Выбрать главу

Дык вось адкуль вынікла леі'енда, якую расказвала маці!

Іду па слядах падзей, якім больш паўвека.

1

Камісар атрада Елісей Арэф'еў выйшаў з цемнаватай кватэркі начальніка раз'езда і... заплюшчыўшыся, захлынуўся ад святла i паветра. Раніца была дзівосная, казачная. Такая можа быць толькі ў сакавіку, напрадвесні. I толькі вось тут, сярод лесу, на маленькім раз'ездзе, дзе навокал амаль першабытная прырода. Сапраўды, лес амаль не крануты рукой чалавека, з двух бакоў падступае да самага насыпу,— лісцвены лес, нізінны: дубы, асіны, грабы, вольхі. Пад дрэвамі ляжыць яшчэ снег. Снег ужо крануты вясной i людзьмі, што асталяваліся тут. Але ад начнога мароза ён i падшэрх i дзіўна звініць пад нагамі ў байцоў. Над галавой, на старых ліпах, што ўзвышаюцца над станцыйным будынкам,— птушынае вяселле. Колькі ix там! Спяваюць на ўсе галасы! Ён, камісар, масквіч, гараджанін, нават не ведае, як яны называюцца, гэтыя спявачкі ранняй вясны... Вераб'ёў ён ведае. Але вераб'ёў там, здаецца, няма. Яны вось тут, пад нагамі,— асмялелі i пырхаюць, скачуць на насыпу, каля цяплушак, на дахах вагонаў, каля кухні, што мірна дыміла на тым баку пуці на прыстанцыйнай паляне паміж штабялёў бярвення i шурак бярозавых дроў. Чаго-чаго, a паліва хапае тут!

Блакіт неба ажно рэзаў вочы. Сонца сляпіла. Яно толькі ўзнялося над лесам i стаяла акурат над чыгуначнай прасекай, якая тунелем, звужаючыся ўдалечы, рассякала лес рэйкамі, што, бліскаючы зайчыкамі, ляцелі на ўсход.

Арэф'еў, чалавек гадоў пад сорак, з юнацкай рамантычнай узнёсласцю падумаў, што сонца ўзышло ў Маскве. Ад думкі такой стала хораша.

Прыслухаўся. Панавала цішыня. Не, ён не чуў больш, як весела, з пералівамі спявае піла — піляць дровы каля кухні, звініць снег i шаргоча пясок па насыпу пад нагамі, шчабечуць птушкі. Ён слухаў іншую цішыню, жаданую, доўгачаканую,— цішыню міру. Ён, як мільёны іншых салдат, марыў пра яе, такую цішыню, змагаўся за яе. I вось нарэшце здзейснілася гэтая ўсенародная мара. Пазаўчора атрымана тэлеграма Крыленкі, што ў Брэсце падпісаны мірны дагавор. Вярхоўны Галоўнакамандуючы загадаў спыніць усялякія ваенныя дзеянні i заставацца на сваіх пазіцыях.

Загад яны выканалі.

Ix Маскоўскі чырвонагвардзейскі атрад, штаб яго, тылы, размясціліся на гэтым лясным раз'ездзе Закапыцце, адкуль можна звязацца па тэлеграфе з цэнтрам. Баявыя роты — там, на ўзлессі, пад Добрушам, з якога яны мусілі тры дні назад адступіць пад націскам кайзераўскіх войск.

Цішыня жаданая, але нярадасная. У Елісея Ягоравіча сціснулася сэрца. Во куды, гады, дапялі — да Масквы рукой падаць! У снежні, калі Троцкі сарваў перагаворы, ix атрад маскоўскіх пралетарыяў паслалі ў Калінкавічы, каб памагчы знясіленай арміі стрымаць нямецкі наступ. Але старая армія па сутнасці развальвалася, а новую рэвалюцыйную армію не паспелі япічэ стварыць. Чатыры месяцы ўсяго жыве Савецкая рэспубліка! Праўда, народ на Палессі — у гарадах, у сёлах — узнімаецца на немца. Але зноў-такі, каб арганізаваць, узяць пад кантроль партыі, узброіць, навучыць гэтыя стыхійныя атрады — патрэбен быў час, а яго не хапала.

Акрамя загаду Крыленкі, сёння ўначы прыйшла шыфроўка камандзірам, камісарам, рэўкомам, саўдэпам прыфрантавых паветаў: усімі сіламі захоўваць умовы міру, не адказваць на нямецкія правакацыі i асабліва пільна сачыць за тымі, хто хоча сарваць мір да склікання Надзвычайнага Усерасійскага з'езда Саветаў, які павшей зацвердзіць Брэсцкі дагавор.

Арэф'еў ведаў з друку, ад таварышаў, што прыязджалі з Масквы, якое змаганне прыйшлося весці Леніну за гэты мір, як нялёгка было Ільічу даводзіць нават некаторым бальшавікам, што калі не заключым мір цяпер, хоць бы такі, цяжкі, рабаўніцкі, будзе яшчэ цяжэй — народу, партыі, краіне.

Елісей Ягоравіч быў упэўнены, што начная шыфроўка паслана па ўказанні Леніна. Таму адчуваў асаблівую адказнасць не толькі за свой атрад, але i за тое, што робіцца ў наваколлі, ва ўсходняй паласе Гомельскага павета, дзе спыніўся фронт у дзень заключэння міру.

За свой атрад ён спакойны. Большасць — рабочыя, загартаваныя ў рэвалюцыйных баях, i салдаты, якія добраахвотна ўліліся ў атрад з дэмабілізаваных часцей, амаль чвэрць людзей — члены партыі, бадай, ні ў адной часці такога партыйнага ядра няма. Ды i які яны атрад! Пасля таго як паўмесяца назад Ленін падпісаў дэкрэт аб стварэнні Чырвонай Арміі, самі байцы пачалі называць сваю часць — Першы Маскоўскі пралетарскі полк. Пра гэтае агульнае жаданне яны з камандзірам паведамілі ў рэўваенсавет акругі. Магчыма, што для таго каб афіцыйна аформіць нарадясэнне новага палка рабочасялянскай арміі, учора выклікалі ў штаб камандзіра. Немалая гэта гаспадарка — полк. Адна назва як павышае адказнасць! Раней палкамі камандавалі палкоўнікі, акадэміі канчалі, i афіцэраў можа добрая паўсотня, калі не больш, у палку было. А ён, Арэф'еў, з дзевяцьсот сёмага па дванаццаты ў Сібіры ў рудніках адукоўваўся. У пачатку вайны, праўда, апынуўся бліжэй да ваеннай навукі — слесарам-аружэйнікам у артмайстэрнях Паўночнага фронту, праз умелыя рукі свае да унтэра даслужыўся. Але нічога. Як кажуць — не багі гаршкі лепяць. Не дрэнныя, выходзіць, стратэгі i тактыкі рабочыя i салдаты, калі здолелі даць па шапцы ўсім залатапагоннікам з ix акадэміямі i штабамі. Вунь таварыш Крыленка ўсяго толькі былы прапаршчык, а камандуе франтамі не горш за аляксеевых i духоніных. Але найбольшую ўпэўненасць давала думка, што ёсць у партыі, у народа, у яго новай арміі Вярхоўны Галоўнакамандуючы ў самым высокім значэнні гэтых слоў — Ленін. Змагаючыся так настойліва за мір з немцамі, Ленін, безумоўна, глядзіць далёка ўперад.