Выбрать главу

Уладзіслаў Францавіч успомніў, якія вочы зрабіліся ў вікжэльца, i ціха засмяяўся, ажно ў грудзях неяк пацяплела i кашаль адступіў.

A ў Добрушы добрая калатнеча ўшчалася. Гукаюць не асобныя стрэлы, а гарматы равуць, як валы на бойHi. Што гэта? Кулямёты ўжо чуваць? Машыніст кінуўся на другі бок падстрэшша, заглянуў у шчыліну. Выпускаючы ў яснае неба клубы дыму, на ўсёй пары да Ларышчава ішоў поезд. Яўна — немцы адступаюць, уцякаюць. Таму i кулямётная страляніна чуваць.

У Плавінскага радасна ёкнула сэрца. Загрукала, як у юнака. Адразу, у момант, адступіла ўдушша. Зрабілася легка. Цела налівалася сілай i бадзёрасцю.

«Што, атрымалі па зубах, геры? Не лезьце на чужую зямлю, пся крэў. Думалі, вас тут з хлебам-соллю стрэнуць?»

Ён запыхкаў люлькай на ўсю моц, не зводзячы вачэй з поезда, што імкліва набліжаўся.

Праз колькі хвілін паравоз, абшыты бранявымі плітамі,— ён штурхаў платформы задняй цягай — спыніўся на пераездзе перад самай будкай. Здавалася, высунь з падстрэшша руку — тэндар дастанеш. Салдат на платформах было нямнога, не столькі, колькі раніцай праехала на Добруш.

Яшчэ здзіўлены машыніст убачыў, што паміж немцам! — рускія. I камандуе рускі падпалкоўнік. Ён бег паўз платформы з пісталетам у руцэ, крычаў, брыдка лаяўся, некаму пагражаў. Страшэнная злосць апанавала старога машыніста.

«Сучы ты сын! — лаяў ён падпалкоўніка.— Гад ты паўзучы! Мабыць жа дваранін, халера на цябе. Падла ты ванючая, а не афіцэр! Тры гады гнаў салдат за веру, цара i айчыну на злейшага супастата. Пра патрыятызм крычаў. Дзе ж ён дзеўся, твой патрыятызм? Каму ты прадаўся? Узяць бы цябе, сабаку, на мушку».

Адчуваў: во на каго рука не ўздрыгнула б, хоць за свае шэсць дзесяткаў гадоў ён кураня не забіў, не толькі чалавека. Шкада, што нельга стрэліць — сям'я тут, дзеці.

Між тым, унізе, у хаце пачуліся галасы, крык гаспадыні. Няўжо гэтыя рабуюць? Не, не так крычаць дзеці — нібыта радасна вішчаць. Валодзька! Яго голас. У старога слёзы сыпанулі з вачэй ад радасці: жывы Валодзька! А што маці яго лупіць — гэта нічога. Маці балюча не паб'е.

Уладзіслаў Францавіч высунуўся ў лаз, чакаючы, што, ратуючыся ад матчынай дзягі, Валодзька выскачыць у сенцы. Так яно i здарылася, Ляпнулі дзверы. Крыкнула будачніца:

— Пайдзі толькі на паравоз — шкуру спушчу. Табе i тоўстаму кныру таму, завадатару лысаму! Знайшлі забаўку, старое i малое!

Гэта пра яго, Плавінскага.

Ён весела ўсміхнуўся i ціха паклікаў:

— Валодзька!

У адзін міг хлопец ускочыў на гарышча.

— Дзядзька Ладзіслаў!

— Цішэй ты!

Валодзька абхапіў яго тоўстую гюстаць, зашаптаў знізу ў падбародак:

— Яны ўжо тут. За гумнамі ляжаць у Ларышчаве.

— Хто?

— Атрад. Камісар Лагун... высокі такі, рабы... ён вас ведае. З атрадам ён. Кулямёт у ix «максім»,— хваліўся хлопчык набытымі ведамі.

Плавінскаму перахапіла дыханне. Ён моцна прыціснуў галаву хлопчыка да сваіх грудзей, да зашмальцаванага кажуха: маўчы, маўляў, Валодзька, усё зразумела без слоў.

Памаўчаўшы, усхвалявана спытаў:

— Жывём, цёзка?

— Жывём, дзядзька.

— Папала табе ад маці?

— Што там папала! Памахала ручніком. А мне ў атрадзе, глядзіце, якую паддзёўку далі, на ваціне. Хоць пугай сцёбай — да жывога не дастанеш.

У гэты час з гумнішча ўдарыў кулямёт. Яны кінуліся да акенца. Эх, як замітусіліся салдаты каля поезда. Некаторыя ляглі на насып. Валодзька не адразу зразумеў, што гэта забітыя. Іншыя лезлі пад колы i адтуль, з другога боку, узбіраліся на платформы, пад прыкрыцце брані. З поезда таксама залапатаў кулямёт, забухалі вінтоўкі. На пярэдняй платформе, што стаяла каля самай будкі, павярнула сваё доўгае дула гармата, гакнула так, што Плавінскаму i Валодзьку здалося: дах знесла над імі. Унізе зазвінела шкло, мабыць, вылецелі ўсе шыбы. Ці то, можа, у вушах звінела?

Уладзіслаў Францавіч не зашаптаў, a закрычаў Валодзьку на вуха:

— Ляці ўніз. Скажы маці, каб лезла з вамі ў пограб.

Але, відаць, немцы не бачылі, у каго страляюць. А яны стаялі на насыпу i па ix з гумнаў вялі прыцэльны агонь. Таму яшчэ праз колькі хвілін машыніст даў гудок, паравоз штурхнуў платформы, i поезд пасунуўся цераз раз'езд у бок Навабеліцы. Відаць, камандзір браняпоезда зразумеў, што займае вельмі нязручную пазіцыю i спалохаўся, што чырвонагвардзейцы могуць адрэзаць шлях да адступлення. За поездам, даганяючы яго, бегла нямецкая ахова. Салдаты чапляліся, хто за што здолеў, i ад куль падалі на насып.