Ужо без увагі да згаслага цяпельца я сядзеў на схіле і пазіраў усьлед нядаўняму камбату. Унізе палявая дарожка раздвойвалася, адна ішла напрасткі цераз пагорак з варонкамі, а другая, ледзьве прыкметная здаля, — у аб'езд па лагчыне, адкуль прыехаў пасыльны. Капітан спусьціўся з пагорка і троху прытрымаў каня, мусіць, вырашаў, па якой скіраваць дарозе. Здалося мне, нават трохі праехаў у лагчыну, але зараз жа збочыў і скіраваў на тую, цераз пагорак. Мабыць, гэтая была карацейшаю, а капітану, відаць па ўсім, не цярпелася. Тым болей, што немцы пакуль не стралялі, выбухаў паблізу не было чуваць.
Шпаркай рысьсю капітан паскакаў на пагорак і вось ужо выехаў на самы ягоны ўзлобак. I тады ўгары каротка віскнула, і ля дарогі пыхнуў клуб міннага выбуху. Сэрца ў мяне здрыганулася — ну, нашто ён паехаў туды? Пыхнуў і яшчэ адзін пыльны клуб — па другі бок дарогі. Капітан хвастануў каня, зрываючы на галоп, але тут жа ўгары пагрозьліва завіскатала ў шмат галасоў, і некалькі выбухаў нячутна вырасьлі абапал дарогі, схаваўшы ў сабе коньнікаў. Я ўскочыў на ногі, але з паўхвіліны нічога там згледзець ня мог — адно касяк пылу паволі поўз цераз дарогу. Як ён споўз адтуль, я ўбачыў толькі каня, што, дужа кульгаючы, бег кудысьці па схіле. Другі коньнік, што добра-такі адстаў ад першага, таропка заварочваў назад.
А за пагоркам ззаду ўжо ва ўсю забухала, загуло. Нямецкая артылерыя пачала біць па ўсім навакольлі, міны рваліся ў лагчыне і далей, не даючы нікому высунуць носу з укрыцьцяў. Капітана вынесьлі толькі ўночы, ягонае цела было амаль расшкуматанае асколкамі, і хавалі яго туга загорнутым у плашч-палатку.
Жывы прайшоў ад Сталінграда да румынскай мяжы, а пагорка не пераехаў…
Палiтрук Каламiец
Як сьціхнуў пад вечар бой, асеў на зямлю ўзьняты бамбёжкаю пыл, і ў высокім нябесным абшары запаліліся першыя зоркі, кампалка Пахомаў і палітрук Каламіец вылезьлі з бомбавай варонкі і агледзелі тое, што засталося ад занятага імі ўчора чыгуначнага разьезда. Разьезда не было. Глінабітная казарма для рабочых і пакгаўз побач нагадвалі аб сабе адно чорнымі гарбамі на краі гэткага ж чорнага неба. Ад шэрагу стромкіх таполяў ля дарогі засталіся скалечаныя выбухамі абломкі; расшчэпленыя камлі, бы растапыраныя пальцы, тырчэлі з разварушанай зямлі. «Добра яшчэ, што засталіся гэтыя таполі, а то было б і не пазнаць разьезда», — думаў палітрук. Надвячоркам пасьля жорсткай бамбёжкі нельга было й меркаваць, што тут хоць нешта застанецца — і ад гэтага разьезда, і ад пехацінцаў, што акапаліся побач у сухой, скамянелай зямлі.
Уначы дзённая сьпёка паволі аціхала, але гарачы сухавей са стэпу нес мала прахалоды. Разгарачанае цела гарэла пад спатнелай абмундзіроўкай, дужа хацелася піць. На бяду, калодзеж ля казармы таксама быў разварочаны і засыпаны. Байцы з сапёрнага ўзводу неяк спрабавалі дагрэбціся да вады. Але калі тое будзе.
Палітрук Каламіец, між тым, доўга і старанна страсаў зь сябе пыл і зямлю, а кампалка сядзеў нерухома, апанураны і самотны. Нязбыўны клопат пра ваду пачаў выцясьняць зь ягонае галавы ўсе ранейшыя клопаты. Вада патрэбная была байцам, патрэбная для кухні, а найболей — для кулямётаў «максім», тры зь якіх ужо абязводзіліся і не стралялі; у два астатнія сабралі рэшту вады зь біклагаў. Сёньня полк стрываў шэсьць жахлівых бамбёжак — сьпярша трох «хейнкеляў», пасьля дзевяці і пятнаццаці, а пасьля ніхто й не лічыў. Праўда, людзкія страты былі ня дужа вялікія, усе ж байцы пасьпелі акапацца наводдаль ад чыгункі ў полі. Ды, на бяду, забіла двух апошніх коней, што вазілі палкавую кухню, і цяпер ні правіянту, ні вады прывезьці не было чым. Мабыць, сапраўды засталося паміраць на гэтым праклятым разьезьдзе, — думаў кампалка, — бо дзявацца тут не было куды. Адсюль ужо не адступіш, як адступалі ад самага Варонежа. Учора, калі яны занялі гэты разьезд, конна прыехаў даручэнец камдыва і прывез, каб расьпісацца, загад Вярхоўнага пад нумарам 227 з назвай: ні кроку назад! Памры, але не адступі. Тое тычылася ўсіх: ад камандарма да апошняга байца, што б ён ні абараняў — горад ці гэткі во разьбіты, амаль зраўняны зь зямлёй стэпавы разьезд. Даручэнец паведаміў таксама, што ўжо ёсьць і вынікі невыкананьня загаду: у суседнім палку аддалі пад трыбунал аднаго камбата і расстралялі на месцы ПНШ па разьведцы.