Выбрать главу

Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць «геніяльная» ідэя мабілізаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай арміі нічога падобнага не назіралася да канца вайны. Пры ўсёй агульнавядомай бездэфіцытнасьці людзкога (мужчынскага) матэрыялу на вайне, якая патрэба была пасылаць пад агонь маладых, малапрыстасаваных да нягодаў баявога жыцьця дзяўчат? Якая з таго была карьсьць? Хіба каб аздобіць вольны час ды ўладкаваць халасьцяцкі быт старэйшых камандзіраў і палітработнікаў, якія на час вайны засталіся бяз жонак і тылавых сябровак? Па дарозе на фронт шмат якія зь дзяўчат атабарываліся ў штабах, тылавых установах у якасьці сакратарак, мэдсясьцёр, сувязістак, якія на салдацкай мове называліся ППЖ. Тыя ж зь іх, што дабіраліся да палкоў і батальёнаў, не выклікалі да сябе сур'ёзных адносінаў — на чыста мужчынскай працы, якой зьяўляецца вайна, сярод мужчынскіх масаў яны адразу выяўлялі ўсю сваю бездапаможнасьць. Нават дзяўчаты такой катэгорыі, як снайпэры, што ў хвіліны зацішку паміж баямі павінны былі выпаўзаць на пазыцыі бліжэй да праціўніка. Прынята лічыць, што кожны іх снайпэрскі стрэл — гэта забіты немец. На справе ўсё было інакш. Праляжаць, страляючы пад носам у ворага, можна было лічаныя хвіліны, зноў жа кожны дзяўчачы стрэл — зусім не абавязковае пападаньне ў цэль. Але калі на фронце панаваў спакой і нашыя не наступалі, дык снайпэрская актыўнасьць была адзіным паказчыкам баявой актыўнасьці, і камандзіры не скупіліся на лічбы ў справаздачах.

На пэрыяды франтавога зацішку прыпадала асаблівая актыўнасьць паліторганаў. Менавіта тады ў акопах паяўляліся малазнаёмыя, чыста паголеныя, у скрыпучых партупэях маёры і падпалкоўнікі, якія распачыналі з байцамі цёплыя, «душэўныя» гутаркі. «Ну, як справы? Як кормяць? Ці атрымліваеце лісты з дому?» Адказвалі ім суха і пахмурна — гэтых ветлівых афіцэраў не паважалі й ня дужа баяліся (ня тое, што крыклівых мацюгальшчыкаў, сваіх камандзіраў), моўчкі, без пытаньняў слухалі іх таропкі аповед пра міжнароднае становішча ды задачы, пастаўленыя ў апошнім загадзе таварыша Сталіна. Пасьля на батарэі і ў роты прыходзілі палітработнікі рангам ніжэйшыя, паклікаўшы каго-небудзь у закуток, прапаноўвалі ўступіць у партыю. Адмаўляцца было не прынята, ды й навошта? Якая розьніца байцу, як гінуць — беспартыйным ці членам ВКП(б)? Сышоўшыся дзе-небудзь за пагоркам на чарговы партсход, адзінадушна галасавалі і праз тыдзень-другі выдавалі кандыдацкую картку. Партыйнасьць, вядома, мала што мяняла ў становішчы байца — калі заставаўся ў страі, прысвойвалі званьне малодшага сяржанта ды перад наступленьнем давалі заданьне крычаць у ланцугу «За Радзіму, за Сталіна!»

Насамрэч, можа, крычалі, а можа, і не. Легенда пра той баявы кліч мае больш прапагандавае паходжаньне і перавандравала, вядома ж, са старонак вайсковага друку. У няспынных грымотах бою, сярод выбухаў і кулямётна-аўтаматнай страляніны цяжка было ўчуць уласны голас, ня тое што нейчы недарэчны, мала адпаведны абставінам, мітынговы крык. Не чуваць было нават звыклага для славянскага вуха «ўра», якое сапраўды крычалі ў адпаведныя моманты бою. Пасьля якой-небудзь няўдачы, калі пачынаўся «разбор палётаў» ды пошукі вінаватых, палітработнікі звычайна дапытваліся ў падначаленых: чаму не было заклікаў? Ім звычайна адказвалі: «Крычалі, далібог! Хіба ня чулі?» Мабыць, ня чулі, таму што ззаду ня надта чуваць. I далёка ня ўсё відаць.

Камандзірская іерархія на фронце мела выразную субардынацыйную пабудову — ад фронту ў тыл. Чым далей ад фронту, тым вышэйшыя чыны, у якіх, як вядома, тым болей розуму і ўлады. За пятнаццаць-дваццаць кілямэтраў ад перадавой усе тылавыя населеныя пункты, ляскі, раўчукі былі забітыя вайсковымі штабамі, аддзеламі і ўстановамі зь дзясяткамі і сотнямі старэйшых афіцэраў, якія штосьці рабілі — пісалі, званілі, раіліся, узгаднялі, што патрабавала вялізнае колькасьці транспарту, сродкаў сувязі. У той жа час на перадавой пад агнём варушылася ў полі жменька змораных, галодных васямнаццаці- і дваццацігадовых хлапцоў. Яны наступалі. Ад іх здольнасьці, патрыятызму і самаадданасьці залежаў посьпех наступленьня і ў канчатковым выніку — вайсковая кар'ера тых, хто атабарыўся ў тыле. Асабліва ў далёкім тыле. Генэралы і старэйшыя афіцэры, як гэта й прынята ў кожнай арміі, усё ж кіравалі ня войскам, а зноў жа генэраламі і афіцэрамі, што стаялі ад іх на прыступку ніжэй — так было зручней ва ўсіх адносінах. Найбольш сумленныя і разумныя гэта рабілі так, што, неяк задавальняючы вышэйшае камандаваньне, імкнуліся ня надта прыгнятаць падначаленых, падтрымліваючы тым рэпутацыю справядлівых начальнікаў. Але гэткая манера была хутчэй выключэньнем з правіла, правілам былі поўная пакорлівасьць перад начальствам і бязьлітасная жорсткасьць у адносінах да падначаленых. Менавіта такім чынам у вайну зрабілі кар'еру тысячы. Ступень патрабавальнасьці — вось тое галоўнае, што вызначала палкаводчую кар'еру самых выдатных ваеначальнікаў сталінскай школы. Памятаю выпадак, калі пасьля вайны судзілі афіцэра, надта заслужанага, на ўсе грудзі ўзнагароджанага палкоўніка, камандзіра гвардзейскага стралковага палка. Гэты палкоўнік ваяваў з чужым прозьвішчам, з дакумэнтамі сапраўднага камандзіра палка, у якога служыў ардынарцам і які загінуў. На судзе яму задалі пытаньне: «Чаму вы, ня маючы вайсковай адукацыі, будучы толькі сяржантам, адважыліся на такую афэру, падпарадкавалі сабе сотні людзей? Як вы імі камандавалі?» «Вельмі проста, — адказваў былы сяржант. — Атрымаўшы зьверху загад, выклікаю камандзіраў батальёнаў і так накручваю ім хвасты, што кідаюцца выконваць, бы ўгарэлыя». Мабыць, някепска «накручваў хвасты», калі атрымаў за вайну ў дадатак да двух незаконна прысвоеных яшчэ чатыры па праву заслужаныя ордэны. Сапраўды, гэты выдатна засвоіў сталінскую навуку перамагаць.