адну кароценькую хвіліначку спаткацца з Катрусяй адзін на адзін. Не абняць яе яшчэ раз мне хацелася. Гэта здавалася грубым i непрыгожым, так рабілі вясковыя хлопцы. Мне хацелася стаць перад ёй на калені i сказаць такія словы, якія, здавалася мне, ніводзін яшчэ просты хлопец не казаў дзяўчыне — найпрыгажэйшыя словы, як у кніжках; сказаць, што я пакахаў яе на ўсё жыццё, да апошняга дыхання майго. Але калі мне пашчаслівіла зноў сустрэць яе, на калені я не стаў — пасаромеўся, a сказаў нешта недарэчнае.
Катруся папрасіла ласкава, хораша:
— Піліпачку, не трэба, галубочыку мій! Більш гарно будэ так просто. Во так,— i сама чмокнула мне ў шчаку.