Выбрать главу

Між тым над полем і ляском, што ўжо зачарнеўся наперадзе, патроху пачало сьвітаць. Праясьнела хмарнае неба ўгары, дзьмуў сьвежаваты вецер, відавочна зьбіралася на дождж. Памкамузвода ведаў, што калі папрацуюць «кацюшы», дык абавязкова пасыпле дождж. Урэшце там, ля машыны, мітусьня нібы прыціхла, усё, здаецца, замерла, некалькі чалавек адбегліся далей, за машыну, данесьліся глухаватыя словы нейкай артылерыйскай каманды. I раптам над галовамі ў паветры рэзка віскнула, загуло, засквірчэла, агняныя хвасты ўдарылі ў зямлю за машынай, цераз галовы аўтаматчыкаў пырхнулі і зьніклі ракеты. Воблака пылу і дыму, закруціўшыся ў белай віхуры, ахутала «кацюшу», частку акопчыкаў і пачало расплывацца па схіле пагорка. Яшчэ ня сьціх гул у вушах, як там ужо закамандавалі — на гэты раз гучна, ня тоячыся, са злоснай рашучасьцю, да машыны кінуліся людзі, хутка паўскоквалі на яе падножкі, і во яна праз рэшту ўзьнятага залпам пылу пасунулася з пагорка ўніз да сяла. У той час наперадзе за полем і ляском грымотна загрукала — чарада раскацістага працяглага рэха данеслася з далечыні.

— О, даець, о даець немчуры праклятай! — зьзяў маладым курносым тварам аўтаматчык Казыра. Іншыя таксама, павылазіўшы наверх ці пастаўшы ў акопчыках, з захапленьнем узіраліся ў незвычайнае відовішча за полем, поўныя стрымана-страхавітай салдацкай радасьці. Адзін толькі памкамузвода Мацюхін, бы скамянелы, стаяў на каленях у неглыбокім акопчыку і, як толькі за полем абарваліся глухія выбухі, закрычаў, што было моцы:

— Ва ўкрыцьцё! Ва ўкрыцьцё, такую вашу матары! Казыра, ты што…

Ён аж ускочыў на ногі, каб вылезьці з акопчыка ды пазаганяць аўтаматчыкаў у іхныя схованкі. Ды не пасьпеў. Дзесь там, за ляском, шчоўкнуў адзіночны выбух ці стрэл, і ў небе рознагалоса завыла, заскуголіла… Ураз, адчуўшы небясьпеку, аўтаматчыкі, бы гарох па стале, сыпанулі ў свае акопчыкі. I неба закалацілася, завыла, загрукацела… Першы залп нямецкіх шасьціствольных мінамётаў лёг трохі зь пералётам, бліжэй да сяла, другі — бліжэй да пагорка, а затым усё навокал перамяшалася ў суцэльным месіве выбухаў. Адныя рваліся бліжэй, іншыя далей, увесь пагорак ператварыўся ў дымна-агняны вулкан, які ўвішна таўклі, капалі, пералапачвалі нямецкія міны. Так цягнулася доўга, здавалася, бясконца доўга. Аглушаны, засыпаны зямлёй, Мацюхін курчыўся ў сваім акопчыку, з жахам чакаючы, калі… Калі ж… Але тое «калі» ўсё не наставала, а выбухі таўклі, калацілі зямлю, якая, здаецца, трэскалася, разломвалася на ўсю глыб, гінучы сама і цягнучы за сабой пагібель на ўсё астатняе.

Але во неяк пакрысе ацішэла…

Мацюхін засьцярожліва выглянуў — сьпярша наперад у поле: ці не ідуць? Не, адтуль, здаецца, яшчэ не ішлі. Затым ён зірнуў убок, на колішні ланцужок узводу аўтаматчыкаў, і ня ўбачыў яго. Увесь пагорак зеўраў ямінамі-варонкамі, быў завалены гліністымі выварацінамі, глыжы і зямля засыпалі ўсё навакольле, трава зьнікла зусім. Непадалёк пляската распласталася доўгая постаць Казыры, які не пасьпеў дабегчы да свайго акопчыка. Галава і верхняя частка ягонага цела былі засыпаныя зямлёй, ногі таксама, толькі на абцасах не стаптаных яшчэ чаравікаў паблісквалі высьлізганыя мэталёвыя касячкі.

Як яшчэ пацішэла і ветрам пачало зганяць у бакі высока ўзьняты пыл, Мацюхін вылез з акопчыка і пайшоў па пагорку. Трэба было палічыць, што ў яго засталося ад учарашняга ўзвода аўтаматчыкаў…

Палкаводзец

Як вядома, кепская навіна ня ходзіць адна, за ёй бяжыць другая. Гэтая другая дагнала Палкаводца па дарозе ў гаспадарку Мельнікава. У таго Мельнікава не заладзілася з самага пачатку, палкі не маглі адарвацца ад дняпроўскага берагу, суседзі здорава выскачылі наперад, на правым флангу ўзялі горад, за які ўчора Палкаводца віншаваў Галоўнакамандуючы. Але толькі Палкаводзец выехаў зь сяла, як з КП па рацыі перадалі: на правым флангу няўстойка, немцы контратакавалі буйнымі сіламі, адкінулі пяхоту за рэчку. Палкаводзец паўзіраўся ў карту і загадаў паварочваць на ракадную дарогу — ехаць на правы фланг. Учуўшы новы загад, два ягоныя ад'ютанты, маладыя статныя палкоўнікі, перадалі яго сыгналамі астатнім машынам — бронетранспарцёру з аховай і крытай бартавой з трыбуналам, якія заўжды суправаджалі Палкаводца. Уся невялічкая калёна пачала таропка разварочвацца на разьбітым, цесным і гразкім прасёлку. У «вілісе» ўсе маўчалі. Маўчаў, сьцяўшы квадратныя сківіцы, Палкаводзец, маўчалі ад'ютанты, прадчуваючы, што іх чакае. Ня выключана, што Палкаводзец хутка ўскочыць у самае пекла і жалезнай рукой… У ягонай жалезнай руцэ яны ўжо мелі магчымасьць пераканацца…