Іван Свірыдавіч зайшоў за загародку. Моўчкі, без слоў, павітаўся за руку з латышом, што вёў размову з наведнікамі, i з чалавекам у афіцэрскай форме, які, уважліва разглядваючы карту, засяроджана занатоўваў нешта ў сшытак.
Я астаўся сярод наведнікаў, у вузкім праходзе паміж дзвярамі i загародкай. Але праціснуўся наперад, учапіўся рукамі за стойку бар'ера, быццам баяўся, што мяне могуць адціснуць, адарваць i перашкодзіць убачыць i пачуць нешта такое, ад чаго залежыць мой лёс. А было ў мяне не толькі прадчуванне, што тут, у гэтым пакоі, пачынаецца мае новае жыццё. Была ўпэўненасць. Не дарэмна Іван Свірыдавіч прывёў мяне сюды.
Узрадавала мяне, калі я ўбачыў, што чалавек у афіцэрскім фрэнчы задаволены з'яўленнем Івана Свірыдавіча. Ён адразу спытаў:
— Як ваш полк, таварыш Галадушка? — i я зразумеў, што гэта — пра наш полк.—Пойдзе супроць юнкер аў?
— Добрая палавіна палка можа выступіць зараз жа!
Яны схіліліся над сталом, над картай i гаварылі напаўголасу — не чуваць было. Тады мая ўвага пераключылася на іншую размову, што вялася амаль побач са мной.
Буржуй, які дамагаўся, каб яму аддалі аўтамабіль, прыглушана, не павышаючы голасу, але са злосцю, ажно задыхаючыся, шыпеў, што ён італьянскі падданы, мае італьянскі пашпарт, i калі людзі, што сядзяць тут, не выканаюць яго патрабаванне, яны будуць мець справу з паслом яго вялікасці караля Італіі. Буржуй соваў латышу пашпарт i яшчэ нейкія паперы. Але латыш не хацеў разбірацца ў ix, ківаў галавой i з усмешкай даводзіў:
— Грамадзянін, я вам ясна растлумачыў: пакуль ваш аўтамабіль патрэбны рэвалюцыі, вы яго не атрымаеце.
За спіной у мяне нехта гучна загаварыў на чужой мове. Я азірнуўся. Гаварыў чалавек у вопратцы рабочага, з худым тварам, не паголены, з той жа стомленасцю ў вачах. Раптам ён узлавана сказаў па-руску:
— Вы, футра! Да вас звяртаюся. Які ж вы да д'ябла італьянец, калі ніводнага слова не разумеете па-італьянску? Не тлуміце галавы! У цябе, Петэрс, моцныя нервы. Я з такімі тыпамі...
Буржуй адразу змоўк, схаваў у кішэню футра паперы, сцяўся i палахліва адступіў за спіны іншых.
Я падумаў, што за падман яго тут жа арыштуюць. Але Петэрс толькі засмяяўся i адразу заняўся другім наведнікам. А рабочы, што гаварыў па-італьянску, прайшоў за загародку, павітаўся за руку з Іванам Свірыдавічам. Спытаў, ці абедаў той, калі не, то ў буфеце ёсць гарачы чай.
Буржуй моўчкі нырнуў у дзверы.
Зноў нішто не перашкаджала мне на поўныя вочы глядзець на людзей, якія — я ведаў гэта i раней, чытаў у газетах — з'яўляюцца штабам рэвалюцыі, а ролю штаба ў вайне я, вайсковец, дзяншчык, ведаў добра. Матрос, што не выпускаў з рук тэлефонных трубак, паведаміў:
— Паўлаўцы згаджаюцца скласці зброю. Патрабуюць гарантыі.
— Перадавай Васільеву: весці перагаворы,— сказаў Крыленка (гэта быў ён, пасля я даведаўся прозвішчы амаль усіх, каго ў той дзень убачыў у Смольным).— Няхай гарантуе, што ўсіх адпусцім.
— Гэтым гадам даравалі пасля ўзяцця Зімняга. Яны зноў выступілі супроць пралетарыяту,— адарваўся ад размовы з наведнікамі Петэрс.
— Не ўскладняй абставіны,— спакойна заўважыў Крыленка, i зноў да матроса: — Перадай Васільеву, што на дапамогу яму прыйдзе Галадушка. Таварыш Галадушка, кулямётчыкі твае там, у Васільева. Вазьмі надзейную роту, калі верыш — батальён сваіх пехацінцаў, i абяззброй юнкераў Паўлаўскага вучылішча. Звяжыся з Падвойскім, ён у штабе акругі. Перадай, колькі ў цябе будзе штыкоў.
Як я ўзрадаваўся такому загаду! Цяпер не адстану ад Івана Свірыдавіча i буду не ў тыле, як да таго, не на кухні ў Залонскага, а на пярэднім краі рэвалюцыі! Ды i сам Іван Свірыдавіч паглядзеў на мяне, пачухаў пад шапкай патыліцу i вачамі, позіркам сказаў: прыйдзецца, Піліп, пакуль што адкласці размову аб тваёй вучобе.
Здаецца, Іван Свірыдавіч намерваўся ўжо выходзіць. Але ў гэты момант з бакавых дзвярэй у пакой імкліва ўвайшоў чалавек у чорным касцюме, у белай сарочцы, з гальштукам у крапінку.
Чалавек здаўся мне знаёмым, хоць я добра помніў, што нідзе раней не страчаўся з ім. Шырокі лоб, лысіна, як бы трохі прыжмураныя вочы — усё гэта нібы ў сне бачыў. Здзівіўся я з такога свайго адчування: што мне лезе ў галаву?! Дзе я мог бачыць яго?
Чалавек, як i некаторыя іншыя ў гэтым пакоі, не галіўся колькі дзён. Але выгляд Івана Свірыдавіча, матроса сведчыў, што ў ix проста не хапала часу, каб заняцца сваім туалетам; пра чалавека, які ўвайшоў, адразу чамусьці падумалася іншае: ён знарок адпускае бараду.
Чалавек павітаўся да ўсіх:
— Здравствуйте, товарищи! — вымавіў гэта выразна, гучна, а слова «товарищи» неяк асабліва хораша, прыгожа; голас яго меў прыемную картавасць.