Выбрать главу

— Можа назаўсёды. Не памінайце ліхам.

Аднак рота праводзіла свайго адстаўнога камандзіра панурым маўчаннем. Крычалі, спрачаліся, лаялі адзін аднаго пасля, калі я прачытаў ім зварот Ваеннарэвалюцыйнага камітэта «Да грамадзян Расіі».

Так я завяршыў той векапомны дзень — 25 кастрычніка 1917 года. У ролі бальшавіцкага агітатара. Хоць позна ўвечары мне пашанцавала.

Але барацьба ў палку не спынілася. На трэці дзень, дваццаць сёмага, калі прыйшлі газеты i лістоўкі з дэкрэтамі аб міры i аб зямлі, салдаты ў казармах загудзелі, як разварушаны вулей, абмяркоўваючы дакументы рэвалюцыі.

У палку з'явіўся Свірскі, колькі дзён яго не было відаць; з ім — іншыя яго прыхільнікі, нашы палкавыя i чужыя. Між іншым, я адразу прыкмеціў, што ў большасці людзей Свірскага — рукі панскія, без мазалёў, з чыстымі пазногцямі, хоць апрануты ўсе ў салдацкія шынялі.

Ліпатаў з'яўленне Свірскага сустрэў варожа, нават хацеў арыштаваць, падазраючы, што ў дні паўстання эсэр выступаў за Керанскага, страляў разам з юнкерамі ў чырвонагвардзейцаў i салдат. Намерыўся сам склікаць мітынг i вывесці Свірскага з палкавога камітэта. Але пасля, паслухаўшы яго, Ліпатаў супакоіўся. Чалавек добры, даверлівы, але малапісьменны, Ліпатаў не здолеў адразу разабрацца ў вельмі складаным спляценні падзей.

Свірскі не лаяў бальшавікоў, не называў ix узурпатарамі, нямецкімі шпіёнамі, як раней, да паўстання. Ён казаў, што ў выніку выступлення петраградскага пралетарыяту i часткі гарнізона склалася новая сітуацыя, што, маўляў, сацыялістычныя партыі вядуць са Смольным перагаворы аб утварэнні новага кааліцыйнага ўрада. Весткі пра такія перагаворы, як хроніка падзей, былі i ў бальшавіцкіх газетах. У такіх умовах, казаў Свірскі, маўляў, самае галоўнае — не дапусціць, каб правакатары штурхнулі салдат на кровапраліцце, на братазабойчую вайну. Безумоўна, нікому з салдат не хацелася страляць у сваіх. Ліпатаву можа больш, чым каму, не( хацелася гэтага. Ды яшчэ ў такі час, калі блізка мір i гэтак жа блізка адвечная мара сялянская — зямля.

Вось чаму Ліпатаў, ды i іншыя члены камітэта, магчыма, не адразу дайшлі, чаму Свірскі так настойліва заклікае салдат не брацца за зброю. «Бо дзе б вы ні сталі,— казаў ён,— вы будзеце страляць у сваіх братоў». Маўляў, якія б сутычкі ні адбыліся паміж партыямі, гарнізон, i ў прыватнасці наш полк, запасны, павінен захоўваць нейтралітэт.

Усё гэта гаварылася ў тыя дні, калі войскі Керанскага стаялі над Царскім Сялом, гатовыя нанесці ўдар па рэвалюцыйным Петраградзе, a ў самім горадзе «Камітэт уратавання радзімы i рэвалюцыі» падрыхтоўваў выступленне контррэвалюцыйных сіл.

Напэўна, не без уплыву Свірскага салдаты пачалі прыходзіць у штаб, дзе размяшчаўся камітэт, здавалі вінтоўкі, іншыя казённыя рэчы i пакідалі полк — разыходзіліся па вакзалах, каб ехаць дадому. Баяліся, што зямлю без ix падзеляць.

Зноў-такі нібы ўсё правільна... Улада ў руках рабочых i сялян, з'езд Саветаў абвясціў мір i даў зямлю.

Чаго ж яшчэ чакаць? Навошта захоўваць запасны полк, які рыхтаваў папаўненне для фронту? Фронту не будзе. Будзе мір.

Але калі на другі дзень сказалі, што асобныя трупы салдат пачалі пакідаць полк са зброяй, Ліпатаў насцярожыўся. Сабраў камітэт. На ноч каля дзвярэй i варот паставілі каравулы.

Іван Свірыдавіч прыйшоў уначы, калі я спаў. Але раніцой мне расказалі, што, выслухаўшы таварышаў аб падзеях у палку, камісар Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта назваў прапаганду Свірскага i яго сяброў найвялікшай подласцю i правакацыяй i загадаў тут жа, не чакаючы раніцы, арыштаваць «эсэраўскую банду».

Становішча маё ў палку зрабілася няпэўнае... Хто я? Пры кім павінен несці службу? Ніхто гэтага не казаў. Ды i каму казаць? Каго я мог цікавіць? Дзеншчыком больш не лічыў сябе — вольны чалавек. Прынцыпова не ішоў да Залонскага, хоць карцела пабачыцца з Катрусяй. Ды, прызнацца, трохі i баяўся ісці цераз горад — каб зноў не палічылі за юнкера. Вельмі хацелася стаць веставым пры камітэце, але Ліпатаў не давяраў мне, не прыбліжаў да сябе, нават аднойчы крыўдна нагадаў пра маё ўслужэнне камандзіру.

Таму можна зразумець маю радасць, калі я, прачнуўшыся раніцой, даведаўся, што ў палку — Іван Свірыдавіч. Во хто ўладзіць мяне да месца!

Знайшоў камісара ў палкавым арсенале. Ён i Ліпатаў падлічвалі зброю — вінтоўкі, патроны, гранаты.

Іван Свірыдавіч выглядаў змарнелым, як пасля хваробы. Схуднеў з твару, аброс барадой. Вочы чырвоныя — ад бяссонніцы. На мяне спачатку ўвагі не звяртаў. Сэрца маё сцялася, захаланула; няўжо нагаварылі на мяне? Ці можа Галадушку рэвалюцыя паставіла на высокі пост, i яму цяпер не да мяне, малога? ,

Зніклі ранейшая смеласць i прастата ў адносінах з Іванам Свірыдавічам. Ведаючы, што i Ліпатаў не надта прыхільны да мяне, я не пасмеў хадзіць за імі следам. Так яшчэ аставалася нейкая надзея: чалавек стомлены, заняты сур'ёзнай справай. A калі прагоніць ад сябе — тады ўсё, хоць на вуліцу падавайся. A галоўнае — адчуваў, як мне будзе балюча страціць такога чалавека — адзінага блізкага, як бацька ці дзядзька родны.