Капітан быў чалавек выхаваны, паходзіў зь ленінградзкіх інтэлігентаў, мабыць ён разумеў стан мае душы і памкнуўся мяне суцешыць.
— Ладна, не тужы, лейтэнант. Станем у абарону, падкінуць гарматкі. Табе ж шмат ня трэба? Якіх пару…
— Хай не даюць, — няшчыра пярэчыў я. — Аўтамат знойдзецца.
— Аўтамат пасьпеецца…
Цяпельца то затухала, то пад лёгкім ветрыкам пачынала бязьлітасна дыміць, выядаючы вочы. Ісьці па дровы ў недалёкі вінаграднік не хацелася. Тут быў схіл пагорка, на якім з таго боку сапёры абсталявалі бліндаж назіральнага пункту. Там жа, за пагоркам, чутна было, грукацелі кулямётныя чэргі, але сюды кулі не заляталі, пагорак нас укрываў. Наперадзе ж перад намі разьлеглася даволі шырокая даліна, па той бок якой таксама на схіле відаць былі роўныя шнуркі вінаграднікаў і бегла крываватая палявая дарожка, абсыпаная абапал старымі і сьвежымі варонкамі ад выбухаў. Капітан усё ўзіраўся туды, чакаючы пасыльнага, які павінен быў прыехаць па новага начарта. Але пасыльны затрымліваўся, хаця ўжо гадзіну таму па тэлефоне перадалі, што паехаў.
— Ат, ладна, — сказаў капітан і дастаў з-за пазухі алюміневую пляшку. — Давай вып'ем. Каб не апошнюю…
— Ну, вы цяпер маеце шанец…
— Шанец чаго? — насьцярожыўся капітан.
— Ну, на жыцьцё, — адчуўшы пэўную няёмкасьць, сказаў я. Падобна было, капітан пачуў у маім голасе нейкія ноткі зайздрасьці. Але тое была ня зайздрасьць да яго — болей клопат за свой незайздросны лёс. Я, напэўна, адчуваў, што ня сёньня, дык заўтра апынуся ў стралковым батальёне, дзе, вядома, жыцьцё нядоўгае. Хоць яно і ў супрацьтанкавай батарэі не даўжэйшае, але ўсё ж… Усё ж во мы ўцалелі.
— На вайне ніхто ня ведае свой шанец, — растлумачыў капітан. — Ну, глытнём!
Ён глытнуў сам і падаў мне пляшку, зь якой я глытнуў раз-два і папярхнуўся. Мусіць, то быў сьпірт, ад якога адразу заняло дых.
— Ну во, — сказаў ён. — Каб табе тут шчасьліва ваявалася.
— Дзякуй.
У той час унізе, у лагчыне, а зусім не на дарожным пагорку паказаўся чалавек, які вёў на повадзе каня — мабыць, гэта й быў той, каго мы чакалі. Ад выпітага сьпірту ці ад усьведамленьня канца нецярплівага чаканьня капітан прыкметна ажывіўся, піхнуў ботам канец галавешкі, ад якой пыхнула ў вочы ядучым дымам.
— Ты гэта во што… Калі там у батарэі недакамплект узводных, дык я цябе забяру. У свой полк.
— Ды ну! Ці варта…
— Варта, варта. Усё ж мы с табой разам з самай зімы. Лічы, чатыры месяцы.
— Чатыры месяцы…
— Можа, я цябе калі й дапёк, дык даруй. Знаеш, вайна — усё ж нэрвовая справа.
— Ды не. Я нічога…
— Ага, не крыўдуй… А давай яшчэ па глытку! — з раптоўнай рашучасьцю сказаў капітан і зноў выцягнуў з-за пазухі ватоўкі сваю пляшку. — Думаў, там — на абмыўку. Але й тут дарэчы.
Мы й яшчэ глытнулі патроху, пакуль коньнік узьяжджаў на пагорак. Гэта быў пажылы, вусаты баец у бушлаце, які неўзабаве спыніўся перад цяпельцам і зважліва папытаўся:
— Ці ня вы будзеце капітан таварыш Лемеш?
— Угадаў! — сказаў камбат і ўскочыў, — рослы, энэргічны, у туга аперазанай партупэяй ватоўцы. — Ну, лейтэнант, жыві да перамогі! На перамозе сустрэнемся.
Я таксама ўстаў, мы таропка абняліся, і капітан, прыняўшы ў пасыльнага повад, лёгка й спрытна ўскочыў у сядло. Не азірнуўшыся, ён паскакаў рысьсю ўніз, за ім, трохі адстаўшы, ехаў вусаты пасыльны. Я сеў на сваё ранейшае месца ля цяпельца. Мне было сумна й трохі зайздросна. Хоць надта зайздросьціць я ня меў падставы: усё ж камбат быў старэйшы за мяне, ваяваў у палку ад самага Сталінграда, узнагароджаны трыма ордэнамі, у тым ліку і Чырвоным Сьцягам, ня тое, што я — Чырвонаю Зоркай, ордэнам Ванек-узводных ды тылавікоў-інтэндантаў. Зноў жа ён быў ня з тых, хто любіў заграбаць жар чужымі рукамі, а калі трэба было, дык рызыкаваў і сабой. Як у тым выпадку на пляцдарме, калі стаў за прыцэл гарматы і паўдня адбіваў нямецкія атакі. Мабыць, ён заслужыў нейкае права, каб цяпер, напрыканцы вайны, лепей уладкаваць свой лёс і, можа, дажыць да перамогі. Але хто не хацеў бы таго? Праўда, пра тое, каб выжыць, мы маглі толькі марыць. I то тайком ад саміх сябе, тоячыся ад уласнага сумленьня.