Вось чаму ён, балыдавік Арэф'еў, павінеп зрабіць усё, каб тут, на ix участку, ніхто не парушыў загад аб спыненні агня, што магло б даць немцам падставу наступаць далей — на Москву. Стрымаць ix цяпер наўрад ці хопіць сіл.
Камісара трывожылі суседзі — гомельскія атрады. Ён ведаў: гомельцы рвуцца ў бой. Учора гаварыў з ix камандзірамі. Разумеў: ім, тутэйшым, асабліва балюча, што немцы захапілі ix зямлю, гарады, сёлы, здзекаваюцца з матак, жонак, дзяцей. Некаторыя сельскія атрады ўзніклі стыхійна ўсяго некалькі дзён назад. Натуральна, што ў такіх жыве партызанскі дух, анархічныя замашкі.
Найбольшыя з мясцовых атрадаў —Другі Гомельскі i рабочых Лібава-Роменскай чыгункі — асталяваліся па суседству — ва ўрочышчы Плоскае, у канторы лясніцтва. Гэта вярсты за тры ад раз'езда.
Арэф'еў ішоў туды. Трэба пазнаёміць партыйцаў з тэлеграмай рэўваенсавета.
Думаў пра мір, пра многія справы ў маладой рэспубліцы, пра свой будучы полк. Але паміж думкамі пра вялікае зноў i зноў — у каторы раз за раніцу — захапляўся навакольнай прыгажосцю. Лесам — перш за ўсё. Які лес! Ён як бы ўзнімае чалавека, яго думкі, настрой, веру ў жыццё, нават у бяссмерце, не папоўскае, а чалавечае — у бяссмерце душы народнай. Дубы-асілкі, ім можа гадоў па трыста, не менш. А бярозы! Якое хараство ў ix напрадвесні! Як нявесты. Увасабленне чысціні i радасці.
Адышоўшы ад раз'езда, углыбіўшыся ў пушчу, Елісей Ягоравіч акунуўся ў незвычайную цішыню — нібы на дно марское апусціўся, як у сне ці ў казцы, ажно спалохаўся на міг. Неверагодны свет. Незнаёмае нязвыклае адчуванне. Чаму так замерлі дрэвы? Хоць бы адна галінка варухнулася. Быццам прыслухоўваюцца да нечага вельмі таемнага, што могуць пачуць адны яны, дрэвы. Сонца ўзнялося, прасвечвае голы лес i на аселым, наздраватым зашэрхлым снезе сплятаюцца дзівосныя карункі святла i ценю. Праталін у лесе яшчэ нямнога, не як у полі, дзе снег застаўся толькі на касагорах ды ў равах. Уначы добра падмаражвала, i ў лесе санная дарога яшчэ трымае. На палянках дарогу разрэзалі раўчукі, перамёрзлыя за ноч. Удзень яны забулькаюць, i прайсці ў дзіравых ботах будзе не так проста.
Не, у лесе не мёртвая цішыня. Лес поўны ўжо жыцця — птушынага. Як i каля раз'езда, птушкі пырхаюць у галлі, спяваюць на ўсе галасы — клічуць, шукаюць адна адну, жвава скачуць па дарозе, збіраюць насенне ад нацярушанага за зіму сена. Тут многа вазілі сена, клочча яго вісела на галінах дрэў.
Прайшоўшы яшчэ трохі, Арэф'еў пачуў шум недалёкага скаплення людзей. Дзіўна, то пэўны час нічога нё было чуваць, то гукі адразу парвалі лясную цішыню, быццам ён, Арэф'еў, пераступіў нейкую мяжу ці сцяну i з казачнай бязмоўнасці, амаль ненатуральнай, уступаў у свет людзей, жыцця. Гукі іншыя, чым на раз'ездзе — больш вясковыя: заржаў конь, брахаў сабака, нечым ляпалі, быццам кавалі, але больш глуха, чым б'е молат па кавадлу, крычала кабета — лаялася, плакала дзіця.
Сапраўды, на лясніцкай сядзібе — прасторнай паляне, якая раптоўна, з-за дубоў, адкрылася позірку, вакол старой няўклюднай будыніны канторы, новага прыгожага дома ляснічага i леснічоўкі, што сіратліва стаяла воддаль — нібы цыганскі табар разбілі... На чорнай раллі гарода стаяць сані i, наадварот, у сасняку, дзе ляжаў яшчэ снег, стаптаны i забруджаны — вазы. Коні, каровы, нават валы, хоць у гэтых раенах на ix рэдка дзе ездзяць — значыцца, прыехалі здалёк, відаць, з Украіны. Кастры. Пах варыва. Узброеныя мужчыны i па-сялянску апранутыя жанчыны, дзе-нідзе дзеці.