Мікалаеўскі мост ахоўвалі чырвонагвардзейцы. Першыя патрулі мяне прапусцілі. Каго мог зацікавіць у тым разварушаным чалавечым муравейніку адзінокі салдат-непаўналетак! Цераз мост праходзіла нямала люду. Хто без зброі — тых нават не спынялі. Але патруль на Васілеўскім баку затрымаў мяне. А я меў адзіны дакуменцік — кніжачку Георгіеўскага кавалера. Рабочы з рэвальверам пакруціў яе ў руках, спытаў, у якім я палку, i ўжо вярнуў мне кніжачку, гатовы адпусціць. Але малады рабочы з вінтоўкай, які стаяў збоку, каля парапету, пацягнуў носам паветра i ўпэўнена сказаў:
— Васіль Пятровіч! Юнкер гэта пераапрануты! Шпіён! Панюхайце, як ад яго булкамі пахне.
Во меў чалавек нос! Гадзіны можа дзве ці нават тры назад выпіў я кубачак кавы, з'еў свежую булачку, якую спякла цётка Мар'я, пасядзеў на кухні, дзе пякліся гэтыя панскія булачкі,— i рабочы пачуў пах.
Калі я, спалоханы, што мяне палічылі за юнкера, пачаў шчыра расказваць, што я не юнкер, а дзяншчык камандзіра палка, начаваў у яго на кватэры i сапраўды на сняданак з'еў злашчасную булачку, гэта насцярожыла i настроіла супроць мяне не толькі аднаго маладога чырвонагвардзейца, але ўсіх, хто пачуў маю блытаную споведзь.
— Во гады! Нашы дзеці кавалка хлеба не маюць, а яны булкі жаруць!
— Кажы праўду: куды i навошта паслаў цябе твой афіцэр?
— Нікуды не' пасылаў. Я сам іду ў полк.
— За каго ix полк? — спытаў малады чырвонагвардзеец у старэйшага.
— Чорт яго ведае. Першы раз чую пра такі полк,— адказаў той.
— Камітэт у нас бальшавіцкі. I камісар ёсць... Галадушка,— пачаў тлумачыць я. Але нават прозвішча Івана Свірыдавіча павярнулася супроць мяне.
— Гэта вы, афіцар'ё праклятае, мянушку такую камісару далі? — абурыўся малады, якому я чамусьці яўна не спадабаўся.
— Ды не. Гэта прозвішча такое. Мы з ім у акопах разам вошай кармілі,— адказаў я па-салдацку.
— I ты карміў вошай? — усумніліся чырвонагвар.дзейцы.
Я такі не карміў ix, а таму сумеўся. Мабыць, пачырванеў. Бо ўжо старэйшы, памяркоўны, сказаў:
— Дрэнна цябе, хлопец, паны афіцэры маніць навучылі. Завядзі, Ілля, яго ў раённы штаб. Там разбяруцца.
Пакуль са мной гутарылі, па мосце нрайшлі дзесяткі людзей, цывільных, салдат, матросаў, праехалі самакатчыкі, i нікога з ix нават не спынілі. А мяне павялі пад ружжом. Вось якія парадоксы лесу бываюць. Ірваўся я ў полк, да Івана Свірыдавіча, каб рабіць рэвалюцыю, a апынуўся пад арыштам, як афіцэр контррэвалюцыйны ці буржуй. Во што значыць не ў час з'есці свежую булачку, якая так доўга пахне!
Крыўда душыла мяне. Раўці хацелася, як цяляці, якога зачынілі ў хляве.
Штаб быў на Васілеўскім баку каля завода Сіменс. Арыштаваных зачынілі на другім паверсе ў вялікім пакоі, дзе стаялі парты, як у школе, але ўсё іншае нагадвала бібліятэку: у шафах за шклом многа кніг, кнігі ляжалі на падаконніках, на канапе. Ад такой «турмы» зрабілася яшчэ больш крыўдна. Hi кратаў, ні варты. Тры акны выходзілі на вузкую вуліцу, а там — шум, гамана, трэск самакатаў, каманды. Бясконца падыходзілі i адыходзілі рабочыя атрады.
На першым паверсе стаяў гул ад галасоў, ад тупату ног. А тут, на другім, — зрэдку прабягалі па калідоры. Але, бадай, асабліва крыўдна зрабілася ад таго, што арыштаваных было ўсяго шасцёра. Чацвёра, акрамя мяне i нейкай простай цёткі, такія, што я сам арыштаваў бы ix — паны з выгляду: флоцкі афіцэр, які нервова, як тыгр у клетцы, хадзіў па пакоі, доўгі як жардзіна, чалавек з смешнай бародкай i ў акулярах з адным шкельцам (я гэтага тыпа адразу ахрысціў казлом), ціхі маўклівы пан з добрай усмешкай i яшчэ міліцэйскі афіцэр, тоўсты i потны.
Я адразу вырашыў адгарадзіцца ад паноў i не адказваў на ix пытанні: хто я? завошта мяне арыштавалі? што робіцца ў горадзе? Але калі «казёл» пачаў лаяць бальшавікоў, я не вытрымаў i закрычаў, што ён пракляты буржуй, эксплуататар i што за такія словы яго трэба расстраляць. Усе адразу адчапіліся ад мяне i пачалі абыходзіць, як заразнага. А мне ад гэтага зрабілася лягчэй. Праўда, ціхі пан непрыкметна наблізіўся, калі я глядзеў у акно на атрад чырвонагвардзейцаў, i прашаптаў:
— У вас разумная тактыка, малады чалавек.