Выбрать главу

I адразу ўбачыў яе.

Яе маленькае, бы ў падлетка, цела зьнерухомела на сьлізкіх плітках падлогі якраз на сярэдзіне вэстыбюля, дзе ўчора стаяў круглы столік. З усёй вопраткі на ёй засталася толькі разадраная на грудзях кофтачка, кароткія русявыя валасы разматляліся вакол закінутай на падлогу галавы, на востранькім падбародзьзі сьцёк і запёкся струменьчык сукравіцы. Шырока расплюшчаныя вочы невідушча глядзелі ў змрок высокага падстольля.

Я не дакранаўся да яе, толькі апусьціўся побач на кукішкі і сядзеў так, глядзеў, аглядаў яе мёртвы тварык і ня ведаў, што мне рабіць — плакаць ці, можа, крычаць? Дужа карцела выць і крычаць. Але хто мог пачуць мой крык, зразумець зьдзічэлы мой боль? Страшэнную несправядлівасьць гэтай пагібелі? Вайны ці жыцьця наогул…

Калі надыйшло нейкае адхланьне, я ўстаў і ўпершыню азірнуўся наўкола. У вэстыбюлі панаваў разгон. Усе дзьверы шафы былі расчыненыя, вакол на падлозе валяліся кнігі. Лёгкія зэдлікі ляжалі ў розных месцах вэстыбюлю, століка чамусьці нідзе не было відаць. Два скураныя крэслы, што стаялі каля сьцяны, былі ссунутыя са сваіх месцаў, зь іх парэзаных сядзеньняў тырчэў віты дрот спружын. Марудна адыходзячы ад раптоўнай прастрацыі, я зазірнуў праз расчыненыя дзьверы на кухню, дзе таксама ўсё было параскідана, посуд пабіты, мэбля перакуленая. У наступным, болей прасторным памяшканьні, мабыць, была сталовая з даўгім сталом пасярэдзіне і цёмнымі карцінамі на сьценах. Пустая, аздобленая залатой лепкай рама ляжала на стале, крэслы былі паваленыя і бязладна валяліся па ўсім памяшканьні. А ля наступных дзьвярэй з-за стала вытыркаліся на паркеце доўгія ногі ў чорных з цёмна-сінімі лямпасамі штанах. Доктар Шарф быў застрэлены ў галаву, і лужынка крыві расьцяклася ад яго да дзьвярэй. Я прачыніў тыя дзьверы і адчуў перашкоду, далей якой яны не адчыняліся. Праз шчыліну аднак стала відаць у доле беленькая, бы дзьмухаўка, галоўка фраў Сабіны. Яна таксама была нежывая.

Я хадзіў пасярод гэтага дзікунскага разгрому, перабіраў невідушчым позіркам раскіданыя, патаптаныя, папсаваныя рэчы, вопратку, мэблю і не разумеў нічога. Я быў панішчаны, зьдзіўлены і прыгаломшаны. Хто гэта ўчыніў? За што? Скончылася ж вайна, як жа так? Ці гэта помста, ці рабаўніцтва? Ці, можа, палітыка? Зноў выйшаў у вэстыбюль. Абыякавая да ўсяго Франя ціхенька ляжала на ранейшым месцы. Дык вось як ёй наканавана скончыць жыцьцё. I калі! Напрыканцы вайны. На парозе міру. Калі ў мяне нарадзілася спадзяванка на тое жыцьцё. А ёй менавіта ў такі час суджана было памерці. У свае васямнаццаць гадоў…

Я роўненька склаў уздоўж цела яе маленькія рукі, самкнуў разам яе голыя, скрываўленыя ногі. Нелюдзі і гады! Гады і нелюдзі! Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты. Чаму не разьвярзьнецца зямля, не праглыне іх? Я падняў побач скамячаны квяцісты абрус са століка і роўненька накрыў ім Франю. Але што было рабіць далей?

Дужа пакутна было пазіраць на гэты разгромны вэрхал, бачыць нерухомыя скрываўленыя целы. За вайну я нямала нагледзеўся на забітых, расшкуматаных снарадамі людзей — сваіх і немцаў. Але то былі мужчыны і салдаты. Тут жа маленькае юнае дзяўчо, маё нечаканае каханьне. Мне патрэбна была дапамога, хоць бы якое душэўнае апірышча. Калі б побач былі сябры ці хоць бы мае хлопцы з узвода. Але іх не было, а што я мог адзін? Ісьці на дарогу, дзе сноўдалі аўтамабілі невядомых вайсковых частак, прасіць афіцэраў — хто зь іх зразумеў бы мяне?

Што-небудзь тлумачыць я ня меў сілы. Ды і каму тут справа да гэтай трагедыі ў багатым катэджы? З гэтымі аўстрыякамі ды іхнай служанкай? Мясцовыя ўлады? Дзе мне шукаць іх? Ды і ці ёсьць яны тут, у гэтым разьбітым, учора яшчэ франтавым гарадку? Мабыць, тут панавала бязладзьдзе, і гэтая трагедыя — найперш вынік менавіта таго бязладзьдзя.

Можа, трэба было ехаць у полк? Але полк быў далёка, і я ня мог кінуць тут Франю ды і гэтых няшчасных яе старых. Мабыць, трэба было даць ім якое рады. Апошняй на гэтай зямлі.

Ня ведаючы яшчэ пэўна, па што, я пабрыў у гарадок. Не па той зруйнаванай вуліцы, зь якой прыехаў сюды — пайшоў перавулкамі па-над рэчкай. Тут пашкоджаных дамоў трапляла менш, некаторыя былі з глуха зачыненымі аканіцамі і выглядалі пакінутымі. Дзе-нідзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелі вясновыя кветкі і зацьвітаў бэз. За адным кустом ля фахвэркавай сьцяны я згледзеў чалавека. То быў немалады аўстрыяк у капелюшы, ён падмятаў закіданы друзам падворак і зьдзіўлена знерухомеў зь мятлой у руках.