— Ідзіце. I не мянташце языком. Як паганая баба,— сказаў яму камісар i тут жа заняўся другім арыштаваным — выгукнуў, здавалася, узрадавана: — О, з вамі, пан прыстаў, мы старыя знаёмыя. Не помніце?
— Помню, гаспадзін Воднеў,— упалым хрыпатым голасам, выціраючы пот, адказаў тоўсты міліцыянер.
— Вось i выдатна. У вас даўжок пврад рабочым класам. Прыйдзецца плаціць. У турму! Рэвалюцыйны суд разбярэцца!
«Казёл» ашаломлена лыпаў вачамі, трусіў барадой. Спытаў:
— Вы мяне адпускаеце? Але майце на ўвазе: я супроць бальшавікоў.
— Вам хочацца папакутаваць за ідэю? За якую? У вас жа няма ніякай ідэі! Якая ў вас можа быць ідэя!
— Не. Я так не пайду. Я павінен давесці...
— Не блытайцеся пад нагамі. Не перашкаджайце людзям займацца сур'ёзнымі справамі. Выведзі яго, Хведар, к чортавай матары! — без злосці, не павышаючы голасу, загадаў камісар.
— Не! Я так не пайду,— замахаў рукамі інтэлігент.— Я абавязаны растлумачыць. Вы глыбока памыляецеся. I гаспадзін Ленін памыляецца.
Але вярнулася Вера i з парогa паведаміла:
— Полк часткова на нашым баку, другая частка — у казарме, трымае нейтралітэт.
Воднеў тут жа, не звяртаючы ўвагі на «казла», загадаў Веры даць мне дзесятак адозваў Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта i каб я куляй ляцеў у полк.
— Можа быць, што нейтралы вашы дагэтуль не ведаюць, што адбылося ў Петраградзе. Няхай пачытаюць i паварушаць мазгамі. Ясна задача?
— Так точна, таварыш камісар! — ляснуў я абцасамі. Воднеў ажно здзівіўся, хоць быў ён з выгляду такі спакойны i ўпэўнены, што, здавалася, нічым ні здзівіць, ні ўзлаваць яго нельга. Я трохі пашкадаваў, што не пачую далбй размовы «казла» з камісарам. Цікава, што яшчэ будзе гарадзіць пан інтэлігент?
Дарэчы, упершыню там, развітаўшыся з камісарам i спускаючыся следам за Верай уніз, на першы паверх, я падумаў, што мяне таксама маюць права назваць некультурным чалавекам, бо я таксама не чытаў кніг, якія напісаў Ленін. Вырашыў: пры першай жа сустрэчы папрасіць у Івана Свірыдавіча ленінскія кнігі i пачытаць. Я ўжо ўяўляў, што гэта зусім не такія кніжкі, якімі кармілі мяне Залонскі i палкавая бібліятэка.
У вялікім пакоі, куды прывяла мяне Вера, стаяў гул ад чалавечых галасоў i плавалі хмары махорачнага дыму. Пакой што клуб — набіты ўзброенымі рабочымі i матросамі.
Прабіраючыся праз натоўп за Верай, я прагна лавіў урыўкі размоў. Асобныя галасы ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыццё. Я ix успамінаў, калі пасля вывучаў гісторыю рэвалюцыі.
— Пушкі Петрапаўлаўкі нацэлены на Зімні. Я толькі адтуль... Калі яны не здадуцца...
— Хлопца трэба выпусціць! Вялікая бяда — патрусіў трохі буржуяў. Яны нас вякамі рабавалі.
— Мы не анархісты!
— Таварышы! Таварышы! Вы ведаеце? Эсэры пакінулі з'езд...— голас нібы спалоханы.
— Закажы паніхіду!
— Адзінства рэвалюцыйных партый...
— З кім адзінства? З Керанскім? З лакеямі буржуазіі?
— Бабачка яна — во!.. Але непрыступная, як Кранштат. Hi з мора ні з сушы не возьмеш.
— Братва! — грамавы голас ад дзвярэй, на які ўсе павярнулі галовы,— Толькі што сам з моста чытаў марзянку з «Аўроры». Калі часовыя не прымуць ультыматум, пушкі яе гатовы разнесці Зімні, як гнілую шлюпку. Адны трэскі паляцяць.
— Таварышы! Грамадзяне! — старэчы голас аднекуль з кутка.— A ці нельга без пушак? Калі ласка, без пушак? У Зімнім — скарбы! Вялікія скарбы!
— Вы чулі, хто тут аціраецца сярод нас? Дзеду царскіх скарбаў шкада! Яны людзей не шкадавалі.
— Заткніся, сялява! Гэты дзед рабіў рэвалюцыю, калі ты пад стол пешкі хадзіў. А пасля дзесяць гадоў звінеў кайданамі.
— Таварышы! Скарбы — не царскія. Скарбы — народныя!
— Павел Пятровіч! — крыкнула Вера ў кут, адкуль чуўся голас старога,— На гэты конт ёсць загад Ваеннарэвалюцыйнага камітэта. Усё каштоўнае захоўваць i ўлічваць!
— Эх, каб чайку выпіць! — уздыхнуў нехта збоку.
— Таварышы! — зноў закрычала Вера. — Чаёк ёсць! У двары, у флігелі. Нашы жанчыны грэюць там... I выдаюць хлеб. Хто з баявых атрадаў не атрымліваў — атрымайце!
— Жывём, братва! Пайшлі!
Адчувалася, што Веру тут ведаюць, паважаюць. Акружылі, адціснулі. Здалося, яна забылася на мяне. Але хвілін праз колькі пачуўся яе голас:
— Дзе мой салдацік? Таварыш! Хадзі сюды!
Я прабіўся да сталоў, на якіх ляжалі вінтоўкі, кулямётныя ленты, кніжачкі, газеты, адозвы, стаяў чайнік, конаўкі. Дзяўчына дала мне пачак невялікіх памерам адозваў.
— Нясі салдатам! — i тут жа ласкава, з добрай усмешкай спытала: — Прагаладаўся пасля булак?
— Прагаладаўся,— шчыра прызнаўся я.
— Схадзі ў двор, у флігель. Табе дадуць хлеба. Наш хлеб — не панскія булкі. Але жыць можна.