«Кацюша»
Абстрэл цягнуўся ўсю ноч — то крыху слабеючы, нават прыпыняючыся, то разгараючыся з новаю сілай. Білі найбольш мінамёты. Іхныя міны з прарэзьлівым віскам рэзалі паветра ў самым зэніце, віскат набіраў сілу — і неўзабаве абрываўся рэзкім аглушальным выбухам. Праўда, білі болей у тыл, па недалёкай вёсцы, туды ішло цераз неба страхавітае міннае скуголеньне, і там пыхалі бліскавіцы выбухаў. Тут, на дзірваністым пагорачку, дзе зьвечара акапаліся аўтаматчыкі, было трохі зацішней. Але гэта, мабыць, таму, — думаў памкамузвода Мацюхін, — што аўтаматчыкі занялі гэты бугор, лічы, у прыцемку, немцы тут іх, мабыць, яшчэ ня згледзелі. Але згледзяць, вочы ў іх відушчыя, оптыка таксама зоркая. Да паўночы ён хадзіў ад аднаго аўтаматчыка да другога — прымушаў акопвацца. Тыя, аднак, ня дужа налягалі на свае лапаткі, забегаліся за дзень і цяпер, наставіўшы каўняры шынялёў, болей ладкаваліся кімарнуць. Але, мусіць, адбегаліся. Наступленьне, здаецца, выдыхалася, за ўчарашні дзень узялі толькі вунь тое дашчэнту разьбітае, спаленае сяло і на гэтым бугры заселі. I нават начальства перастала падганяць: за ноч да іх ніхто не зьявіўся — ні са штабу, ні з палітаддзелу, таксама, мабыць, уходаліся за тыдзень, наступаючы. А галоўнае — выдыхлася артылерыя: ці куды перакінулі, ці забракавала снарадаў. Учора пастралялі крыху палкавыя мінамёты і сьціхлі. У восеньскім полі і захмараным небе адно віскаталі і з трэскам ахалі нямецкія міны, здаля, ад ляска, джагалі іхныя кулямёты, з участка суседняга батальёна ім часам адказвалі нашыя «максімы». Аўтаматчыкі ж пераважна маўчалі. Па-першае, было далекавата, а па-другое, бераглі патроны, якіх таксама засталося ня Бог ведае колькі. У самых гарачых — па адным дыску на аўтамат. Памкамузвода думаў, падвязуць ноччу, ды не падвезьлі, мусіць, адсталі, заблукаліся ці перапіліся тыя тылы, так што ўся спадзёўка цяпер на саміх сябе. Таму, што будзе заўтра — аднаму Богу вядома. Раптам папрэ немец, што тады рабіць? Па-сувораўску адбівацца штыхом ды прыкладам? Але дзе той штых у аўтаматчыкаў, ды й прыклад надта кароткі.
Не зважаючы на восеньскую сьцюжу, пад ранак кімарнуў у сваёй ямцы-акопчыку і памкамузвода Мацюхін. Не хацеў, а во не стрываў. Пасьля таго, як лейтэнанта Клімоўскага аднесьлі ў тыл, ён цяпер камандаваў узводам. Лейтэнанту здорава не пашанцавала: асколак нямецкае міны добра-такі крамзануў яго ўпоперак жывата, выпалі кішкі, невядома, ці ўратуюць лейтэнанта і ў шпіталі. Летась Мацюхін быў паранены ў жывот, але не асколкам — куляй, таксама натрываўся болю і страху, але неяк выкараскаўся ад кашчавай. Тады яму ўвогуле пашэнціла, бо параніла побач з дарогай, па якой якраз ішлі парожнія машыны. Яго ўвалілі ў кодаб, і праз гадзіну ён быў ужо ў санбаце. А калі вось так, з вываленымі кішкамі, цягнуць цераз поле, штораз падаючы пад выбухамі…
Таму Мацюхіну трывожна і клопатна, усё трэба дагледзець самому, камандаваць узводам і бегаць па выкліках да начальства, дакладваць, апраўдвацца і слухаць нэрвовыя начальніцкія мацюгі. I, тым ня менш, стома перамагла неспакой і ўсе ягоныя клопаты, старэйшы сяржант задрамаў пад віскат і выбухі мінаў. Добра, побач ужо акапаўся малады ўвішны аўтаматчык Казыра, памкамузвода загадаў яму назіраць і слухаць, спаць — ні-ні, ні ў якім разе — іначай бяда. Немцы таксама спрытныя ня толькі ўдзень, але і ўначы. За два гады вайны Мацюхін нагледзеўся рознага.
Неўпрыцям заснуўшы, Мацюхін адчуў сябе нібыта дома, быццам ён задрамаў на прызьбе ў нейкай дзіўнай зьнямозе; можа, п'яны, і быццам суседзкая сьвіньня сваім сьцюдзёным лычом тыкаецца ў ягонае плячо — ці ня хоча схапіць за яго зубамі. Ад непрыемнасьці памкамузвода прачнуўся і адразу адчуў, што за плячо яго сапраўды хтось тузае — будзіць, ці што.
— Што такое?
— Гляньце, таварыш памкамузвод!..
У шэрым сьвітальным небе над акопчыкам хілілася танклявая постаць Казыры, які ўзіраўся, аднак, ня ў бок немцаў, а ў тыл, яўна там чымсь зацікаўлены. Трываючы ранішнюю дрыжаку ў целе, Мацюхін прыўстаў на каленях і згледзеў непадалёк цёмны грувасткі абрыс аўтамабіля з коса настырчаным верхам; там жа ціха і стрымана варушыліся людзі.
— «Кацюша»?..
Мацюхін усё зразумеў і ціха, сам сабе вылаяўся. То рыхтавалася да залпу рэактыўная «кацюша». I адкуль яе прынесла сюды? I чаму менавіта сюды, на гэты бугор, да ягоных аўтаматчыкаў?
— От цяпер зададуць немчуры! От зададуць! — радаваўся Казыра.
Іншыя байцы з бліжніх ямак-акопчыкаў таксама, відаць, заінтрыгаваныя нечаканым начным суседзтвам, павылазілі на паверхню. Усе зь цікавасьцю сачылі, як ля аўтамабіля стрымана варушыліся артылерысты, карпатліва ладзячы свой знакаміты залп. «Чорт бы іх узяў зь іх залпам!» — нэрваваўся памкамузвода, які ўжо ведаў кошт гэтых залпаў. Карысьць, хто ведае якая, за полем у тым ляску ня многа пабачыш, а клопату, глядзі, наробяць…