Я не зразумеў — пра што ён.
А «казёл», пакрычаўшы яшчэ пра банапартызм бальшавікоў, пагаварыў з афіцэрам па-французску, прачытаўшы нейкія вершы на іншай мове, можа праз гадзіну,— вунь калі да яго дайшло! — выказаў сваю крыўду на мае словы:
— А эксплуатацыяй, пан бальшавік, я сорак гадоў займаўся толькі адной — убіваў у пустыя галовы такіх ёлупаў, як ты, старажытнагрэчаскую i французскую мовы.
Дзіўна, але прызнанне «казла», што ён настаўнік, яшчэ больш павялічыла маю варожасць да яго.
Недзе сярод дня на першым паверсе, у двары i на вуліцы доўга i гучна крычалі «ўра».
— Чаго яны радуюцца? — спытаў «казёл», адарваўшыся ад кнігі, якую чытаў.
— Так радуюцца, калі перамагаюць,— растлумачыў з кіслай усмешкай ціхі пан.
— Каго ж яны перамаглі? — зноў разышоўся «казёл».— Рэвалюцыю? Вялікую. Рускую. Такую ж Вялікую, як Вялікая французская.
На нас, безумоўна, забыліся. Каму ў дзень штурму Зімняга ў чырвонагвардзейскім штабе было да нейкіх шасці арыштаваных! Калі ўжо сцямнела, не вытрымала баба: маўчала, плакала цішком, дзетак галодных успамінала, а тут нечакана раз'юшылася, як львіца, пачала біць кулаком ў дзверы i крычаць, што нават пры Miколку Крывавым арыштаваных кармілі, а нас хочуць замарыць голадам.
Крык яе пачуў нехта за дзвярамі, бо мінут праз колькі ў пакой з'явілася трое: пажылы чалавек у шынялі без пагон, кульгавы, з кіем — інвалід; па-гарадскому — у чорнай спадніцы, белай кофтачцы — адзетая дзяўчына; да адзення яе i да паставы зусім не пасаваў рэвальвер пры боку; i малады чырвонагвардзеец з вінтоўкай.
Кульгавы па-простаму павітаўся з намі, прысеў за парту, спытаў, хто тут парушаў парадак.
— Я! — азвалася жанчына.— Завошта мяне пад арыштам трымаюць? Ды яшчэ есці i піць не даюць, голадам мораць.
— Чаму не накармілі людзей? — спытаў чалавек у шынялі ў дзяўчыны.
— Не да ix было, таварыш Воднеў!
— Што значыць не да ix? Ты, таварыш Вера, анархізм свой выкінь. Ты камендант штаба, i ў цябе павінен быць рэвалюцыйны парадак. Завошта сядзіць грамадзянка?
— Самагонку ў атрад прынесла. На завод. Мяркуем: падаслана з правакацыйнай мэтай.
— А божачка! Хто мяне пасылаў! Дзеці мае галодныя паслалі. I колькі тае самагонкі было! Слёзы адны.
— Бізуноў табе, баба, варта ўсыпаць за такі прадукт. Ды шчасце тваё, што мы супроць цялесных пакаранняў. Але зловім з самагонкай яшчэ раз — пасадзім у турму. Зарубі на носе.
Узрадаваная гандлярка, кланяючыся i хвалячы салдата, выкацілася з пакоя, адчыніўшы азадкам дзверы.
— Ты завошта тут? — паказаў камісар (так я ў думках назваў былога салдата) на лейтэнанта. Той успыхнуў, як лучынка.
— Вы мне не тыкайце!
Камісар цяжка ўздыхнуў — ці то ад свае прамашкі, ці то ад недарэчнай афіцэрскай фанабэрыі.
— Яго першага затрымалі. Уначы. Уцякаў i адстрэльваўся. Раніў патрульнага.
— Што, ваша благароддзе? Нячыстае сумленне, што так спалохаліся рабочага патруля? — сурова спытаў камісар. I афіцэр разгубіўся ад такога пытання, пачаў лісліва апраўдвацца, што, маўляў, ён падумаў — рабаўнікі.
— Таварыш Вера, запішы паказанні патрульных, раненага — абавязкова. I з усімі гэтымі паперамі — у Красты. Суд разбярэцца.
I тут у паўзмроку — цьмяна свяціла высока пад столлю ўсяго адна маленькая электралямпачка — камісар разгледзеў мяне. Паклікаў:
— Салдат, падыдзі бліжэй.
Я падышоў.
— Табе колькі год?
— Шаснаццаць.
— З якога палка?
Упэўнены, што інвалід не хто іншы, як камісар Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, як Іван Свірыдавіч, я шчыра адказаў, хто я i адкуль ішоў.
— Затрымалі завошта?
— Не ведаю. На мосце. Аднаму вартавому здалося, што ад мяне пахне булкамі. Кухарка, праўда, дала булачку, i я з'еў яе...
«Казёл» уедліва i гучна — неяк не па-чалавечы, а сапраўды па-казлінаму — гмыкнуў.
Вера засмяялася. A камісар нахмурыўся.
— Хто там праяўляе такую дурную пільнасць? Паеду на мост прапалашчу мазгі. Смешачкі ім, калі рабочы клас бярэ ўладу. Вера! Пазвані ў Смольны: на чыім баку гэты запасны?
Дзяўчына выйшла.
Камісар звярнуў.ся да «казла».
— Вы хто такі?
Той наблізіўся, выставіў уперад адну нагу, як акцёр у тэатры, узняў бараду, стукнуў сябе ў грудзі i тонкім голасам віскнуў:
— Я рускі інтэлегент!
— Завошта затрымалі?
— Лаяў вашага Леніна.
— Што ж гэта вы? Лічыце сябе інтэлігентам i лаецеся, як кучар. Вы чьггалі якія-небудзь працы таварыша Леніна?
— Не чытаў! I не хачу чытаць!
— Які ж вы інтэлігент? Вы проста некультурны чалавек, горш за тую бабу, што самагонкай гандлюе.
— Я — не-куль-тур-рны? — ашаломлена працягнуў «казёл».