Выбрать главу

— Уладзімір Ільіч, у нас няма яшчэ такіх школ,— сказаў Крыленка.

Ленін павярнуўся да яго, сказаў з вясёлым дакорам:

— Таварыш народны камісар! Як гэта няма? А вучэбныя каманды Чырвонай Гвардыі — хіба гэта не аснова такіх школ? Між іншым, Жмянькоў даў нам з вамі выдатную ідэю. Прадумайце пытанне арганізацыі камандзірскіх вучылішчаў ці курсаў — сутнасць не ў назве, не ў форме — i дайце, неадкладна дайце! — прапановы на Саўнарком. Мы не можам адкладваць ні на адзін дзень падрыхтоўку каманднага саставу для арміі сацыялістычнай рэвалюцыі!

На развітанне Уладзімір Ільіч паціснуў мне руку, весела пажадаў:

— Усяго вам найлепшага, таварыш будучы рабочасялянскі генерал.

Далібог, так i сказаў. Пажартаваў. Але жарт быў шчыры i добразычлівы. А можа i не жарт? Умеў Уладзімір Ільіч заглядваць далёка наперад, бачыць i будучае краіны, свету, i лёс кожнага чалавека, з якім страчаўся. Калі мне прысвоілі генеральскае званне, Кацярына Васілеўна мая сказала: «Як у ваду глядзеў Уладзімір Ільіч».

Калі Ленін выйшаў, запрасіўшы да сябе Крыленку i высокага чалавека з барадой (пасля я даведаўся — гэта быў Бонч-Бруевіч), той, у даўгім паліто, дакорліва паківаў галавой, сказаў як бы разважаючы ўголас:

— Захапляецца. Адрываецца ад зямлі. Як усе геніі.

Але ніхто на яго словы не звярнуў увагі, ніхто не адазваўся, адзін хіба я запомніў ix.

Работнікі Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, радасна ўзрушаныя наведаннем Ільіча, зноў узяліся за сваю справу.

Іван Свірыдавіч спытаў у мяне:

— Ды ты ведаеш, хто з табой гаварыў?

— Дзіва што! Ленін! Я адразу пазнаў.

Петэрс, пачуўшы нашу размову, засмяяўся.

— Ды ты сапраўды генерал. Не дарма табе Георгія далі. Аднак куды нам цябе ўладзіць пакуль што. Вось што, Галадушка. Будзе ён веставым ВРК. Заданне на сённяшні дзень: быць сувязным паміж тваім атрадам i Смольным. Згода, «генерал»?

Так вырашыўся мой лёс.

У час трохтыднёвай работы маёй у Смольным часцей за ўсё я атрымліваў даручэнні ад Петэрса. Ён часта звяртаўся да мяне вось так, жартаўліва — «генерал». I хоць у той час Леніным быў падпісаны дэкрэт аб адмене ўсялякіх званняў, я не крыўдаваў i адгукаўся на такі зварот.

Той дзень памятны для мяне ва ўсіх адносінах. Я браў удзел у першым рэвалюцыйным баі. Раззброіўшы паўлаўцаў, атрад Галадушкі штурмаваў Уладзімірскае вучылішча, якое было штабам контррэвалюцыі, i юнкеры там упарта адмаўляліся скласці зброю. Хоць Іван Свірыдавіч не дазваляў мне вытыкацца з рэвальверам, які я, веставы, атрымаў ад яго, але без дазволу камандзіра знаёмы кулямётчык з нашага палка даў мне хвілін колькі пастраляць з «максіма»; яшчэ на фронце я, на усялякі выпадак, навучыўся нядрэнна валодаць i вінтоўкай i кулямётам.

Увечары, калі юнкераў павялі ў Петрапаўлаўку, я, перапоўнены ўражаннямі, не вытрываў i адскочыў да Залонскіх — з серады ж не быў, не бачыў Катрусі, не ведаў, як яна там. Ды i Залонскі цікавіў: што ён думае цяпер, што будзе рабіць? Я тройчы за дзень прабягаў амаль міма ix дома, заносячы ў Смольны данясенні. Чацвёрты раз не хапіла сілы прайсці міма. Катруся i цётка Мар'я ажно заплакалі ад радасці, убачыўшы мяне жывога, здаровага, вясёлага. Я не паспяваў адказваць на ix пытанні, яны сыпалі ix, што кулямётныя чэргі. На шумныя галасы нашы прыйшоў на кухню Усевалад Аляксандравіч, адзеты ў цывільны касцюм. У такім убранні я ніколі не бачыў падпалкоўніка; гэта было нязвыкла, i наогул я не ведаў, як цяпер звяртацца да яго.

Ён спытаў:

— Як жывём, Жмянькоў?

Спытаў сур'ёзна, не проста так — ад звыклай ветлівасці, a, безумоўна, жадаючы даведацца, што робіцца ў палку. Але я жыў у той дзень адным — сустрэчай з Леніным. Пра гэта я адразу пачаў расказваць жанчынам. Гэтым я адказаў i на яго пытанне:

— Я з Леніным гаварыў!

— Ты? Дзе?

— Сёння! У Смольным!

— Што ж табе сказаў гаспадзін Ленін?

— Не гаспадзін, а таварыш,— смела паправіў я свайго былога камандзіра.

— Але, але, для цябе таварыш,— здавалася, пакорліва згадзіўся Залонскі.

— Ленін загадаў паслаць мяне на вучобу.

— Куды?

— На чырвонага камандзіра вучыцца.

Залонскі кісла ўсміхнуўся.

— Што ж, жадаю та бе стаць бальшавіцкім генералам, — i выйшаў з кухні.

Яшчэ адно пажаданне. Але было яно зусім іншае — нядобрае, насмешлівае. Блага я адчуў сябе i пашкадаваў, што расказаў яму пра сваю радасць; зразумеў, што не кожнаму трэба пра радасць, як i пра бяду, расказваць. Балюча ўразіла чэрствасць i зласлівасць чалавека, якому я два гады служыў i лічыў добрым, разумным.