Выбрать главу

Вядома, я стараўся не трапляць ім на вочы — Івану Свірыдавічу i Ліпатаву, але ўвесь час сачыў, дзе яны, што робяць. Яны хадзілі па ротах, гутарылі з салдатамі. Пасля ў кабінеце камандзіра палка было пасяджэнне камітэта. Нядоўгае.

Калі члены камітэта разышліся i па маіх падліках выходзіла, што Іван Свірыдавіч астаўся адзін, я ўрэшце адважыўся зайсці, каб пагутарыць з ім.

Сапраўды, ён быў адзін і... спаў. Седзячы за сталом. Паклаўшы галаву на рукі. Я стаіў дыханне. Доўга глядзеў на яго галаву, на пасівелыя ўскудлачаныя валасы. У грудзях маіх разлівалася цеплыня любасці i пяшчоты да гэтага чалавека.

Мабыць, у сне Іван Свірыдавіч адчуў, што на яго глядзяць, i ўстрывожана ўзняў галаву. Убачыў мяне — пацёр твар рукамі, каб прагнаць сон. Сказаў:

— А-а, ты, Піліп...— шчыра прызнаўся: — Змарыўся я, брат, за гэтыя дні,— i тут жа ласкава спытаў: — А ты як тут?

Яму аднаму я мог сказаць пра ўсе свае перажыванні.

— Блага, дзядзька Іван.

Ён здзівіўся:

— Ты што гэта? Рэвалюцыю зрабілі, уладу ўзялі, а ты — блага. Гэта што такое?!

— А што мне рабіць, дзядзька Іван? Салдаты дадому разыдуцца, а я — куды?

— Ах, вось ты пра што? Ды мы табе тут, у Піцеры, справу знойдзем. Чым бы ты хацеў заняцца?

— Я вучыцца хачу.

Іван Свірыдавіч радасна выгукнуў:

— Піліпка, любы! То ж гэта здорава, што ты вучыцца хочаш. На тое ж мы i ўладу бралі, каб такія, як ты, мелі права вучыцца! Не будзем адкладваць гэтую справу. Едзем у Смольны — там дамовімся, куды цябе прыстроіць.

У Смольны мы паехалі на грузавіку, везлі патроны. Петраград у той дзень здаўся мне больш суровым i ваенным, чым у дзень паўстання. Менш было адчынена крам, устаноў, шмат якія дамы стаялі што сляпыя — з зачыненымі аканіцамі, менш цывільных блукала па вуліцах. На Дварцовай набярэжнай дык зусім пуста было.

Праўда, дзень быў халодны, ветраны. Нява білася ў берагі, пенілася. У паветры пырхалі першыя сняжынкі — патыхала зімой.

Часцей, чым у дзень рэвалюцыі, сустракаліся браневікі, самакатчыкі, узброеныя атрады чырвонагвардзейцаў i матросаў.

Мы ведаем з кніг, з кіно, што Смольны ў тыя дні гудзеў людзьмі. Дзіўна, але мне вялізны будынак гэты здаўся пустым. На плошчы перад Смольным стаялі браневікі, строіўся атрад чырвонагвардзейцаў. Пакуль Іван Свірыдавіч дамаўляўся з вартавым наконт мяне, перад рабочымі выступіў прамоўца, вецер данёс яго словы пра контррэвалюцыйную змову кадэтаў, эсэраў, меншавікоў.

На першым паверсе, у вестыбюлі, таксама тоўпіліся людзі. Але доўгі — канца яму не відаць было ў слабым асвятленні — калідор на другім паверсе быў бязлюдны, ажно крокі гулка адбіваліся ад паўкруглай столі. Праўда, падлога, хоць i надмеценая, сведчыла, што нядаўна па ёй прайшло мноства людзей, салдацкія боты — не чаравікі курсістак — пакідаюць сляды надоўга.

У вялікім класным пакоі, куды мы зайшлі, як бы калідорчык быў адгароджаны каля дзвярэй. Там, за непафарбаванай драўлянай загародкай — бар'ерам, людзі, па-рознаму апранутыя — у салдацкай форме, матроскай, рабочай i нават у афіцэрскай i панскай, у добрых, хоць пакамечаных, касцюмах,— разглядалі карты, планы, пісалі, званілі па тэлефоне; у куце на стале стаяла вялізная скрынка палявога камутатара, правады ад яго выходзілі ў акно i ў бакавыя дзверы. Пад сталамі i ў кутах — стосы брашур, лістовак, кніг, на кнігах — вінтоўкі i кулямётныя стужкі. Людзі гэтыя мелі такі ж стомлены выгляд, як i Іван Свірыдавіч.

Тут, у цесным праходзе каля дзвярэй, стоўпілася чалавек колькі цывільных, у большасці па-буржуйску апранутых. Яна ціха i пачціва чакалі сваёй чаргі для размовы з чалавекам, што сядзеў па той бок бар'ера. Голас гэтага чалавека з акцэнтам, як у таго латыша, што разоў колькі прыходзіў у полк, я i пачуў адразу, як толькі пераступіў парог пакоя следам за Іванам Свірыдавічам. Голас роўны, спакойны, але адчувалася — стомлены:

— Грамадзянін, я вам растлумачыў: аўтамабіль у вас канфіскавалі на патрэбы рэвалюцыі. Наконт таго, каб яго вярнулі, звернецеся пасля.

А з кута, ад тэлефона,— голас больш гучны, рашучы, патрабавальны:

— Кірылаў! Кірылаў! Што ў цябе за мітынг там? Нічога не чуваць. Дзе стаў «Алег»? Правер i пазвані нам. Наладзь з ім сувязь. На мост пашлі дадатковую ахову. Надзейная? Не! Не надзейная! Загад камітэта — узмацніць варту! Колькі выйшла капаць акопы? Дзве тысячы? Малайцы!