Выбрать главу

Так што з гэтымі во дзядзькамі, што абселі садок і падворак і ціха, з затоенай увагай, пакурвалі свае самакруткі, і трэба ісьці ў полк, абараняць разьезд. Заўтра ён будзе перамагаць ці паміраць — ваяваць, ня маючы права адступіць і на сотню мэтраў, як сказаў учора даручэнец камдыва, і як патрабуе сталінскі загад. Добра яшчэ, калі немцы ня пусьцяць танкі. Хоць і ўчарашняй бамбёжкі, мабыць, хопіць для гэтых неабстраляных вясковых дзядзькоў. Сам палітрук пад вечар, калі паўтара дзясятка «хейнкеляў» з уключанымі сырэнамі амаль коламі дратавалі разьезд, думаў, звар'яцее ад таго катаваньня грымотай. А як ім? Ды ўпершыню?..

Ён атрымаў пяцьдзясят шэсьць чалавек, як-колечы выстраіў іх — кожнага з ладным сідарам за сьпіной, з шынэльнаю скаткай цераз плячо, — і павёў у стэп. Трохі адышоўшыся ад станічнай ваколіцы, прыпыніў усіх ля цёмнай сьцяны сланечніку. Да сьвітанку яшчэ заставалася якіх пару гадзін, разьезд быў недалёка. Мусіць, самы раз было правесьці палітбяседу наконт загаду — растлумачыць, пагаманіць, заклікаць, без чаго не абыходзілася ніводная прыёмка на фронце. Такі на вайне быў найпершы палітрукоў абавязак, і Каламіец стараўся выконваць яго сумленна.

Іншая справа, як тут гаварыць, якімі карыстацца словамі, каб дайсьці да салдацкага сэрца, калі вораг побач, часу ў абрэз, а зброя… Ці хоць дакапаліся там да вады, — з трывогай падумаў палітрук. А то заўтра застануцца без кулямётаў, і тады ніякі загад не паможа. Нават сталінскі.

— Сядай усе, — сказаў палітрук. — I бліжэй да мяне… Чулі пра новы загад таварыша Сталіна?

— Чулі… Казалі, — глухавата азваліся некалькі галасоў сьпераду. Байцы старанна і зморана рассаджваліся ў ссохлым стэпавым быльнягу. Палітрук трохі счакаў, калі сьціхне наўкола шорхат, і пачаў сьцішана, па магчымасьці пранікнёна, каб лавілі кожнае яго слова.

— Таварышы, каварны вораг ужо ў сэрцы нашай радзімы, і таварыш Сталін загадаў: ні кроку назад, і мы павінны памерці, каб гэты загад выканаць, далей шляху для нас няма…

Ён яшчэ гаварыў, стараючыся як мага больш сардэчна і проста, але штосьці атрымлівалася ўсё ня так, як хацелася. I ён быў незадаволены сваімі словамі, якія здаваліся цяпер ня тымі і не такімі. А як змоўк, пачакаў трохі, перш чым пачаць зноў. I тады пачуў сьцішаны, нейкі далёкі ад ягоных памкненьняў голас кагосьці з задніх у гэтай сацьмелай купцы людзей:

— А сьняданак будзе, таварыш палітрук?

— Сьняданак будзе, будзе сьняданак, таварышы. У нас, ведаеце, выйшла няўпраўка з вадой, заваліла калодзеж…

— Гэтак? — сказаў хтось паблізу зь недаверам ці нават са спачуваньнем — так і не зразумеў палітрук.

— Ведаеце, на фронце баі, усё здараецца. Коней пабіла, пабіла бомбаю, дык вось, ведаеце… Але мы, байцы Чырвонае Арміі, паводле прысягі павінны стойка пераносіць усе нягоды вайсковай справы і перамагчы. Мы і пераможам! Мы выстаім, таварышы, і выканаем загад таварыша Сталіна, пераможам Гітлера і даможамся лепшага жыцьця… Добрае жыцьцё настане, — казаў ён, аднак, трацячы звыклы працяг размовы, і раптам сказаў пра іншае: — I калгасаў ня будзе. Таварыш Сталін распусьціць калгасы, каб жылі, як раней. Як пры Леніне, — раптам нечакана для сябе скончыў палітрук і аж унутрана закалаціўся ад уласнай нязвыклай рашучасьці. Людзі перад ім неяк дзіўнавата прыціхлі ў змроку, бы насьцярожыліся. Ніхто не сказаў нічога, не папытаўся, не запярэчыў, але, здаецца, нібы ўзбадзёрыліся, бы ачнуліся душою ў сваёй даўняй звыклай паныласьці. I ён таксама падобна ўзбадзёрыўся.

— Ня будзе калгасаў, я вам кажу, будзе інакшае жыцьцё, толькі нам выстаяць цяпер, як патрабуе таварыш Сталін: ні кроку назад!

Вымавіўшы тое, палітрук Каламіец адчуў, што сказаў усё. Выклаў усе свае красамоўныя прапагандавыя козыры. Фальшывыя, праўда, сам разумеў, але і самыя патрэбныя. Больш і лепшых козыраў у яго ўжо не было. I ён сам гатовы быў у іх паверыць. Мабыць, павінна быць так. Бо як інакш? Астатняе ўжо залежала не ад яго — залежала ад ворага, франтавых абставінаў, гэтых во змораных саратаўскіх дзядзькоў, якія нядаўна яшчэ, перад вайной, перажылі — ня дай Бог нікому. У шпіталі адзін камандзір паціху расказваў, як у трыццатыя на Саратаўшчыне выміралі калгасныя вёскі. Бывала, елі чалавечыну, такі лютаваў голад. Помнячы такое, наўрад ці выстаіш і выканаеш загад. Нават самога госпада Бога.