— Паслухайце, там у катэджы забітыя…
— Ніхтс фарштэйн, — выслухаўшы, крутнуў галавой аўстрыяк.
— Ну забітыя, разумееце? Морд!
— Морд?
— Ну, морд. Там, у катэджы…
— Найн, найн! — апантана закруціў галавой аўстрыяк. — Іх цывіль, нейтраль мэнш. Найн…
Не разьвітваючыся, я скіраваў далей. Чорт бы яго ўзяў, гэтага нейтральнага мэнша. Ці ён зразумеў мяне, ці не захацеў зразумець. Я перайшоў на другі бок кароценькай ускраіннай вулічкі. Якраз на рагу за невысокай цаглянай агароджай размаўлялі дзьве кабеты, і я паклікаў іх з вуліцы. Сьпярша да агароджы падыйшла старэйшая, дзябёлая кабета ў фартуху, затым да яе засьцярожліва наблізілася маладзейшая — худая і кашчавая, у мужчынскім убраньні і штанах.
— Прашу прабачыць фраў. Там — морд, разумееце? Трэба памагчы. Доктар Шарф унд фраў. Шарф унд фраў.
— Доктар Шарф! — жахнуліся кабеты. — Морд?
— Ну. Забітыя. I дзяўчына, фройлен.
Яны штось хуценька загаварылі між сабой, а я каторы раз за вайну пашкадаваў, што колісь абыякава паставіўся да нямецкай мовы. Шчыраваў у іншых школьных прадметах, а ў тым, які найбольш спатрэбіўся б на вайне, ня надта. Я стаяў і маўчаў.
— Гэр афіцыр, — кірхэ! Кірхэ, фарштэйн? — пачалі абедзьве паказваць за рог дамоўкі.
Так, я пачаў здагадвацца, што трэба ў кірху, пазелянелы шпіль якой тырчэў між уцалелых дахаў дзесь на краі гарадка. Дзіўна, што ён ацалеў у нядаўняй калатнечы, хіба яго засьцярог Бог. Яшчэ ня верачы, што там мне дапамогуць, я пабрыў туды па гарадзкіх перавулках і сапраўды праз трохі часу выйшаў да каменнай агароджы-сьцяны. Далей высіліся старыя дрэвы і за вастраверхай брамкай відаць стаў шырокі ўваход у кірху. Была яна ня дужа вялікай, даволі змрочная з выгляду і старая. Я нясьмела ўвайшоў у сярэдзіну, дзе панаваў паўзмрок і прахалода, але далей, відаць было, гарэлі сьвечкі і чуўся ціхі, напаўголаса, сьпеў. Ступіўшы з-за калёны-слупа яшчэ некалькі крокаў, я ўбачыў купку людзей, што тоўпіліся перад адкрытымі трунамі; за імі з малітоўнікам у руках стаяў сьвятар. Тут адпявалі нябожчыкаў, цывільных ці вайскоўцаў, я не разгледзеў. Мабыць, заўважыўшы мяне, аднекуль збоку зьявіўся чалавек у чорным, недаўменна прыпыніўся насупраць.
— Сьвяты айцец, — дрыготкім голасам сказаў я. — Там морд, доктар Шарф…
— Доктар Шарф? — паўтарыў сьвятар роўным, як здалося, абыякавым голасам. — Морд?
— Морд, — сказаў я. — Фраў і дзяўчына, фройлен.
— Фройлен? Драй морд?
— Драй морд.
Кароткім рухам двух пальцаў сьвятар звыкла азначыў крыж на грудзях і нешта патлумачыў мне, хоць я й не зразумеў, што менавіта. Спакваля здагадаўся, што, мабыць, трэба пачакаць. Тады я выйшаў з гнятлівага паўзмроку кірхі на заценены дрэвамі падворак. Чакаць? Сапраўды так. Бо, мусіць жа, ім трэба аб чымсьці дазнацца, а мне штось растлумачыць. Тут жа злачынства — забойства і рабаўніцтва. Хоць сьвятары, вядома, ня сьледчыя. Але ж…
Так разважаючы, я нядоўга стаяў перад старой, бы закапцелай ад часу кірхай, і каторы раз пакутна спрабаваў зразумець: хто? Хто іх панішчыў — і гаспадароў, і дзяўчыну? Ці ўсе былі выпадковыя бязьвінныя ахвяры, ці тут быў які пэўны лягічны намер? Можа, вінаваты ва ўсім той прыгожы знадворку катэдж? У нядобры час, відаць, атрымалі яго гэтыя Шарфы ў спадчыну. Хаця… Падумаўшы, няцяжка было здагадацца, хто мог тое ўчыніць. Ужо такое здаралася і ня толькі на аўстрыйскай зямлі. Летась на фармоўцы пад Луцкам перад строем палка былі расстраляныя двое з транспартнай роты. Гэтыя ўволю павесяліліся — напіліся і згвалцілі на хутары жанчыну, забілі яе сына-падлетка. Праўда, тыя не рабавалі. Мабыць, не было што. Тут жа зьявіліся немалыя магчымасьці і знайшліся такія, што не супроць пакарыстацца імі. Тым болей у логаве зьвера, нялюдзкім буржуазным грамадзтве…
Бедная Франя! Ратавалася ад вайны ў Эўропе, ды менавіта ў Эўропе вайна дагнала яе. Але чаму менавіта яе? Я ж во меў болей падставаў на сьмерць, а жыву.
У кірху прайшлі яшчэ дзьве кабеты ў чорных капелюшах, зьдзіўлена паўзіраліся ў мяне, — мабыць, зусім недарэчную тут істоту. Я й сам увесь час адчуваў сваю тут недарэчнасьць, але я чакаў. На вялікую прыязнасьць, вядома, разьлічваць не даводзілася. Хоць яны й ня ведалі пэўна, хто ўчыніў разбой у кватэры Шарфа, але, мабыць, здагадваліся. А можа, і падазравалі. Таму я чакаў тут, ля кірхі. Калі ўжо чаканьне маё гатова было скончыцца, аднекуль з завулку да брамы пад'ехала фура. Два біцюгі, ледзьве варушачы тоўстымі, як бёрны, нагамі, пакорліва спыніліся насупраць. З пляскатай фуры саскочыў чалавек з паголеным тварам і бэрэтам на галаве. Убачыўшы мяне штось замычэў, замахаў рукамі, і я здагадаўся, што гэта — нямы.