Арэф'еў убачыў, што гамяльчане пераглянуліся паміж сабой. Значыцца, чуццё яго не падвяло: была ў ix размова пра атрады, напэўна, спрачаліся нават.
— Атрады, Ягоравіч, застануцца,— першы адгукнуўся Арол,— Вы называеце сябе палком. Маіх хлопцаў прынімайце як батальён. Якраз жа набярэцца добры батальён.
Камандзіра чыгуначнікаў падтрымаў Грышалёў.
— Калі немцы палезуць на нашы сёлы — будзем біцца. Але калі не выстаім — сіла ў яго, у немца, артылерыя, конніца — прывядзем атрады сюды, на злучэнне з вамі, у Чырвоную Армію. Так, Андрэй? — звярнуўся ён да Калініна, які не прысядаў — памагаў гаспадыні, зліваў кіпень з другога чыгуна бульбы, зваранай ужо ў мундзірах.
Ніхто не запярэчыў Арлу i Грышалёву. Куліненка, які дагэтуль еў нехаця, старанна вышкрабаў лыжкай рэшткі сопкай бульбы. Лагун выкалупваў з дошкі бурштынавы сучок.
Елісей Ягоравіч адчуў спакой i, бадай, радасць: камандзіры самі вырашылі правільна, па-партыйнаму. Усё добра. Высвятляць, чыя задума — павесці атрады ў тыл,— не варта. Навошта распаляць спрэчку, якая, відаць, закончылася яшчэ ўначы згодай: на захопленай немцамі зямлі ствараць новыя атрады — партызанскія. "Мабыць, i ўсе трымаліся такой думкі, бо хутка размова перайшла на іншыя тэмы. Загаварылі пра вясну — якая яна ідзе? Пра лес i лясніцтва.
З-за печы даўно выглядалі два цікаўныя мурзатыя тварыкі. Елісей Ягоравіч весела падміргнуў ім, i дзеці пачалі з ім гульню вачамі.
Леснічыха прапанавала прастуджанаму Куліненку «чаю з зеллем». Пасля бульбы i капусты чаю захацелі ўсе. Чай ускіпяцілі ў тым жа чыгуне на настоі чабора, бруснічнага лісця, яшчэ нейкіх траў. Усе сказалі ў адзін голас, што «чай — царскі» i па чарзе — не хапіла конавак i кубкаў — пілі яго са смакам.
Ніхто нікуды не спяшаўся. Мір. Вясна. Усім было хораша. Пачалі расказваць вясёлыя прыгоды.
На двары гаманілі людзі, іржалі коні, ix недалёка падкоўвалі. I гэта былі таксама мірныя гукі — як напрадвесні ў сяле.
Усе насцярожыліся, калі пачуўся тупат капытоў аб яшчэ мёрзлую зямлю i фыркнуў стомлены конь. Гэта нагадала вайну. На кані, што спыніўся каля ганка, сядзела двое: хлапчук гадоў дванаццаці i кавалерыст з башлыком на шынялі i ў казацкай шапцы. Зводны батальён рэвалюцыйных салдат — у ім была паўсотня кавалерыстаў — займаў абарону паміж атрадамі Арла i Маскоўскім — на самым блізкім подступе да Добруша.
Нешта там здарылася. Вось чаму i Арэф'еў, i Арол, i Лагун нецярпліва ўзняліся з-за стала.
Першы пераступіў парог хлапчына. Ён быў мокры па вушы. Лапці, анучы, палатняныя штонікі, шэрая сукня i нават шапка-аблавушка — усё набрыняла вадой. Хлапчына дрыжэў, рукі i твар яго пасінелі ад холаду, але вочы зіркалі смела i весела. Ён як бы шукаў позіркам таго, хто яму патрэбны, ці хацеў адгадаць, хто тут, сярод гэтых людзей, галоўнейшы.
Кавалерыст далажыў ад дзвярэй, звяртаючыся да Арла:
— Таварыш камандзір! Перабежчык адтуль, ад немца. Нам нічога не кажа. Патрабуе начальніка браняпоезда Басіна.
Камандзіры пераглянуліся паміж сабой: Басіна пахавалі чатыры дні назад пасля цяжкага бою, у якім страцілі браняпоезд.
Лагун ступіў да хлапца, глуха сказаў:
— Басіна няма, забілі яго немцы. За Басіна — я.
Хлопец знізу — ад вялізных ботаў да бялявага ўскудлачанага чуба — агледзеў камісара. Выгляд Лагуна i, напэўна, яго мундзір чыгуначніка, зрабілі ўражанне. Міаўчанне іншых пацвердзіла, што гэты высокі чалавек не маніць.
Тады хлапчына сарваў з галавы аблавушку, не шкадуючы, разарваў сапрэлую падкладку, вырваў з-пад яе клок прамасленага пакулля, працягнуў Лагуну. Той не адразу нават сцяміў, што гэта, i нават сумеўся: навошта яму гэтае пакулле?
— Пісьмо там, — падказаў хлапчук.
Пакуль Лагун асцярожна раздзіраў пакулле, леснічыха першая — калі тыя мужчыны здагадаюцца! — праявіла клопат пра хлапца:
— Дзіцятка маё, на табе ж сухой ніткі няма. Як на моры плыў.
— Рэчку пераходзіў. А на бераг немцы выйшлі. Я прылёг, а лёд асеў, верхаводка найшла. Як шугануў! Думаў — усё, пад лёд пайду. Чуць выбраўся.
— Як жа цябе завуць?
— Валодзька... Бурцаў.
— А божачка! Андрэй! Фамілія ж наша, кармянская.
— Са Жгуні мы... Будашнікам у Ларышчаве бацька мой.
— Лезь на печ, Валодзька. Я табе пераадзецца дам. Чаю гарачага нап'ешся. Бач, як калоцішся. Дзеці! Кыш на вуліцу!
Лагун між тым дастаў з пакулля тонкую трубку з прамасленай паперы, у ёй, у трубцы,— пісьмо на паўаркуша вучнёўскага, у клетачку.