Выбрать главу

Трохі ад'ехаўшы ад люднай плошчы ЗІС крута завярнуў на нейкі прасторны падворак і стаў. Вясёлы шафёр саскочыў на брук.

— Прыехалі! Табе куды, лейтэнант?

— Мне далей.

— Што, у армейскі тыл? Не, туды я ня еду.

Заклапочаны, я азіраўся па баках. У двары ўжо стаялі два «студэбэкеры» — пусты і чымсьці гружоны. Але куды яны едуць? I калі? Запытаць не было ў каго. Я абыйшоў іх з другога боку і пад тынкаванай сьцяной убачыў ровар. Жоўтыя, з дрэва ў елачку дзьверы, ля якіх ён стаяў, былі зачыненыя, ніхто адтуль не выходзіў. Я асьцярожна ўзяў ровар і разьвярнуў яго колам да вуліцы. Ніхто мяне не спыніў, не крычаў, і я пакаціў на асфальт.

Сьпярша імчаў, колькі было сілы, шалёна круціў пэдалі. Затым замарудзіў. Усё ж за мной ня гналіся, мабыць, можна было і спакайней. Сустрэчныя аўтамабілі ў асноўным шыбавалі па сваім баку і дужа не заміналі. Толькі аднойчы на павароце я ледзьве разьехаўся з шалёным «доджам». Адкуль чулася п'яная гамана — пяцёра афіцэраў з бутэлькай сьвяткавалі перамогу. Вакол рассьцілаўся маляўнічы ляндшафт горнай даліны з парослымі хвойнікам схіламі гор; дзе-нідзе ўдалечыні на ўзьлесках відаць былі белыя й шэрыя забудоўкі з шырокімі дахамі; вуліцы прыдарожных паселішчаў упрыгожвалі стракатыя фасады ў стылі фахвэрку. Удалечыні з-за сьнегавых вяршыняў неяк раптоўна выкаціла сонца і зноў, як нядаўна, ударыла ў твар зыркім сьляпучым праменьнем. Сонца з усходу. Там была мая радзіма — бяз гор і прыгожых забудовак, са сваім мілым для мяне зялёным хараством. Цяпер я вярнуся туды. I не адзін.

Памалу акрыяўшы, той мой намер умацоўваўся ўсё болей, перарастаючы ў пэўную нязрушную мэту. Як яе ажыцьцявіць, было ня дужа зразумела. Але мэта аформілася і ўсё болей прарастала ў сьвядомасьць, рабілася неадчэпнай. Адчуваў, адкладваць нельга, задуманае трэба ажыцьцяўляць зараз жа. Дый й чаму не? Вайна ж скончылася. Мне было крыху за дваццаць гадоў, і я яшчэ не спазнаў каханьня. Не было калі й не было каго пакахаць. Неяк у шпіталі пад Знаменкай дужа спадабалася медсястра Нюра з фізкабінэту. У яе разьвівалі недалечаныя рукі-ногі, круцілі «веласіпед», сьціскалі нейкія спружыністыя «раскарэкі», Аднойчы я зь ёй пасядзеў на дзяжурстве, пагаварылі, дужа яна здалася мне ласкавай. Яна й сапраўды была ласкавая, ды, на бяду, не да мяне аднаго. Неяк яна дала мне рапіру і прапанавала пафэхтаваць зь ёю. Фэхтавальшчык я аказаўся няўдалы, яна лёгка і ня раз укалола мяне. Але з таго фэхтаваньня я, здаецца, гатовы быў пакахаць яе. Пакуль не пабачыў, як яна фэхтуе з параненым у галаву капітанам-лётчыкам. Мабыць, той быў спрытнейшы за мяне ва ўсіх адносінах і, як ён выпісаўся, сястрычка паехала зь ім са шпіталю. У авіяцыйны полк. Я ж яшчэ застаўся далечваць маю прастрэленую руку. Нюра была ладная спартовая дзеўка, у тым уся справа.

Я прамінуў яшчэ адзін невялікі гарадок у даліне — купку белых і шэрых дамкоў-катэджаў. У вокнах і на гаўбцах матляліся на ветры белыя прасьціны: людзей, аднак, было відаць малавата. У дварах і на ўзбочынах дзе-нідзе стаялі нашыя вайсковыя аўтамабілі, ля іх варушыліся-снавалі вайскоўцы, тут ужо ўладкоўваліся тылы. Мяне ніхто не спыніў ні разу, не запытаў, куды еду. Што значыць — канец вайне! Калі яна доўжылася, хоць тут, за мяжой, ці на нашай зямлі, у тыл за два-тры кілямэтры ад фронту паткнуцца было немагчыма. Скрозь заслоны, шлягбаўмы, кантроль і праверка. Нават параненым трэба было мець дакумэнт — картку перадавога раёну. Крывавая рана яшчэ нічога ня значыла. А цяпер… Хаця ўсё зразумела — вайна ж скончылася.

Вось нарэшце й той наш гарадок — ушчэнт разьбітаю вуліцай ён узьнік з-за павароту. Я пераехаў лінію нямецкіх акопаў, пасьля сваіх. Знаёмая вуліца, як і ўчора, была густа закіданая ўжо раструшчаным коламі друзам, кавалкамі дахоўкі; патыхала гаркотай недагарэлых пажарышчаў. Гэтаму не пашэнціла, напасьледак не ўбярогся, як уберагліся тыя, што ад яго на захад. Лёс гарадоў, мабыць, як і лёс людзей, асабліва ў вайну. Але шчасьце, што ацалеў знаёмы зарэчны катэдж — з-за разьбітага дому на рагу я адразу ўбачыў яго пад гарой, і сэрца маё радасна заляскатала ў грудзях.

Аднак, штось мяне трывожна штурханула знутры, як я згледзеў з мастка напаўрасчыненыя дзьверцы брамкі. Заўжды яны былі зачыненыя, і я пералазіў цераз іх зьверху. Кінуўшы на зямлю ровар, я подбегам патрухаў да блізкіх дзьвярэй. Але дзьверы… Што гэта? Чаму ўвесь ніз іх выламаны, а каменная сьцяна побач чарнее агнянай падпалінай? Яшчэ не разумеючы, што гэта магло азначаць, я піхнуў разламаныя дзьверы нагой і ступіў у знаёмы, як і тады цемнаваты, вэстыбюль.