Выбрать главу

Не заснуў камісар у тую ноч ні на хвіліну. I не дарэмна думаў, не дарэмна баяўся. Як толькі сонца зноў паднялося над рэйкамі, назіральнікі, што сядзелі на ўзлессі на соснах, паведамілі, што да станцыі набліжаецца поезд. Праз паўгадзіны загрымелі гарматы. Прывёзшы падмацаванне, немцы пайшлі ў наступленне на Добруш.

Што рабіць? Што рабіць? Чый загад, чыю волю ён, камісар, бальшавік, павінен выконваць? Арэф'еў адчуваў, што цярпенне яго камандзіраў, байцоў накалілася да чырвані, i можа здарыцца, што нават гэтыя дысцыплінаваныя маскоўскія пралетарыі — не сялянская стыхія! — могуць не дачакацца загада. Вунь, камісар роты латыш Паульсон глядзіць на яго амаль з нянавісцю.

На мокрым кані прыляцеў сам Арол. Кіраўнік сялянскага паўстання ў шостым годзе, загартаваны, як i ён, Арэф'еў, катаргай. Разважлівы, здавалася, заўсёды спакойны, камандзір гамяльчан дыхаў гэтак жа цяжка, як яго загнаны конь, i гэткі ж мокры i заляпаны граззю быў, заікаўся, каўтаў словы, хоць стараўся гаварыць ветліва, без абурэння:

— Лагун яшчэ ўначы павёў атрад да Ларышчава. Спыніць яго было нельга пасля таго, што ўчынілі немцы. Грышалёў таксама павядзе сваіх. З двух бакоў атакуюць яны раз'езд. Калі наш браняпоезд яшчэ там, захопяць яго. Але ж дарогу ім перагарадзіў гэты пракляты нямецкі поезд. Не пагонім яго назад — атрады апынуцца ў мышалоўцы. Баявыя хлопцы! Касцяк! А-а, Ягоравіч? Не мы ж першыя пачалі...

Арэф'еў хвіліну стаяў, як акамянелы. Ён паспрабаваў уявіць, хоць рабіў гэта ўжо не аднойчы ўначы: як паступіў бы тут Ленін? I раптам хораша ўсміхнуўся Арлу. Павярнуўся да Міхайлава, які прыехаў з Закапыцця яшчэ на досвітку:

— Начштаба! Запішы загад... для гісторыі і... для трыбунала. У адказ на нямецкую правакацыю загадваем... Першае. Батарэі адкрыць агонь па браняпоезду праціўніка. Другое. Усім ротам перайсці ў наступленне на станцыю Добруш, заняць яе. Трэцяе. Заняць раз'езд Ларышчава. Адбіць браняпоезд... калі ён там. Гэта не запісвай. Подпісы: камісар, начштаба.

Узяў з рук у Міхайлава чыгуначную квітанцыйную кніжку, на якой той пісаў,— па царскім гербе i вадзяных знаках, распісаўся пад загадам. Пасля павярнуўся да камандзіра роты:

— Анечкін, разбярыце завал.

— А завал навошта разбіраць? — здзівіўся той.

— Разабраць завал!

3

Машыніст Уладзіслаў Плавінскі сядзеў на гарышчы будкі абходчыка i праз акенца сачыў, што робілася на раз'ездзе, дзе стаялі абрабаваныя немцамі браніраваныя платформы, застылыя, мёртвыя, i яго паравоз, жывы, цёплы... Яшчэ цёплы. Але калі за дзень нічога не адбудзецца i ўвечары яго не пусцяць на паравоз, то да раніцы гэта ўжо будзе не машына, а яшчэ адзін стальны нябожчык: замерзне вада, парве трубы. Мароз уначы градусаў пятнаццаць.

На раз'ездзе было ціха. Неслі варту тыя ж, знаёмыя ўжо, нямецкія салдаты. Не, не адны тыя. Салдат стала больш. I афіцэр другі. Ніхто з ix нікуды не адлучаецца, як раней. Усе гэтак жа насцярожана, як ён, Плавінскі, услухоўваліся ў гарматныя стрэлы ў Добрушы. Адгэтуль з гарышча, калі перайсці на другі бок i паглядзець у шчыліну падстрэшша, відно, дзе манеўруе нямецкі поезд i дзе рвуцца снарады. Чые снарады? Чым скончыцца бой? Хто пераможа?

Пазаўчора немцы лапаталі: «Мір, мір!» Дзе ж ён да д'ябла, той мір? Учора, як толькі адрамантавалі масток, з Гомеля прайшоў нямецкі браніраваны поезд i адразу ж у Добрушы загрымелі гарматы.

Ён, Плавінскі, не верыў у мір. Ён тры дні жыў спадзяваннем. Верыў: не могуць хлопцы пакінуць такі браняпоезд. Як рабілі яго ў майстэрнях! Дзень i ноч! Якое імя далі!

Ca сваім старым сэрцам, з астмай, ён нават не падумаў, каб бегчы за маладымі па полі, па снезе i раллі, калі нямецкі снарад разбіў масток i поезд не мог прарвацца на Добруш.

Ён, машыніст, застаўся на паравозе, як капітан на караблі, які тоне. Ашукаў немцаў. Зрабіў на ix уражанне. Стары, тоўсты чалавек, спакойна пыхкаючы люлькай з незвычайным пахучым тытунём (Плавінскі падсыпаў у тытунь шалфей i астматол) прывітаў пераможцаў на ix роднай мове. Паверылі немцы, што бальшавікі гвалтоўна мабілізавалі яго, бо не знайшлі іншага машыніста, хто мог бы павесці ix поезд.

Гаспадарлівасць яго таксама падабалася дбайным i ашчадным немцам. Машыніст папрасіў дазволу адрамантаваць свой пашкоджаны паравоз. Пашкоджанні былі невялікія. Наадварот, рамантуючы, Плавінскі сам некаторыя «хітрыя» вінцікі павыкручваў — на выпадак, калі немцам раптам прыйдзе ў галаву праверыць паравоз.

Галоўнае — не даць астыць катлу, каб можна было ў любы час, пашураваўшы ў топцы якую гадзіну, давесці ціск да таго ўзроўню, каб пацягнуць пяць платформ, закаваных у браню, набраць хуткасць.