Выбрать главу

Арэф'еў са здзіўленнем адзначыў, што за суткі людзей, коней, фурманак тут, напэўна, падвоілася.

А да ix на раз'езд прыйшоў невялікі атрад, дзевяць чалавек, з-пад Рэчыцы. Але хлопцы маладыя, дужыя, узброеныя, гатовыя жыццё аддаць за Савецкую ўладу. Ён, Арэф'еў, залічыў ix у полк. Зноў злавіў сябе на думцы, што каторы раз ужо называе свой атрад палком. Падумаў, што ўчора i сёння яго ніхто тут не спыніў. Трэба сказаць тутэйшым камандзірам, што нельга праяўляць такую бесклапотнасць, калі побач фронт.

У канторы, якую гамяльчане занялі пад штаб, было пуста, адзін дзяжурны каля палявых тэлефонаў — сувязі з пярэднім краем i з раз'ездам Закапыцце.

Камандзіры снедалі ў лесніка.

Арэф'еў пайшоў туды.

Снедалі камунай. Відаць, у тую ж раніцу наспех, з негабляваных шалёвак збілі доўгі — на ўсю леснічоўку, ад акна да печы — стол на козлах. За сталом на ўслонах i на дошцы, пад якую паставілі цурбакі, сядзела чалавек дванаццаць. Добрую палову гэтых людзей Арэф'еў убачыў упершыню.

Новыя людзі.

Насустрач яму ветліва падняўся камандзір чыгуначнага атрада Арол.

— Заходзь, заходзь, Ягоравіч. Якраз пад бульбу. Глядзі, колькі ў нас гасцей. Увесь гомельскі саўдэп.

— Не ўвесь, Міхайлыч,— усміхнуўся адзін з незнаемых, светлавалосы, як хлапчук, але плячысты дзябёлы мужчына, акуратна паголены, у той час, калі амаль усе іншыя абраслі бародамі. Ён першы працягнуў руку, назваў сябе.

— Бахцін.

Арэф'еў прыгадаў, што яны сустракаліся, калі вялі бой на Дняпры.

Бахцін зноў засмяяўся:

— Тады я быў з барадой.

— Куліненка,— панура назваў сябе другі чалавек, з выгляду — стомлены ці хворы.

Іншыя віталіся па-сялянску, не называючы сябе.

Арол таксама не назваў ix прозвішчаў. Аднаго толькі прадставіў. Чалавек гэты ўвайшоў у хату следам за Арэф'евым, несучы ў абедзвюх руках па вялікай глінянай місцы, у якія наклаў па цэлай капе квашанай капусты, ажно расол цёк цераз край на рукі, капаў на падлогу. Па-гаспадарску паставіў міскі на стол. Арэф'еў падумаў, што гэта — гаспадар, ляснік. Але Арол сказаў:

— Гэта, Ягоравіч, ваш бліжэйшы сусед. Левы фланг прыкрывае. Камандзір Кармянскага атрада Калінін.

Мужчына гадоў трыццаці пяці, Калінін пачырванеў, як юнак. У яго быў прывабны здаровы сялянскі твар, які нібы асвятляўся знутры, а таму i палымнеў так. I вочы гарэлі дабратой, спагадай, розумам.

Ён запрасіў першы:

— Сядайце з намі снедаць, таварыш.

— Дзякую, я снедаў.

— Хіба вы елі такую капусту? Як пахне! — Калінін смачна пацягнуў носам. — Зелле! I бульбы Марына не паскупілася.

— Што гэта ты, Андрэй, кажаш! — адгукнулася з папрокам леснічыха,— Вы галовы свае за нас не шкадуеце, а я бульбы пашкадую. Ешце на здароўе. Чагочаго, а бульбы хапае.

Яна стаяла перад печчу, абапёршыся на вілы, асветленая полымем, расчырванелая, са збітай на патыліцу хусткай.

— Памажы мне, дзеверка, чыгун выцягнуць,— папрасіла гаспадыня,— А то яго вілы не бяруць, гэты чан.

Калінін увішна кінуўся да печы, узяў у гаспадыні тоўсты ручнік, нырнуў у зяпу печы, з якой дыхала жарам, i выхапіў адтуль чыгун вядры на два. Адцадзіў у ражку кіпень. Шуганула ўгору пара. Апетытна запахла варанай бульбай; зверху яна падгарэла, i выгляд гэтых прыгарак ажно сліну ў Арэф'ева пагнаў. Сняданак у атрадзе быў не дужа багаты — колькі лыжак пшоннай кашы з кропляй алея — абы пахла.

Павітаўшыся з усімі, Арэф'еў сеў за стол побач з камандзірам яшчэ аднаго мясцовага атрада — Дзямідам Грышалёвым. З гэтым чалавекам ён пазнаёміўся колькі дзён назад — яго атрад удзельнічаў у баях за Добруш. Грышалёў яму падабаўся. Разважлівы, спакойны, паармейску дакладны, знешне акуратны, падцягнуты, ён паказаў сябе адукаваным вайскоўцам, a галоўнае — перакананым бальшавіком. Камісар Маскоўскага атрада напісаў пра яго Берзіну: во гатовы камандзір для Чырвонай Арміі!

Аднак месца выбраў Арэф'еў не вельмі ўдала: якраз тварам у твар з Авяр'янам Лагуном, камісарам браняпоезда, захопленага тры дні назад немцамі. Лагун — зусім малады хлопец, гадоў дваццаць усяго, па ўзросту — сын Елісея Ягоравіча. Але рост хлопца — сажань! Сіні мундзір чыгуначніка рабіў яго самым паважным, унушальным сярод гэтых схуднелых, па-сялянску апранутых людзей. I твар яго быў трохі незвычайны: прыгожы, з правільнымі рысамі, але пабіты воспай, рабацінне гэтае надавала яму суровы выгляд i рабіла больш сталым. Хто не ведаў, даваў Лагуну гадоў на дзесяць больш.

Арэф'еў сустракаўся з Лагуном ужо тройчы, i кожны раз два камісары разыходзіліся амаль што ворагамі.