I зноў я ўзляцеў некуды — гець! — у неба, вышэй за асеннія хмары — туды, дзе свяціла сонца i квітнеў райскі сад.
Спусцілі мяне на грэшную зямлю блізкія стрэлы. Страляніна ўсчалася ўвечары, гадзін у дзевяць. Каля тэлефоннай станцыі спачатку, пасля яшчэ бліжэй — каля школы прапаршчыкаў, якая была зусім побач, за які квартал.
У доме спалохаліся. Старая пані загадала зачыніць аканіцы.
Паклікалі з кухні мяне. Залонскі паспешліва апрануўся. Але тут жа ў прыхожай пані Антаніна, яе старая цётка i яшчэ нейкі сваяк, які прыехаў з правінцыі, угаворвалі падпалкоўніка нікуды не хадзіць.
— Панове! Вы чуеце, што робіцца? Гэта бальшавіцкі мяцеж. Як жа я, камандзір палка, магу сядзець у такі час дома?
— Сева, любы, — маліла жонка.— Але ж ты сам казаў, што балыйавікі разлажылі полк, што ён выступіць за ix. Мне страшна, Сева. Гэтая чэрнь узбунтуецца i будзе страляць у афіцэраў.
— Тоня! Я франтавік! Я тры гады сядзеў у акопах.
— О, божа,— стагнала маладая пані,— Тады я баялася менш, чым цяпер.
Сваяк, хітра ўсміхаючыся, спытаў:
— Усевалад Аляксандравіч! Вы хочаце падняць полк? У абарону каго? Паяца Керанскага? Па-мойму, урад яго даўно перастаў быць уладай. Пра гэта пішуць газеты. Няхай яго даб'юць бальшавікі. Спадзяюся, вы не думаеце, што яны могуць узяць i ўтрымаць уладу.
Залонскі адказаў нешта па-французску — іўсепаны перайшлі на чужую мову, каб прыслуга не разумела.
Праз хвіліну Залонскі нехаця распрануў шынель i, раздражнёны, засмучаны, вярнуўся ў пакоі — на радасць жонкі.
А я лепш, чым паны, разумеў, што адбываецца. Не, гэта не мяцеж. Гэта новая рэвалюцыя, пра якую казаў Іван Свірыдавіч, казалі прамоўцы на мітынгах,— рэвалюцыя, у якой уладу павінны ўзяць рабочыя i салдаты.
Я ўявіў, што робяць зараз Іван Свірыдавіч, Ліпатаў, кулямётчыкі, і, натуральна, захацеў быць разам з імі, у палку, на піцерскіх вуліцах, дзе — чуваць было па стрэлах — разгараўся бой, бо з другога боку — ля Марсавага поля, загаманілі кулямёты. «Можа кулямёты нашага палка?» — думаў я.
Але на кухні адбылося амаль тое ж, што ў панскай прыхожай, толькі больш проста i шчыра. Даведаўшыся пра мой намер зараз жа кінуцца на вуліцу, Катруся, тая самая Катруся, якая яшчэ колькі дзён назад слова саромелася сказаць, толькі чырванела пры мне, цяпер пры кухарцы, пры пакаёўцы старой пані ўчапілася ў мяне i прасіла:
— Піліпку, галубчыку! Не ходы. Прошу тэбе, рідный мій.
Да яе далучылася цётка Мар'я. Яна прасіла так, як, напэўна, прасіла б мяне маці, каб была там.
— Не хадзі, Філіпчык. Паслухайся, сынок, нас, дурных баб. Невядома, хто страляе, у каго страляюць. A кулі — дурныя, яны не разбіраюцца, дзе вораг, дзе свой, дзе мужчына, дзе дзіця. А ты ж дзіця яшчэ горкае.
Не маглі не скарыць мяне, ап'янелага ад першага кахання, ад першага пацалунку, такія просьбы, такія словы Катрусіны i кухарчыны. Паслухаўся я ix, нікуды не пайшоў у той вечар. I вось усё жыццё каюся. Адзінае, за што папракаю сваю Кацярыну Васілеўну. Быць у такі дзень у самым цэнтры Петраграда, дзе навокал штурмавалі стары свет, i сядзець каля жаночых спадніц, у цёплай кухні, есці панскія булкі, піць салодкую каву — дагэтуль не магу дараваць ні сабе, ні суджанай сваёй. А каб астаўся ў палку, то, безумоўна, пайшоў бы з Іванам Свірыдавічам. А ён камандаваў зводным атрадам, у якім былі i салдаты нашага палка; i атрад яго ў той жа вечар заняў маеты цераз Малую Няву, а на другі дзень сам Іван Свірыдавіч з кулямётчыкамі браў удзел у штурме Зімняга.
Раніца дваццаць пятага супакоіла жанчын. Было зусім ціха — ні блізкіх, ні далёкіх стрэлаў. Кухарка яшчэ на світанку схадзіла ў разведку i не выявіла ні безуладдзя, ні беззаконня. Толькі каля школы прапаршчыкаў замест курсантаў стаялі матросы. А з другога боку ўзброеныя рабочыя, спакойныя i ветлівыя, нікога не прапускалі да тэлефоннай станцыі. Магчыма, з якім буржуем рабочыя гаварылі б інакш, а кухарка, жанчына гаваркая, добрая, па-простаму пагутарыла з чырвонагвардзейцам i вярнулася зусім заспакоеная. Дагэтуль яна разам з панамі лаяла бальшавікоў, а тут зрабіла нечаканае адкрыццё: «Калі гэта бальшавікі i ўсе яны такія, то няма нам чаго ix баяцца — свае людзі, браты нашы i сыны».
Я прысароміў жанчын:
— Ну вось, а вы баяліся! Ды я ведаю такога бальшавіка, лепш за якога можа няма чалавека ў свеце,— i расказаў ім пра Івана Свірыдавіча.
Катрусі i цётцы Мар'і сапраўды як бы няёмка зрабілася, i япы, зразумеўшы, што трымаць мяне за зачыненымі дзвярамі i аканіцамі не выпадае, ды i нельга ўтрымаць, не пярэчылі, каб я ішоў у полк,— удзень i жанчыны смялеюць. I другое яны зразумелі: што мне, салдату, лепш у той дзень ісці аднаму, не чакаючы падпалкоўніка. Паны яшчэ спалі, калі я, радасна ўзрушаны ад прадчування незвычайнага, выскачыў з дому.