Уначы ішоў дождж, але раніцой перастаў. Недзе над Балтыкай вецер парваў хмары, яны ляцелі над Шцерам чарадой крылатых авечак, даганяючы адна адну. У прасветах паміж хмарамі зрэдку выбліскваў чысцюткі блакіт неба. Але тратуары былі яшчэ мокрыя. На бакавых вуліцах, дзе заўсёды не вельмі мнагалюдна ў такі ранні час, усё было як звычайна: дворнікі, пазяхаючы i жагнаючыся, адчынялі брамы i аканіцы, упускаючы ў пакоі новы дзень. Крамы, праўда, адчыніліся не ўсе, але каля хлебнай па-ранейшаму выцягнулася доўгая чарга жанчын i дзяцей. Звярнула маю ўвагу хіба тое, што раней, калі я праходзіў тут раніцой, чарга шумела. А гэтая стаяла ціха, як бы прыслухоўваючыся да нечага — як слухаюць першы вясновы гром.
Я таксама прыслухаўся i пачуў далёкія рэдкія с.трэлы. Здалося, стралялі там, за Нявой, на Петраградскім ці Васілеўскім баку, дзе казармы нашага палка, таму я заспяшаўся туды.
На Неўскім увогуле не відно ніякіх змен. Ішлі трамваі, аблепленыя людзьмі. Ехалі рамізнікі. Адчыняліся крамы. Цякла стракатая рэчка людзей, пераважна па-буржуйску апранутых: чыноўнікі, як заўсёды, спяшаліся на службу ў свае міністэрствы, банкі, канторы, управы.
Маё пільнае вока прыкмеціла хіба ў гэтым натоўпе адну асаблівасць: менш у ім, чым раней, афіцэраў, юнкераў i ўвогуле вайскоўцаў. Нават жанчын у форме траплялася менш, чым у любую іншую раніцу, калі я праязджаў тут з Залонскім. Скажу шчыра, што выгляд Неўскага раніцой 25 кастрычніка мяне расчараваў: ніякіх прыкмет рэвалюцыі, зусім не так, як было ў Смаленску ў лютым.
Але на Ісакіеўскай плошчы натоўп як бы неспадзявана натыкаўся на сцяну. Адных гэта палохала, i яны адступалі назад, разгубленыя. Другія ныралі ў бакавыя вулачкі, як бы жадаючы хутчэй абысці гэтую сцяну. Але многія аставаліся на праспекце, i ўтварыўся шчыльны затор, як на мітынгу, калі ўсе ціснуцца бліжэй да трыбуны, каб пачуць прамоўцу. Сапраўды там ішоў мітынг: з балкона другога паверха выступаў нейкі кудлаты чалавек, мабыць студэнт. Але не ён зацікавіў мяне. Чаму людзі спыняюцца тут? Што ці хто ix трымае? Я прабіўся праз натоўп i ўбачыў, што выхады з плошчы ў бок Адміралцейства i Зімняга перагароджаны браневікамі i ланцугом салдат.
Прамоўца з балкона крычаў аб змове бальшавікоў. Але яго словы мяне не цікавілі, я наслухаўся ix, самых розных, больш чым трэба,— i на мітынгах, i ў штабе ад афіцэраў, ад сувязістаў, i ў доме цёткі пані Антаніны. I ўжо не верыў словам, як верыў пасля Лютаўскай рэвалюцыі.
На браневіку калыхалася ад ветру чырвонае палотнішча. «Вся власть Совѣтамъ» — было напісана белай фарбай; напісана няўмела, літары размыліся, мабыць, ад дажджу. Але браневікі з такім лозунгам усцешылі i супакоілі мяне: значыцца, стаяць рабочыя i салдаты, яны трымаюць уладу i парадак. Недарэмна так разгудзеліся буржуі. Як патрывожаны вулей.
Я ўявіў, як бы гэты натоўп кінуўся ва ўсе бакі, каб браневікі i пехацінцы далі залп паверх галоў. Ад такой думкі зрабілася весела. Але ніхто не страляў. Гэта было дзіўна i незразумела. Няўжо за ноч скончылася? Я паспрабаваў распытваць у салдат, якія церліся ў натоўпе, i ў тых цывільных, хто прасцей апрануты, што адбываецца ў горадзе. Адзін салдат адказаў, што бальшавікі арыштавалі Керанскага. Але тут жа цывільны, з выгляду — рабочы, запярэчыў, што, маўляў, гэта хлусня — пакуль што вядома, што Керанскі з войскамі абкружыў Смольны інстытут, а рабочыя i матросы абкружылі Зімні палац. Так вось i стаяць. Вядуць перагаворы. Але яму запярэчыў чыноўнік у форме чыгуначніка:
— Панове! Хіба вы не чулі прамоўцаў? Бальшавікі арыштавалі міністраў законнага ўрада. Гэта узурпацыя.. Яны задушаць рэвалюцыю.
Мяне, ды i шмат каго навокал, здзівіла, што чыгуначніку адказаў чалавек багата апрануты — у капелюшы, у добрым паліто, з галёшамі на хромавых ботах. Ён сказаў:
— Рэвалюцыю даўно задушылі. Яшчэ ў ліпені. Кадэты i згоднікі з буржуазіяй, Мілюкоў i Керанскі. Сённяшняе выступленне — гэта новая рэвалюцыя. Рэвалюцыя рабочых i сялян, якая дасць народу мір i хлеб.
На яго пачалі наступаць з кулакамі студэнты i нейкія паненкі.
— Бальшавіцкі агент, шпіён!
— Вы хочаце прадаць Расію немцам! Адкрыць фронт Вільгельму!
Чалавек не стаў задзірацца — спакойна, з усмешкай, адчуваючы сваю сілу, выбраўся з натоўпу i пайшоў да ваеннай гасцініцы. Матросы, якія ахоўвалі гасцініцу, прапусцілі яго не правяраючы пропуск — мабыць, інтэлігент той быў ix чалавек, можа камісар, як Іван Свірыдавіч у нашым палку.
Яго пастава, спакой i гэткі ж спакой матросаў i салдат, якія ахоўвалі плошчу, пераканалі мяне, што ўсё галоўнае ўжо адбылося ўначы. Безумоўна, было цікава паблукаць тут, на Неўскім, паслухаць, як гудзяць буржуі. Спакусліва было вярнуцца ў панскі дом i паведаміць, што бальшавікі захапілі ўладу. Цікава, што адказаў бы на гэта Залонскі, яго жонка, яе цётка, ix госць з Варонежа? Але я вырашыў, што, бадай, больш за ўсё даведаюся ў палку. Калі нават полк выступіў змагацца за рэвалюцыю, я знайду яго i там сустрэнуся з Іванам Свірыдавічам. Я не сумняваўся, што камандуе палком не хто іншы, як ён.