Выбрать главу

— Дык што рабіць будзем, камісар? — няўцямна пытаўся заклапочаны камандзір палка.

— Будзем стаяць, — проста адказаў палітрук Каламіец. — Што ж застаецца.

— Нічога не застаецца, — скупа пагадзіўся кампалка. Абмяркоўваць загад не належала, лепш было памаўчаць.

— А дзе тая станіца, ці далёка? — з новым клопатам загаманіў палітрук, прыпамятаўшы, як той даручэнец камдыва перадаў яшчэ адзін загад — вусны — са штабу дывізіі: уначы атрымаць папаўненьне. Колькі было таго папаўненьня, невядома, але найперш належала правесьці зь ім палітработу — тым болей цяпер, калі прыйшоў такі важны загад. То была справа палітрука, і Каламіец затурбаваўся.

— Арцюха папытайце. Які з санузводу, — сказаў кампалка. — Ён раненых вадзіў, ведае.

Каламіец устаў з краю варонкі і пайшоў у цемру, ціха аклікаючы Арцюха. Неўзабаве каржакаватая постаць у пілотцы невыразна заварушылася ў змроку.

— Пойдзем у станіцу. Дарогу ведаеце?

— Дарогу? Ды во, наўпрасткі, цераз стэп, — глуха азваўся баец, папраўляючы на плячы вінтоўку з прымкнёным штыхом.

Каля паваленых паўз дарогу таполяў яны скіравалі ў стэп.

Пасьля няспыннае дзённае калатнечы прыемна ўражвала начная, амаль мірная ціша, далікатна парушаная адно ціхманым стракатаньнем цыкадаў. Боты дужа хрускалі ў наскрозь прапыленым стэпавым быльнягу. Блізка баёў не было чуваць, толькі дзесь на захадзе на краі неба час ад часу пыхала агняная пыхаўка, ды таўкла зямлю далёкая арткананада. А так навокал усё сьціхла, змарнела, затаілася. «Ці надоўга, аднак, — думаў палітрук. — Хіба да ранку…»

— Адкуль родам, Арцюх? — спытаў ён байца, што моўчкі сунуўся ззаду.

— Я? Ды з курскіх.

— Курскі салавей?

— Ну.

— З гораду, сяла?

— Ды з калхозу, — выдыхнуў Арцюх. — Калхозьнік.

Ён тое мовіў так проста, нібы ўсё астатняе было зразумела адразу, і ня трэба было ні пра што пытацца. Палітрук і не пытаўся. Ён таксама зь сяла, хоць і ня з курскага — са смаленскага, хоць і не калгасьнік — настаўнік. Два гады перад вайной працаваў дырэктарам сельскай школы, а перад тым — як партыец — актыўна заганяў сялян у калгасы, раскулачваў, ссылаў, падпісваў на пазыкі, спаганяў падаткі, рабіў усё, што рабілася ва ўсёй краіне. Калгаснае жыцьцё яму было добра знаёмае і цяпер не выклікала жаданьня ні што абмяркоўваць, ні нават успамінаць. Яго куды болей гняла іхная невясёлая рэчаіснасьць на разьезьдзе ды гэты жахлівы сталінскі загад. Паратунак заўжды на вайне быў у тыле, куды адступалі, часам задавалі драпу, драпам і ратаваліся. А цяпер во за адступленьне без дазволу — трыбунал. Такая ганьба… Небясьпека навальвалася з двух бакоў: звыклая — з боку немцаў, і новая — з тылу, ад сваіх. Калі ўжо такі загад самога Сталіна, дык літасьці ад начальства ня будзе — ні да байцоў, ні да камандзіраў. Добра, калі пашанцуе з папаўненьнем, дадуць абстраляных байцоў. А калі навабранцаў, запасьнікоў? Ды яшчэ горш — чорнагаловых зь Сярэдняй Азіі, якія ні бяльмеса, і ўсё. Вось тут і выконвай загад Вярхоўнага.

Палын жорстка шархацеў пад кірзачамі, палітрук прыбаўляў кроку. Усё ж за кароткую ноч трэба было пасьпець туды і назад. Як бы да золку не спазьніцца. I яму здалося, што Арцюх адстае, ён азірнуўся раз і другі, трохі замарудзіў крок. А можа, той зусім хоча адстаць? Такія маўчуны здольныя на рознае, хто ведае, што яны носяць у сабе, — падумаў палітрук. Ці мала ўжо такіх, маўклівых і гаваркіх, пазьнікала за кароткія ночы іхнага адступленьня, і ніхто ня бачыў, куды. Але ведама, куды — дамоў. «Хутчэй нельга?» — з дакорам ціха гукнуў ён, павярнуўшыся, і Арцюх буркнуў штось невыразнае ў адказ, але не прысьпешыў хады. Вядома, байцу што, мабыць, байца за адступленьне пад трыбунал не аддадуць, аддадуць камандзіраў і яго, палітрука. Хоць больш, чым ад камандзіраў, той загад залежаў усё ж ад байцоў: пабягуць у горкі час ці выстаяць? Калі пабягуць, не стрываўшы, тады, пішы, усё прапала. Паспрабуй, утрымай іх сярод гэтага прагорклага ад палыну стэпу, — невясёла разважаў палітрук.

Усё ж яны дабрылі ў начной цемрадзі да станіцы і за полем сланечніку ў садку ня так убачылі, як адчулі ціхае варушэньне мноства людзей. Палітрук, пытаючыся ў начных сустрэчных, знайшоў у суседняй хатцы камандзіра гэтай маршавай роты, гаваркога малодшага лейтэнанта, які тут жа растлумачыў, што мае загад усю роту перадаць у ягоны, палітрукоў, стралковы полк. Каламіец пацікавіўся, які то народ, і малодшы лейтэнант патлумачыў, што ўсе з запаснога палка, які фармаваўся на Саратаўшчыне, усе нядаўнія запасьнікі. Моладзі мала, болей людзей сталага веку. У запасным павучыліся месяц-другі, атрымалі вінтоўкі і — на фронт. Балазе, цяпер недалёка, фронт прыкаціўся пад самыя сьцены саратаўскіх сёлаў, так што…